Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: Расея рыхтуецца да непазьбежнага наступу на ўсходзе Ўкраіны


Украінскі горад Салядар (Данецкая вобласьць) пасьля расейскага абтрэлу, 11 студзеня 2023 году
Украінскі горад Салядар (Данецкая вобласьць) пасьля расейскага абтрэлу, 11 студзеня 2023 году

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што наступ расейскіх войскаў у Луганскай і Данецкай абласьцях зьяўляецца найбольш імаверным сцэнаром баявых дзеяньняў у наступныя месяцы.

«Заходнія, украінскія і расейскія крыніцы працягваюць сьведчыць, што Расея рыхтуецца да непазьбежнага наступу, пацьвярджаючы ацэнку ISW, што наступ у найбліжэйшыя месяцы зьяўляецца найбольш імаверным разьвіцьцём сцэнару вайны», — адзначаецца ў справаздачы ISW.

Такімі паказьнікамі падрыхтоўкі да наступу экспэрты назвалі заяву генэральнага сакратара NATO Енса Столтэнбэрга аб павелічэньні ў Расеі вытворчасьці боепрыпасаў і зброі, а таксама інтэнсыфікацыі партнэрскіх дачыненьняў з такімі аўтарытарнымі дзяржавамі, як Іран і Паўночная Карэя. Украінскія вайскоўцы зафіксавалі ўзмацненьне групоўкі расейскіх войскаў на Данбасе.

Паводле экспэртаў ISW, гэта інфармацыя пацьвярджае іхны папярэдні прагноз аб тым, што расейскія войскі ствараюць умовы для пачатку наступальных дзеяньняў, імаверна, у Луганскай вобласьці, у наступныя месяцы.

Аб намерах наступу гавораць і брытанскія выведнікі, якія зьвярнулі ўвагу на тое, што Расея за апошнія тры дні памяняла свае выведныя атакі на больш узгоднены штурм Вуглядару і Паўлаўкі (Данецкая вобласьць).

«Гэтыя населеныя пункты знаходзяцца за 50 кілямэтраў на паўднёвы захад ад горада Данецку, і Расея раней выкарыстала 155-ю марскую пяхотную брыгаду ў няўдалым штурме гэтага ж раёну ў лістападзе 2022 году. Падразьдзелы 155-й брыгады зноў удзельнічаюць у складзе сіл, якія, імаверна, прасунуліся на некалькі сотняў мэтраў за невялікую раку Кашлагач, па якой некалькі месяцаў праходзіла лінія фронту», — адзначылі ў выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі.

Паводле брытанскіх выведнікаў, расейскія камандзіры, імаверна, маюць намер наступаць па новым кірунку ў Данецкай вобласьці, які кантралююць украінскія сілы. Такім чынам, мяркуюць у вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі, расейцы хочуць прымусіць украінскае войска адцягнуць свае сілы з бахмуцкага кірунку.

«Існуе рэальная імавернасьць таго, што Расея працягне дасягаць некаторых посьпехаў у гэтым сэктары. Тым ня менш, малаімаверна, што Расея мае ў гэтым раёне дастатковую колькасьць незадзейнічаных войскаў для дасягненьня значнага ў апэратыўным пляне прарыву», — перакананыя ў брытанскай выведцы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG