Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШЫЗА, ПКТ, «крытая» турма і плёткі пра «нізкі статус». Як рэжым помсьціць Сяргею Ціханоўскаму і ягонаму атачэньню


Сяргей Ціханоўскі. Травень 2020 году.
Сяргей Ціханоўскі. Травень 2020 году.

16 студзеня Сьледчы камітэт паведаміў, што палітзьняволенага Сяргея Ціханоўскага зноў будуць судзіць. Гэтым разам яго абвінавацілі ў «злачынстве супраць правасудзьдзя». Па заканадаўстве гэта «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі» (частка 2 артыкула 411 Крымінальнага кодэксу).

Свабода паглядзела — як рэжым помсьціць Сяргею Ціханоўскаму і ягонаму атачэньню.

Сяргей Ціханоўскі. СІЗА, ШЫЗА, «крытая» турма і новы тэрмін

Сяргей Ціханоўскі
Сяргей Ціханоўскі

Сяргей Ціханоўскі ў 2020 годзе быў папулярным блогерам, стваральнікам праекту «Страна для жизни». Ягоныя сюжэты на youtube-канале мелі сотні тысяч праглядаў. Ён езьдзіў па краіне і выкрываў нядбальства чыноўнікаў, запісваў гутаркі зь людзьмі. У траўні 2020 году Сяргей заявіў пра прэзыдэнцкія амбіцыі. 29 траўня 2020 году яго затрымалі ў выніку правакацыі на пікеце ў Горадні. З таго часу ён у зьняволеньні.

Сяргей сядзеў у сталічным СІЗА на Валадарскага. Затым — у турме ў Жодзінt, СІЗА ў Гомлі. Са жніўня 2020 году ён знаходзіцца ў розных турмах у адзіночнай камэры. І ў СІЗА на Валадарскага, і ў Жодзіне, і ў Гомлі ён неаднаразова трапляў у штрафны ізалятар (ШЫЗА) за «парушэньні» — прыкладам, за тое, што быў няголены ці што ў камэры было павуціньне.

Ціханоўскага абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальваньні варожасьці, перашкодзе працы Цэнтральнай выбарчай камісіі. На судзе 14 сьнежня 2021 году ён атрымаў 18 гадоў зьняволеньня. Пасьля прысуду Ціханоўскаму перасталі перадаваць лісты ад сяброў і знаёмых. І нават ад жонкі, лідэркі дэмакратычнай Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай. Перапіску ён мае толькі зь дзецьмі.

У чэрвені 2022 году КДБ унёс Ціханоўскага ў сьпіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

У жніўні 2022 году судзьдзя Кастрычніцкага раёну Магілёва Жанна Пушкіна пастанавіла ўзмацніць рэжым і перавесьці палітвязьня ў турму на тры гады.

«Крытая турма» — гэта ўтрыманьне 24/7 у камэры, мінімальныя, ад 10 да 20 хвілін, прагулкі, немагчымасьць атрымліваць лісты, бандэролі, пасылкі ці мінімум іх, «атаварка» на 1–2 базавыя велічыні ў месяц, адсутнасьць спатканьняў ().

Нават у «крытай» турме Ціханоўскага не пакінулі ў спакоі: ён два месяцы, са жніўня 2022 году, утрымліваўся ў ШЫЗА.

Апроч шматлікіх пакараньняў, улады стваралі вакол Ціханоўскага нэгатыўны фон. Суразмоўца «Нашай Нівы», які адбываў пакараньне ў адной зь беларускіх калёній, паведаміў, што сярод асуджаных распаўсюджваліся плёткі, што Ціханоўскі можа належыць да «асоб зь нізкім сацыяльным статусам». «Гэта была чыстая дэзынфармацыя, якая распаўсюджваецца для таго, каб чалавека максымальна дыстанцыяваць ад іншых зьняволеных», — казаў былы вязень.

Апэратар праекту «Страна для жизни» Арцём Сакаў. Зьдзекі, ціск, падарванае здароўе

Арцём Сакаў. Архіўнае фота
Арцём Сакаў. Архіўнае фота

Арцём Сакаў працаваў апэратарам у праекце Сяргея Ціханоўскага «Страна для жизни». Арцёма затрымалі 31 траўня ў Горадні. Яго судзілі разам зь Ціханоўскім, па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Суд пакараў палітзьняволенага 16 гадамі ўзмоцненага рэжыму.

Арцём Сакаў адбываў пакараньне ў шклоўскай калёніі № 17. У жніўні 2022 году, калі Ціханоўскага пасадзілі ў ШЫЗА на два месяцы, Арцёма зьмясьцілі на чатыры месяцы ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). «Арцём зазнаваў найбольшы прэсінг і зьдзекі з боку адміністрацыі калёніі. Мы нават не маглі пагутарыць зь ім, падтрымаць. Адміністрацыя трымала яго ў максымальнай ізаляцыі ад іншых вязьняў. Яму было вельмі цяжка ў калёніі. Потым яго перавялі на „крытую“ турму», — расказаў Свабодзе былы вязень шклоўскай калёніі.

Яшчэ адзін былы зьняволены, Віктар Пархімчык, выказаў меркаваньне, што «асабліва моцна прэсуюць у калёніях тых, хто быў у атачэньні Сяргея Ціханоўскага». «Тут асабістая крыўда аднаго чалавека на Ціханоўскага і ягонае атачэньне. Таму людзей прэсуюць, пераводзяць у „крытую“ турму. Ім так помсьцяць», — казаў былы вязень.

9 лістапада 2022 году ў судзе Шклоўскага раёну разгледзелі справу аб узмацненьні рэжыму для палітвязьня. Паводле рашэньня суду Арцёма Сакава перавялі на турэмны рэжым у магілёўскую турму № 4. Як стала вядома Свабодзе, у «крытай» турме ціск на Сакава працягваецца. Вядома, што ён моцна хварэе, і належная мэдычная дапамога яму не аказваецца.

Тацяна Канеўская. ШЫЗА, ПКТ, «крытая турма»

Тацяна Канеўская
Тацяна Канеўская

У ліпені 2021 году Аляксандр Лукашэнка заяўляў: «З жанчынамі не ваюю!» Але пасьля выбараў 2020 году сотні беларускіх жанчын трапілі ў турму, тысячы — зазналі адміністрацыйны перасьлед.

Сярод тых, хто цярпіць цяпер зьдзекі і катаваньні ў турме, — жыхарка Гомля, адна зь лідэрак кампаніі «Маці 328» Тацяна Канеўская.

У 2019 годзе яна балятавалася ў парлямэнт. На той момант Сяргей Ціханоўскі дапамагаў ёй на выбарах, быў назіральнікам на адным з участкаў у акрузе, дзе балятавалася Канеўская.

У 2020 годзе Тацяна далучылася да каманды Сяргея Ціханоўскага. Калі яго пасадзілі, яна была даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай. Тацяна зьбірала подпісы за Ціханоўскую, праводзіла агітацыю ў Гомельскай вобласьці. Яшчэ да выбараў яе затрымалі.

Тацяну разам з гомельскімі актывістамі «Страны для жизни» Юрыем Уласавым, Дзьмітрыем Івашковым і Аляксандрам Шабаліным абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і «захопе будынкаў», хоць на момант выбараў і «беспарадкаў», якія былі пасьля іх, яны былі ў зьняволеньні.

4 траўня 2021 году Тацяна Канеўская, Дзьмітрый Івашкоў і Аляксандар Шабалін былі пакараныя зьняволеньнем на шэсьць гадоў, Юры Ўласаў — на шэсьць з паловай гадоў. Тацяна трапіла адбываць пакараньне ў гомельскую жаночую калёнію. Яе неаднаразова зьмяшчалі ў ШЫЗА, там яна правяла каля месяца, што моцна падарвала яе здароўе. Затым яе зьмясьцілі ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу) на тры месяцы.

Пазьней Тацяну перавялі ў «крытую» турму ў Магілёў. Там яе трымаюць у адзіночнай камэры. Яна пазбаўлена спатканьняў, перадач, ліставаньня.

Пра Тацяну і зьдзекі зь яе стала вядома ў тым ліку ад іншых беларусак, якія адбылі пакараньне ў калёніі.

«Канеўская трымалася ў СІЗА на „Валадарцы“ вельмі добра. Казала, што ніколі ня будзе прымаць ніякіх таблетак. А калі мы сядзелі побач у камэрах ужо ў ШЫЗА ў Гомлі, я бачыла, як да яе прыходзіць доктар і дае цэлую жменю таблетак. Сам факт, што яна прымала столькі таблетак, кажа, што здароўе пагоршылася. А потым яе адправілі ў „крытку“ ў Магілёўскую турму», — расказала Свабодзе Ганна Вішняк.

Па сьведчаньні іншай былой зьняволенай, адразу пасьля пераводу ў калёнію Тацяну кідалі ў «прэс-атрад» (атрад, дзе са зьняволеных зьдзекуюцца іншыя асуджаныя. — РС).

«Адна зьняволеная на загад опэра падкінула Тацяне Канеўскай нататнік Каці Андрэевай. На іх абедзьвюх у выніку „павесілі“ спагнаньне. Канеўскую кінулі ў ШЫЗА. Пазьней яе перавялі наагул у „крытую“ турму. Каця Андрэева атрымала спагнаньне і чарговыя зьдзекі ад супрацоўнікаў калёніі», —расказвала Свабодзе былая зьняволеная.

Каго яшчэ з атачэньня Ціханоўскага пакаралі і як

Дзьмітры Папоў
Дзьмітры Папоў

Трапіў у «крытую» турму і мадэратар сацыяльных сетак «Страны для жизни», грамадзянін Расеі Дзьмітрый Папоў. Яго затрымалі ў чэрвені 2020 году, судзілі разам зь Сяргеем Ціханоўскім. Па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, распальваньне варожасьці, перашкоды працы ЦВК) Дзьмітрыя Папова пакаралі 16 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Увосень 2022 году стала вядома, што Дзьмітрыя Папова перавялі на турэмны рэжым, то бок у «крытую» турму ў Жодзіна.

4 лістапада МУС Беларусі ўнесла Папова ў сьпіс асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Былы палітвязень Віктар Жук пасьля вызваленьня расказаў «Вясьне» пра ціск на Дзьмітрыя Папова. «Адміністрацыя адразу перавяла яго да людзей, як яны іх саміх называюць, нізкага сацыяльнага статусу — да „пятухоў“, ці „пакрыўджаных“. Нават паводле турэмных паняцьцяў гэта бясчынства. Так нельга рабіць, але яны гэта зрабілі», —расказваў былы вязень.

Уладзімер Цыгановіч
Уладзімер Цыгановіч

Быў пераведзены на «крытую» турму і блогер MozgON (Уладзімер Цыгановіч). Яго судзілі разам зь Сяргеем Ціханоўскім 14 сьнежня 2021 году і пакаралі 15 гадамі пазбаўленьня волі.

У чэрвені 2022 году Ўладзімера этапавалі ў папраўчую калёнію № 3 (Віцьба-3).

МУС Беларусі прызнаў блогера «асобай, датычнай да экстрэмісцкай дзейнасьці».

У сьнежні 2022 году стала вядома, што Ўладзімеру ўзмацнілі пакараньне і перавялі яго на турэмны рэжым у Магілёў тэрмінам на тры гады.

Руслан Парфёнаў
Руслан Парфёнаў

У Мазыры сябрам і актывістам ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай у 2020 годзе быў Руслан Парфёнаў. Ён зьбіраў подпісы ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай, праводзіў агітацыю ня толькі ў Мазыры, але і ў Ельску, Петрыкаве, Жыткавічах. Руслана затрымалі ў жніўні 2020 году.

Яго абвінавацілі ў «масавых беспарадках». Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Палітвязьня пакаралі 5 гадамі пазбаўленьня волі. Пакараньне ён адбываў у калёніі ў Наваполацку. Пасьля Руслана прызналі «злосным парушальнікам» рэжыму і перавялі ў «крытую» турму.

У чэрвені 2022 году КДБ унёс Руслана ў сьпіс «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці». Гэта, як і «крыты» рэжым, не дазваляе ліставацца з Русланам, да таго ж ён пазбаўлены спатканьняў. «Яму вельмі цяжка. У турме ён страціў здароўе. Цяжка і яму, і ягоным блізкім. На „крытай“ турме на яго не спыніўся розны ціск», — паведаміла Свабодзе крыніца, знаёмая з сытуацыяй з Русланам Парфёнавым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG