Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Politico: краіны NATO абмяркоўваюць пастаўкі самалётаў-зьнішчальнікаў Украіне


 Зьнішчальнікі F-16
Зьнішчальнікі F-16

Пасьля адпраўкі амэрыканскіх і нямецкіх танкаў ва Ўкраіну краіны NATO абмяркоўваюць пастаўкі Кіеву зьнішчальнікаў, нягледзячы на асьцярогі адносна магчымай эскаляцыі канфлікту.

Пра гэта піша Politico са спасылкай на вайсковых чыноўнікаў і дыпляматаў.

Паводле словаў аднаго з суразмоўцаў выданьня, раней Вашынгтон заяўляў Кіеву, што зараз пастаўкі вайсковых самалётаў немагчымыя: «Гэта чырвоная лінія». Але яна мяняецца. Улетку так было з HIMARS, якія Кіеў у выніку атрымаў. Затым тое ж адбылося з пастаўкамі танкаў, зазначыў ён.

Аднак пытаньне аб адпраўцы зьнішчальнікаў, піша выданьне, будзе яшчэ больш спрэчным, чым пастаўка Кіеву танкаў заходняга ўзору, піша Politico.

Пакуль пра гатоўнасьць перадаць Украіне свае зьнішчальнікі F-16 казалі толькі Нідэрлянды. На мінулым тыдні міністар замежных спраў краіны Вопке Хукстра заявіў у парлямэнце, што ягоны кабінэт разгледзіць магчымасьць пастаўкі зьнішчальнікаў, калі Кіеў зьвернецца з такой просьбай.

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц напярэдадні выключыў пастаўкі зьнішчальнікаў Кіеву, спаслаўшыся на неабходнасьць не дапусьціць далейшай эскаляцыі канфлікту.

Той жа пазыцыі прытрымліваецца і Вашынгтон. Раней у ЗША заявілі, што пастаўка самалётаў «пакуль выключаная».

Акрамя таго, на думку экспэртаў, Украіне не зусім пасуюць самыя масавыя зьнішчальнікі NATO — F-16 і F-15 з прычыны высокіх патрабаваньняў да абслугоўваньня і асабліва аэрадромаў, рэканструкцыю якіх ва Ўкраіне будзе лёгка адсачыць расейскай выведцы і нанесьці па іх удар. Лепш пасуюць швэдзкія «Грынпэны». Аднак міністар абароны Швэцыі Пол Ёнсан заявіў Politico, што ў Швэцыі «няма неадкладных плянаў па адпраўцы „Грынпэнаў“ ва Ўкраіну».

Паводле словаў суразмоўцаў выданьня, на наступным пасяджэньні кантактнай групы ў справе вайсковай дапамогі Ўкраіне на базе Рамштайн у Нямечыне ня будзе прынятае прынцыповае рашэньне па пастаўках баявой авіяцыі Кіеву. Некаторыя афіцыйныя асобы лічаць, што сустрэча будзе прысьвечаная распрацоўцы пляну дзеяньняў у надзвычайных сытуацыях, калі Ўкраіне могуць тэрмінова спатрэбіцца зьнішчальнікі.

  • Пасьля расейскага ўварваньня ў лютым Украіна страціла амаль усю сваю баявую авіяцыю. Незалежны праект Oryx зафіксаваў зьнішчэньне 55 украінскіх самалётаў і 25 верталётаў. Аднак у іх справаздачы трапляе толькі тэхніка, зьнішчэньне або захоп якой зафіксаваныя на фатаграфіях ці відэа.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG