Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці сказала: скаты, што вы творыце!» У рабочага «Нафтану» падчас пратэстаў трапілі дзьве гранаты


Вячаслаў Сьліжыкаў
Вячаслаў Сьліжыкаў

10 жніўня пад ногі 29-гадовага апэратара ААТ «Нафтан» Вячаслава Сьліжыкава сілавікі кінулі дзьве сьвятлашумавыя гранаты. У Наваполацкім шпіталі яго паклалі ў аддзяленьне траўматалёгіі, дзе ён знаходзіўся да 21 жніўня.

Паводле эпікрызу, Вячаслаў мае агнястрэльныя раны абедзьвюх ног, грудной клеткі, левага пляча, правага лакцявога сустава; траўматычнае пашкоджаньне малагалёначнага нэрва справа з паралічом разгінальнікаў правай ступні.

«Я выпісаўся зь лякарні, на працу пакуль не хаджу. У мяне пашкоджаны нэрв на назе, ён яшчэ доўга будзе аднаўляцца і невядома, ці наогул адновіцца. Бо ступня ў мяне не падымаецца ўгору. Лекары мяркуюць, што нэрв проста кантужаны, але ці ён аджыве, ня ведаю, — кажа Вячаслаў. — Хадзіў на мыліцах, але потым іх кінуў і, каб ня стаць інвалідам, праз боль спрабую ступаць на нагу. Але, калі падымаю правую нагу, ступня проста цягнецца за мной». Прафсаюз «Нафтану» Вячаславу выдзеліў усяго 150 рублёў на лячэньне. Пакуль звальняць яго не зьбіраюцца, прапанавалі выбраць для адпачынку санаторый. Цяпер Вячаславу дапамагае фонд «Імёны». 1 верасьня ён паедзе ў Менск да лекараў у мэдычны цэнтар «Ладэ». Ён таксама зьвярнуўся па фінансавую дапамогу.

Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс.

«Заглушыла ўвушшу, была невялікая кантузія»

Вячаслаў разам са сваёй дзяўчынай увечары 10 жніўня выйшаў у горад прагуляцца, бо не было інтэрнэту. Ён жыве ля скрыжаваньня на вуліцы Калініна, дзе сабраліся людзі, пляскалі ў далоні, скандавалі: «Жыве Беларусь!». Супрацоўнікі міліцыі не прапусьцілі яго ў бок цэнтральнай плошчы, і Вячаслаў вярнуўся да дэманстрантаў.

«Было даволі цёпла, я быў у шортах, майцы, красоўках. Я апынуўся на адным з бакоў скрыжаваньня, там было чалавек 50. Гэта былі і моладзь, і сталыя людзі, і дзеці, яны пляскалі ў далоні. Ніякіх проціпраўных дзеяньняў зь іх боку не было. Тут жа стаялі дзьве машыны супрацоўнікаў ДПС, людзі фатаграфаваліся зь імі, гэта быў мірны пратэст», — кажа Вячаслаў.

Ён убачыў, як шэраг сілавікоў у шаломах і са шчытамі пачаў рухацца на дэманстрантаў. Яны былі ўжо прыкладна за 20 мэтраў і безь ніякага папярэджаньня пачалі кідаць у людзей сьвятлашумавыя гранаты.

«Мне пад ногі прыляцелі дзьве гранаты. Спачатку я адчуў удар у нагу, падумаў, што мо кідаюць які газ ці што. Людзі пачалі крычаць, што кідаюць гранаты. Я пачаў адварочвацца і адчуў удар у нагу. Паспрабаваў на яе стаць, зразумеў, што нешта з маёй нагой ня тое. Заглушыла ўвушшу, была невялікая кантузія. Я паспрабаваў на дзьвюх нагах адступаць назад. Потым яшчэ нешта ўзарвалася пада мной. Я стаў на адну нагу, пераскочыў на другую частку скрыжаваньня і зваліўся ў траву. Хлопцы падабралі мяне з травы, аднесьлі ў пад’езд, выклікалі „хуткую“, перабінтавалі, і я апынуўся ў лякарні», — кажа Вячаслаў.

Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс.

Лекары налічылі каля сарака пашкоджаньняў на целе Вячаслава ад аскепкаў гранат.

«У лякарні сказалі, што гэта брудныя, ірваныя раны. Іх пачысьцілі, прамылі. Я сказаў, што мяне закідалі гранатамі, а яны напісалі ў эпікрызе, што „траўмы атрымаў падчас сутыкненьняў з супрацоўнікамі міліцыі“. Я пасьмяяўся, ня ведаў, адкуль вецер дзьме».

«Ніякіх беспарадкаў не было»

У лякарні да Вячаслава прыйшоў сьледчы, апытаў яго наконт атрыманых ранаў. На наступны дзень сьледчы апытаў яго ўжо як сьведку ў справе беспарадкаў у горадзе.

«Я патлумачыў, што ніякіх беспарадкаў не было і людзі нічога не рабілі, апроч плясканьня ў далоні і скандаваньня „Жыве Беларусь“. Гэта відаць на відэа, якое людзі зьнялі з балькона. У нас у горадзе ніводнай разьбітай вітрыны, ніводнай разьбітай шыбы», — кажа Вячаслаў.

У гэты ж дзень увечары сьледчы Юры Алексіёнак забраў тэлефон Вячаслава, які дагэтуль не вярнулі.

Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс.

«Я тэлефона не аддаваў, але ён прыгразіў, што выкліча нарад і мяне зь лякарні на трое сутак забяруць у пастарунак. Калі я спытаў, а навошта вам тэлефон, ён сказаў, што яны хочуць высьветліць, ці ня быў я завадатарам забурэньняў 10 жніўня», — кажа Вячаслаў.

Яшчэ перад выпіскай зь лякарні на Вячаслава завялі адміністрацыйную справу за ўдзел у мітынгу.

«Я напісаў у пратаколе, што я ня згодны і ні ў чым ня браў удзелу. Бацькам тэлефанаваў сьледчы, хацеў пагутарыць, відаць, пра мае палітычныя погляды. Але маці яму сказала, маўляў, скаты, што вы творыце».

Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс.

«Я адкрыта супраць гэтага тырана»

Пераадольваючы боль, Вячаслаў пасьля лякарні ходзіць на акцыі пратэсту.

«Я хадзіў учора на мітынг; цягаю нагу за сабой, але праз боль іду. Нага баліць па начах. Я буду хадзіць на мітынгі да перамогі, бо я супраць тыраніі, я супраць таго, каб парушалася Канстытуцыя, правы чалавека. Я супраць таго, каб пакутаваў наш народ, якім я ганаруся. І за праўду буду змагацца, — кажа Вячаслаў. — Я звычайны рабацяга. Пакуль усяго гэтага ня здарылася, я нават ні разу не хадзіў на выбары. Бо ведаў, што выбары будуць круціцца ў адзін бок. Лічыў, што прыйдзе адзін ці другі — нічога не памяняецца. Але пасьля таго, што я ўбачыў і перажыў, гэта страшна, я адкрыта супраць гэтага тырана і зусім стаў апазыцыянэрам».

Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс.

Вячаслаў кажа, што бацька, які таксама працуе на «Нафтане», яго падтрымлівае. Але ён ня верыць, што на прадпрыемстве пачнуць страйкаваць.

«Ні ў кога няма нейкіх адкладзеных грошай, каб ісьці страйкаваць. Усе баяцца за сем’і. Людзі настроены сурʼёзна, пазытыўна, але многія баяцца. Нафтанаўцы, паліміраўцы баяцца свае працоўныя месцы страціць. На абедах „падстрайкоўваюць“, — кажа Вячаслаў. — Заробкі на „Нафтане“ параўнальна зь іншымі ў краіне даволі добрыя, шмат работнікаў перадпэнсійнага ўзросту, ім выдаюць „грабавыя“, і яны трасуцца за гэтыя аклады. Моладзь, я думаю, падымецца, але зноў жа няшмат, бо многа страху. Я ня веру ў страйк на „Нафтане“».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG