Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне назвалі супольныя вучэньні Беларусі і Расеі ў 2023 годзе патэнцыйнай пагрозай для новага ўварваньня


Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу УСУ, брыгадны генэрал Аляксей Громаў
Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу УСУ, брыгадны генэрал Аляксей Громаў

Павялічваецца і пагроза нанясеньня ракетна-авіяцыйных удараў, прымяненьня дронаў-камікадзе па тэрыторыі Ўкраіны з паветранай прасторы Беларусі.

Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу УСУ брыгадны генэрал Аляксей Громаў заявіў, што правядзеньне ў 2023 годзе супольных з Расеяй вайсковых вучэньняў «Захад» і «Шчыт Саюзу» новай патэнцыйнай пагрозай для паўторнага ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны.

«Асаблівасьцю гэтых вучэньняў зьяўляецца тое, што ў абодвух выпадках на тэрыторыі Беларусі будзе разгорнутая расейская групоўка войскаў, якая можа быць выкарыстана для адпаведных дзеяньняў. Зыходзячы з гэтага, патэнцыйная пагроза наступу Ўзброеных сіл Расеі з тэрыторыі Беларусі цягам гэтага году будзе захоўвацца», — заявіў Аляксей Громаў 12 студзеня на брыфінгу ў Кіеве.

У той жа час украінскі генэрал дадаў, што пакуль на тэрыторыі Беларусі прыкметы фармаваньня ўдарнай групоўкі для аднаўленьня наступу адсутнічаюць.

«Праціўнік актывізаваў чыгуначныя перавозкі ўздоўж дзяржаўнай мяжы Ўкраіны, а таксама працягваецца перакідваньне на тэрыторыю Беларусі падразьдзелаў агрэсара, і адначасова зь Беларусі ў Расею тых частак, якія праходзілі на беларускіх палігонах баявое зладжваньне», — адзначыў Аляксей Громаў.

Паводле яго, падаўжэньне ў Беларусі да 1 красавіка забароны на палёты ўсіх тыпаў цывільнай авіяцыі і бесьпілётнікаў у Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях, сумежных з Украінай, а таксама правядзеньне з 16 студзеня па 1 лютага супольных з Расеяй авіяцыйных вучэньняў, сьведчаць аб захаваньні пагрозы ракетных абстрэлаў з паўночнага кірунку.

«Пад выглядам правядзеньня гэтых вучэньняў вораг нарошчвае авіяцыйную групоўку ў Беларусі. На мінулым тыдні на аэрадром „Мачулішчы“ перабазавалі ня менш 10 верталётаў тыпу Мі-8 і Мі-24, а таксама чакаецца перабазаваньне самалётаў апэратыўна-тактычнай авіяцыі на беларускія аэрадромы. Не выключаюцца палёты ў паветранай прасторы Беларусі самалётаў далёкай авіяцыі краіны-агрэсаркі. З улікам гэтага павялічваецца пагроза нанясеньня ракетна-авіяцыйных удараў, прымяненьня дронаў-камікадзе па тэрыторыі Ўкраіны з паветранай прасторы Беларусі», — паведаміў намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу УСУ брыгадны генэрал Аляксей Громаў.

У сваю чаргу намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр удакладніла, што Расея інтэнсіўна перакідвае на тэрыторыю Ўкраіны — у зону баявых дзеяньняў і ў памежжа — тыя свае войскі, якія праходзілі навучаньне ў Беларусі.

«Праціўнік працягвае канцэнтраваць свае асноўныя намаганьні на Данеччыне», — паведаміла Ганна Маляр.


У справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны, ацэньваючы вынікі каардынацыйнай нарады, якую 11 студзеня правёў у Львове прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі аб сытуацыі на паўночна-заходніх межах Украіны, адзначаецца, што паўторнае ўварваньне з тэрыторыі Беларусі для наступу на Кіеў малаімавернае.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG