Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гвалтавалі, аблівалі кіпенем, падключалі ток да геніталіяў. У Кіеве расказалі аб новых фактах сэксуальных злачынстваў расейцаў


Сядзіба генэральнай пракуратуры Ўкраіны. Архіўнае фота
Сядзіба генэральнай пракуратуры Ўкраіны. Архіўнае фота

У Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамілі аб новых фактах сэксуальных злачынстваў, якія ўчынялі расейцы на акупаваных украінскіх тэрыторыях.

«З пачатку поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі Расеі пракуроры зафіксавалі 154 факты сэксуальнага гвалту. Ужо паведамілі аб падазрэньні шасьцём вайскоўцам РФ. Накіравалі ў суд абвінаваўчыя акты на дзьве асобы, аднаго грамадзяніна асудзілі», — адзначаецца ў паведамленьні.

Сярод новых выяўленых фактаў — злачынствы, учыненыя ў нядаўна вызваленых ад расейскіх войскаў паселішчах Херсонскай вобласьці.

«На Херсоншчыне вайскоўцы Расеі цягам чатырох месяцаў гвалтавалі жанчыну. Яшчэ адну мясцовую жыхарку з сакавіка сыстэматычна агалялі і ўжывалі катаваньні, у прыватнасьці, аблівалі кіпенем», — удакладнілі ў Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны.

Апроч таго, сьледчыя знайшлі факты гвалту, калі жонак украінскіх абаронцаў, якія ўдзельнічалі ў антытэрарыстычнай апэрацыі або мелі дачыненьне да Ўзброеных сіл Украіны, забіралі зь сямей і катавалі.
Пракуроры таксама выявілі больш як 30 фактаў катаваньня электрычным токам, які падключалі да геніталіяў.

«Агулам вызначана больш як 100 фактаў катаваньняў з выкарыстаньнем электратоку супраць мужчын», — паведамілі ў Офісе генэральнага пракурора.

Раней праваахоўныя органы Ўкраіны паведамлялі, што найбольш ад сэксуальных злачынстваў у часе расейскай акупацыі пацярпелі жыхары Кіеўскай, Данецкай і Херсонскай вобласьцяў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG