Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская прэзэнтацыя кнігі «Жыцьцё пасьля раку»


Прэзэнтацыя кнігі «Жыцьцё пасьля раку» сабрала поўную залю. На ёй прысутнічалі каля трохсот чалавек. Сярод іх — героі кнігі, былыя пацыенты анкалягічных цэнтраў, якія дакладна ведаюць, што рак — гэта ня вырак. А таксама іх блізкія, лекары, псіхолягі ды проста ахвотныя пачуць гісторыі тых, хто змог вылекавацца.

Прэзэнтавала кнігу аўтарка ідэі і ўкладальніца Ганна Соўсь. Ва ўступным слове журналістка падкрэсьліла, што такой кнігі яшчэ не было:

«Упершыню выйшла такая кніга, якая дае надзею. У ёй гісторыі 22 асобаў, якія пачулі свой дыягназ, але не ўспрынялі яго як прысуд. Кожны меў свой спосаб, як перамагчы хваробу — гэта і вера, і музыка ці спорт, але самае галоўнае, што яны распавялі нам пра свой досьвед, а для гэтага таксама патрэбная сьмеласьць».

Першаю падзялілася сваім досьведам Ганна Маслоўская-Анісенка, якая 9 гадоў таму трапіла ў шпіталь з анкалёгіяй. Ганна, або Доктар Нюша — а так найчасьцей яе завуць маленькія пацыенты лякарні ў Бараўлянах — правяла для прысутных сэанс добрага настрою. Жанчына адзначыла, што менавіта Доктар Нюша дапамагла ёй 9 гадоў таму. І ня толькі ёй:

«Дарослыя дзяўчынкі ў палаце хапаліся за свае сьвежыя шнары пасьля апэрацыі і казалі, каб я перастала іх сьмяшыць, бо яны разыдуцца. Цяпер, калі я прыходжу ў палату да хворых дзяцей, падлеткаў, я размаўляю зь імі на іх мове. Я ім паказваю свае сьляды пасьля апэрацыі, і яны мяне разумеюць і вераць мне».

На сёньняшнюю прэзэнтацыю Ганна прыйшла са сваёй дачкой і сынам, якога яна нарадзіла пасьля таго, як перамагла свой дыягназ.

Наступная выступоўца Ірына Жыхар, якая таксама стала гераіняй кнігі, чула свой дыягназ ажно двойчы. Таму Ірына вельмі добра ведае, як хворым патрэбная падтрымка і разуменьне. Жанчына тры гады таму пачала ствараць такія групы падтрымкі для хворых на рак. Цяпер спадарыня Жыхар зарэгістравала сацыяльна-асьветніцкую ўстанову «Цэнтар падтрымкі анкалягічных пацыентаў „У імя жыцьця“». Жанчына асабліва падкрэсльліла, як важна цаніць справу дактароў:

«Размова пра анкалягічную хваробу распачынаецца з аповеду пра сябе, а таксама тых, хто даў шанец на гэтае жыцьцё — дактароў. Бо перамога над гэтай хваробай — гэта супольная праца, без паразуменьня з доктарам яна немагчымая. Я вельмі ўдзячная творчаму калектыву Радыё Свабода, які заняўся гэтай справай. Бо ёсьць шмат пацыентаў, якія не ўсьведамляюць, што ім патрэбная дапамога. Журналісты Радыё Свабода вельмі ўважліва і чула ставіліся да нашых аповедаў. Яны сапраўды слухалі нас, а гэта для нас было вельмі важна».
Адзін з прысутных на імпрэзе гасьцей сутыкаецца з гэтай хваробай штодня. Павел Маісееў кіруе аддзелам супрацьракавай барацьбы Рэспубліканскага цэнтру анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі. Падчас прэзэнтацыі ён падкрэсьліў, што лічыць цудам тое, што праект адбыўся:

«У грамадзтве існуе перакананьне, што людзі пасьля раку не жывуць. Калі зьявіліся публікацыі на Радыё Свабода і некаторыя сайты іх перадрукавалі, я прачытаў камэнтары і асабліва адзін добра запомніў. Нехта напісаў, што ніколі ня бачыў, каб хтосьці вылекаваўся ад раку. Гэта прыкра, што чалавек не прачытаў ніводнай гісторыі, а іх у кнізе ажно 22, а ўпэўнены, што нельга вылекавацца. У гэтым нашая агульная бяда».

Фрагмэнты відэатрансляцыі менскай прэзэнтацыі

Іншая гераіня кнігі Сьвятлана Бергер апавяла пра вялікую салідарнасьць і дапамогу, якую атрымала ад зусім не знаёмых людзей, якія зьбіралі грошы ёй на лекі.

Паводле Сьвятланы, найважнейшае — выздаравець і прыняць тое, што адбылося. На заканчэньне спадарыня Бергер прачытала верш — «Малітву» Марка Шагала ў перакладзе Рыгора Барадуліна.

Прысутны на імпрэзе Сяржук Бахун, які гэтаксама стаў героем кнігі, апавёў, што падчас лекаваньня сустрэў сваё каханьне. І менавіта для яго варта жыць, лічыць Сяржук, як і дзеля Беларусі, за якую трэба змагацца.

Тамара Вашкевіч, псыхоляг у Бараўлянах, адсочвае лёсы людзей, якія вылечыліся. Жанчына падзялілася сваім досьведам працы з хворымі на рак дзецьмі:

«Калі я ў 1997 годзе прыходзіла ў палату да хворых дзяцей, казала, што я псыхоляг, іх мамы адварочваліся і адказвалі, што ў іх дзяцей усё добра. Даводзілася тлумачыць, хто я. Праз паўгоду яны ішлі ўжо самі, скіраваныя не дактарамі, а суседкамі з палаты. Я працытую словы 12-гадовага хлопчыка, які сказаў пра шпіталь для хворых на анкалёгію: „У нас тут іншае вымярэньне“. І пра гэта трэба памятаць, калі мы маем дачыненьне з тымі, хто мае такі дыягназ».

Прэзэнтацыя кнігі «Жыцьцё пасьля раку» скончылася выступамі гуртоў Rahis, Navi, Recha.

Поўны запіс жывой трансьляцыі з імпрэзы

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG