Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён быў непахісны і ўпэўнены». Сябры і паплечнікі ўспамінаюць Алега Гулака


Алег Гулак у студыі Радыё Свабода, 2012 год
Алег Гулак у студыі Радыё Свабода, 2012 год

На 56-м годзе жыцьця памёр старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак. Прычыны сьмерці пакуль не пацьверджаныя. Папярэдні дыягназ — спынілася сэрца.

Алег Гулак удзельнічаў у дзясятках судовых справаў, грамадзкіх дзеяньняў дзеля абароны людзей, якія сталі ахвярамі парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

«Думаю, што, на жаль, колькасьць палітвязьняў на працягу наступнага году будзе расьці. Хаця б у выніку таго, што завершацца тыя справы, якія ўжо адкрытыя ці працягваюцца, — сказаў Гулак у апошнім інтэрвію Радыё Свабода за некалькі дзён да сьмерці. — Калі Беларусь уплішчыцца ў вайну ва Ўкраіне сваім войскам, то пытаньне палітвязьняў будзе адціснутае на другі плян больш вострым пытаньнем непасрэднага ўдзелу ў агрэсіі. Калі ў выніку вайны Расея будзе аслабленая, то гэта будзе стымулам для паляпшэньня адносінаў з Захадам. І тады будзе матывацыя для вызваленьня палітвязьняў».

Пра Алега Гулака гавораць тыя, хто яго зь ім сябраваў і ведаў у грамадзкай дзейнасьці.

Алег Гулак, 29 ліпеня 2022
Алег Гулак, 29 ліпеня 2022

Тацьцяна Процька, старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995-2007): Ніколі не думала, што буду пісаць пасьмяротныя словы Алегу Гулаку. Мы часьцей жартавалі пра тое, што ён скажа, калі са мной што здарыцца — ён быў самы малады з тагачаснага кіраўніцтва БХК, самы энэргічны, жыцьцесьцьвярджальны. Але, відаць, пастаяннае напружаньне душы фізычнае цела не заўсёды вытрымлівае.

Я памятаю, як Алег упершыню прыйшоў да нас — малады, высокі, у доўгім па модзе чорным паліто: «Я юрыст зь Пінску, хачу з вамі працаваць». Да амбітнага маладога чалавека спачатку паставіліся насьцярожана. Але толькі спачатку. Праца гэтая расьцягнулася надоўга — БХК Алег аддаў 25 гадоў, амаль усе свае сьвядомае жыцьцё. 15 год кіраваў арганізацыяй.

У праваабарончай дзейнасьці ёсьць найбольш складаны кірунак — дапамагчы дзяржаве так пабудаваць сваю дзейнасьць, каб правы чалавека самой дзяржавай не парушаліся. Алег Гулак плённа працаваў у гэтым накірунку. І хоць наша дзяржава ня вельмі хацела зьмяняцца, Алег настойліва працаваў над паляпшэньнем канкрэтных законаў, накіроўваў ад імя БХК свае прапановы ў адпаведныя дзяржаўныя ўстановы. Станоўчыя вынікі, хоць і нязначныя, ад гэтай працы былі. Мы разумелі, што працуем на будучую Беларусь.

Асабліва цяжка было са жніўня 2020 года. Масавыя парушэньні правоў чалавека, паламаныя лёсы людзей патрабавалі асобай аддачы ад усіх сяброў арганізацыі, асабліва ад яе кіраўніцтва. Праз сэрца праходзілі зьвесткі пра зьбіцьцё людзей, пазбаўленьне іх свабоды, пра наяўнасьць палітвязьняў. Лёс Алеся Бяляцкага, паплечніка Алега па праваабарончай дзейнасьці, пазбаўленага свабоды на доўгія гады — таксама ніколі не пакідаў Алега ў спакоі. Інфармацыя міжнародных арганізацый пра падзеі ў Беларусі стала важным накірункам дзейнасьці БХК.

Алег вельмі любіў сваіх бацькоў — Мікалая Сцяпанавіча і Яніну Гаўрылаўну, ставіўся да іх з павагай і пяшчотай. Бацькі заклалі той падмурак, на якім і вырас той Алег, які стаў сапраўдным праваабаронцам. Ідэалам, якія былі закладзеныя бацькамі, Алег ніколі ня здрадзіў. Гэта, на мой погляд, была найлепшая рыса ягонага няпростага характару.

Алег Гулак, 29 ліпеня 2022
Алег Гулак, 29 ліпеня 2022

Алег быў з тонкім пачуцьцем гумару. Ён добра расказваў на ўкраінскай мове розныя гісторыі пра ўкраінскіх «нацыяналістаў», пра іх вольны дух, нескаронасьць. Для мяне асабіста гэтыя анэкдоты і расказы сталі асновай цікавасьці да ўкраінскіх падзеяў, гісторыі ўкраінскага змаганьня. Мы хацелі вольнага духу Ўкраіны і ў нас, у Беларусі.

Алег любіў Беларусь. Проста і шчыра. Не за ўзнагароды і славу. І рабіў усе, каб наша краіна стала дастойным сябрам эўрапейскай супольнасьці. Гэта застанецца ў нашай памяці. R. I. P.

Алег Гулак на судовым працэсе, Менск, 2012
Алег Гулак на судовым працэсе, Менск, 2012

Натальля Сацункевіч, праваабаронца «Вясны»: Вельмі добра памятаю Алега падчас затрыманьня назіральнікаў у офісе «Вясны» 25 сакавіка 2017 года. Я старалася трымацца каля яго, бо ён быў непахісны і ўпэўнены, а мне было вельмі страшна. Мы сядзелі побач у актавай залі аддзяленьня міліцыі. Сёньня гэта вялікая страта для беларускай праваабароны, цяжкая падзея для сям’і і сяброў. У мяне няма слоў, шчырыя спачуваньні родным, калегам і сябрам.

Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале выказала спачуваньні родным і блізкім Алега Гулака: «Сёньня ня стала старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Алега Гулака — выбітнага беларуса, прафэсійнага юрыста, непахіснага абаронцы правоў кожнага чалавека. Мне цяжка нават усьвядоміць гэтую навіну, бо яшчэ тыдзень таму мы з Алегам сустракаліся падчас уручэньня Алесю Бяляцкаму Нобэлеўскай прэміі. Алег, як і заўсёды, падтрымліваў і падбадзёрваў навакольных, жартаваў і вельмі ганарыўся, што працу беларускіх праваабаронцаў ацанілі так высока.

Спачатку мяне зьдзіўляла, як людзі з такой цяжкай прафэсіяй могуць быць такімі лёгкімі, лагоднымі і не губляць гэтыя якасьці дзесяцігодзьдзямі. Але дзякуючы такім, як Алег, я разумею: часта менавіта ў тых, хто бачыць так шмат цемры, больш за ўсё сьвятла.

Сьмерць Алега — ашаламляльная страта. Маё сэрца сёньня з роднымі, сябрамі і калегамі Алега Гулака. Яго будзе не хапаць ня толькі нам, але і наступным пакаленьням беларусаў. Найлепшае, што мы можам зрабіць для яго памяці, — гэта прадоўжыць шлях, які ён пачаў задоўга да нас. І быць дастаткова адкрытымі і мудрымі, каб у дэмакратыі і свабоды, якія ўсё жыцьцё абараняў Алег, было як мага больш пасьлядоўнікаў».

Алег Гулак у судзе Савецкага раёну Менску у часе працэсу над затрыманымі ў Дзень Воліі, 26 сакавіка 2018 году
Алег Гулак у судзе Савецкага раёну Менску у часе працэсу над затрыманымі ў Дзень Воліі, 26 сакавіка 2018 году

Глеб Сандрас, актывіст страйкавага руху: «Я часьцяком сустракаў спадара Алега ў офісе БХК у Менску. Гэта добры чалавек, сапраўдны прафэсіянал і знаўца сваёй справы — абароны правоў чалавека...».

Журналіст Аляксей Дзікавіцкі піша ў сваім фэйсбуку: «Мы былі знаёмыя зь першай паловы 90-х. Менавіта ў Пінску Алег, адмовіўшыся ад працы на дзяржаўным прадпрыемстве, стаў старшынём нашага аддзяленьня БХК.

Успамінаю, як мы калісьці, каб неяк зарабіць, паехалі зь ім гандляваць пінскімі клубніцамі ў Смаленск. На тамтэйшым базары цётачка паглядзела на нас (зь фіялетавымі рукамі ад ягадаў) ды кажа: „Понимаю, тяжело вам, мальчики. Сейчас ведь кому легко? Только юристам и экономистам!“ Тады мы з Алегам доўга сьмяяліся, бо ён паводле адукацыі юрыст, а я — эканаміст. Так, добра памятаю ягонае выбітнае пачуцьцё гумару...».

Алесь Бяляцкі, Алег Гулак, Валянцін Стэфановіч, 2010 год
Алесь Бяляцкі, Алег Гулак, Валянцін Стэфановіч, 2010 год
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG