Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр 32-гадовы жыхар Наваполацку, якому ў жніўні 2020 ў ногі прыляцела міліцэйская граната


Вячаслаў Сьліжыкаў
Вячаслаў Сьліжыкаў

Цела мужчыны прывезьлі ў Беларусь і пахавалі на радзіме.

Вячаслаў Сьліжыкаў быў паранены ў Наваполацку 10 жніўня 2020 году падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. Аказалася, яму пад ногі прыляцелі адразу дзьве сьветлашумавыя гранаты, што кінулі сілавікі.

Мужчыну, які працаваў апэратарам на ААТ «Нафтан», вынесьлі з вуліцы ў пад’езд і выклікалі хуткую дапамогу.

Паводле эпікрызу, Вячаслаў меў агнястрэльныя раны абедзьвюх ног, грудной клеткі, левага пляча, правага лакцявога сустава; траўматычнае пашкоджаньне малагалёначнага нэрва справа з паралічом разгінальнікаў правай ступні.

Мужчыну, пакуль ён быў у лякарні, пагражалі перасьледам, да яго прыходзілі і апытвалі наконт «беспарадкаў у горадзе». Пасьля выпіскі ён працягнуў хадзіць на акцыі, якія наведваў праз боль. Затым, калі праблемы са здароўем працягнуліся, Сьліжыкаў адправіўся ў Латвію на рэабілітацыю, адкуль ужо ня стаў вяртацца празь небясьпеку крымінальнага перасьледу і пачаў жыць зь дзяўчынай у лягеры для ўцекачоў.

Пра гісторыю Сьліжыкава Свабода пісала ў жніўні 2020.

У Латвіі Вячаслаў працаваў грузчыкам. Слабасьць і прыступы болю адносіў на наступствы раненьня, пра свае праблемы з сэрцам ня ведаў і ніяк не абсьледаваўся. Маральна яму на чужыне было цяжка, прыжыцца на новым месцы ён ня змог.

«Апошні час у яго здараліся нэрвовыя зрывы», — адзначае яго сябар, зь якім пагаварыла «Наша ніва».

Незадоўга да скону ён і сябар атрымалі дазвол на працаўладкаваньне ў Нямеччыне і 5 студзеня зьбіраліся разам туды ехаць рабіць у кампаніі, якая ставіць сонечныя батарэі.

29 сьнежня праз сэрцавую няздатнасьць мужчына памёр. 5 студзеня ягонае цела, перавезенае ў Беларусь, пахавалі на радзіме. Ад першага шлюбу ў Вячаслава засталіся трое непаўналетніх дзяцей.

«Яго дзяўчына ня можа вярнуцца ў Беларусь, бо там ёй пагражае крымінальны перасьлед. Усё, што яна магла, яна зрабіла для Вячаслава. Ёй цяпер цяжка. У лякарні была пад кропельніцай», — расказаў «Нашай ніве» сябар памерлага. Ëн і сам моцна пацярпеў у 2020-м: у ізалятары яму пашкодзілі хрыбет і вуха, таксама давялося рабіць у Латвіі апэрацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG