Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі будзе атака зь Беларусі, гэтым разам Кіеў ударыць у адказ», — дырэктар Rochan Consulting


Расейскія вайскоўцы прыбываюць у Беларусь 15 кастрычніка 2022
Расейскія вайскоўцы прыбываюць у Беларусь 15 кастрычніка 2022

Конрад Музыка, польскі вайсковы экспэрт, дырэктар кампаніі Rochan Consulting, расказаў, ці бачыць ён знакі таго, што ўзброеныя сілы Беларусі рыхтуюцца ваяваць ва Ўкраіне, і якія сцэнары вайны прагназуе ў найбліжэйшыя месяцы.

Конрад Музыка
Конрад Музыка

Сьцісла:

  • Увесь вайсковы патэнцыял Беларусі, які трэба было праверыць, калі краіна зьбіраецца ўдзельнічаць у вайне, быў правераны на вучэньнях ад красавіка-траўня. Але маштаб вучэньняў быў невялікі.
  • Абарончыя пазыцыі Ўкраіны цяпер нашмат лепшыя, чым былі ў лютым. Таму любыя сілы, якія прыйдуць зь Беларусі, на маю думку, сутыкнуліся б зь вялікімі праблемамі.
  • Калі зноў будзе напад наземнымі сіламі зь беларускай тэрыторыі, Украіна ў адказ ударыць прынамсі па расейскіх цэлях у Беларусі.
  • Калі расейцы атрымаюць паразу на фронце, дык адзіны адказ, які застанецца ў Расеі, гэта паслаць больш сілаў для ўдзелу ў баявых дзеяньнях. Калі Расея правядзе дадатковую мабілізацыю, украінцы, праўдападобна, адкажуць тым самым. Гэта ператворыцца ў вайну на зьнясіленьне.
  • Думаю, што ўзімку ўкраінцы здолеюць правесьці яшчэ адну маштабную апэрацыю. Пабачым, ці гэта будзе ў Запароскай, ці ў Луганскай вобласьці.

«Увесь патэнцыял для вайны сёлета праверылі»

— Летась вы апублікавалі свой аналіз стану ўзброеных сілаў Беларусі. У ім была і думка, што самі па сабе яны даволі слабыя, але моцна інтэграваныя ў вайсковую структуру Расеі і фактычна знаходзяцца пад расейскім камандаваньнем. Вы тады таксама прадказвалі, што ў патэнцыйным канфлікце з Захадам Расея выкарыстоўвала б Беларусь пераважна як лягістычную базу.

Але ці бачыце вы апошнім часам знакі таго, што ўзброеныя сілы Беларусі рыхтуюцца прыняць непасрэдны ўдзел у вайне ва Ўкраіне?

— На жаль, я ня маю простага адказу на гэтае пытаньне. Мой адказ будзе: «І так, і не». Так, бо калі паглядзець на тэмпы вучэньняў беларускіх узброеных сілаў і на ўсё, што яны робяць ад красавіка–траўня, дык гэта паказьнікі, што яны рыхтуюцца ўдзельнічаць у вайне.

Папраўдзе ўвесь вайсковы патэнцыял, які трэба праверыць, калі краіна зьбіраецца ўдзельнічаць у вайне, быў правераны ад красавіка–траўня. Ідзецца ня толькі пра чыста вайсковы патэнцыял – такі, як разгортваньне танкавых ці мэханізаваных батальёнаў, паветраныя ці супрацьпаветраныя апэрацыі, лягістыка і гэтак далей.

Мы таксама глядзім на так званы «мяккі патэнцыял» — здольнасьць дзяржавы правесьці мабілізацыю, стварыць новыя батальёны тэрытарыяльнай абароны, здольнасьць узброеных сілаў забясьпечыць свой асабовы склад мэдычнай дапамогай. І відаць, што вучэньні ў гэтых сфэрах былі даволі актыўныя. Як я ўжо сказаў, яны закраналі фактычна ўвесь патэнцыял узброеных сілаў. Такія рэчы моцна сьведчаць на карысьць адказу: «Так, узброеныя сілы Беларусі рыхтуюцца ўдзельнічаць у вайне».

Але, з другога боку, мы павінны памятаць, што маштаб вучэньняў, якія праводзяць беларускія ўзброеныя сілы, насамрэч даволі невялікі. Калі беларусы праводзілі вучэньні, дзе мадэляваліся супольныя баявыя дзеяньні рознымі відамі войскаў, гэта было ў вельмі малых памерах. Там была, напрыклад, рота танкаў ці БМП з дадатковай артылерыяй і паветранымі сіламі.

Гэта тэма, вельмі характэрная для беларускіх узброеных сілаў. Яны робяць шмат рэчаў, але ў вельмі маленькім маштабе. І альбо ня здольныя, альбо ня хочуць — тут мы ня ведаем дакладна — правесьці маштабныя вучэньні. Да прыкладу, яны ніколі не разгортвалі нечага ў памеры цэлай брыгады асабовага складу.

Таму я тут маю зьмяшаныя адчуваньні наконт беларускіх узброеных сілаў і іх здольнасьці ўзяць удзел у вайне. Але мы, відавочна, зьвяртаем на гэта вельмі пільную ўвагу.

Аднак найбольш важна вось што: пакуль мы ня бачылі сьведчаньняў, што беларускія ўзброеныя сілы пакінулі нейкія свае базы, месцы звычайнай дысьлякацыі. Ня бачылі, што ў Беларусі адбываецца мабілізацыя. Дысьлякацыя беларускіх узброеных сілаў не памянялася, яна сама па сабе ўсё яшчэ абарончая.

Але мяне непакоіць тое, што калі будзе аддадзены загад на мабілізацыю ўзброеных сілаў, гэта можна будзе зрабіць адносна хутка.

«Няма розьніцы ў падрыхтоўцы да вайны з Украінай ці Польшчай»

— Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў заяўляў, што Беларусь знаходзіцца пад пагрозай з боку Польшчы і Літвы. Калі вы гледзіце на тыя вучэньні, якія праводзілі апошнім часам узброеныя сілы Беларусі, наколькі праўдападобна, што яны больш скіраваныя на абарончыя апэрацыі — незалежна ад таго, наколькі праўдападобнымі лічыць самі гэтыя пагрозы? Ці гэта больш выглядала як падрыхтоўка патэнцыйнай агрэсіўнай апэрацыі супраць Украіны?

— Супольныя расейска-беларускія вучэньні ў мінулым заўсёды мелі дзьве фазы. Першая фаза абарончая, калі нейкі трэці бок — такі, як Украіна, Польшча ці NATO агулам — робіць напад на Беларусь. А потым, калі гэты напад адбіты, расейскія і беларускія войскі ідуць у контранаступ, каб выгнаць войскі NATO ці ўкраінцаў.

Але што да сцэнароў, то я ня думаю, што цяпер ёсьць вялікая розьніца паміж тым, як Беларусь магла б абараняцца, напрыклад, ад Украіны ці ад Польшчы. Хоць відавочна, што Польшча мае большы патэнцыял праз той факт, што яна ўваходзіць у NATO, і гэта ня тое, чаму Беларусь можа супрацьстаяць сама.

Я б нават сказаў, што Беларусь на цяперашнім этапе сама па сабе зь цяжкасьцю магла б супрацьстаяць Украіне. Але ў сутнасьці ўзброеныя сілы Беларусі рыхтуюцца праводзіць хуткасную супольную вайсковую апэрацыю супраць нейкай пагрозы. Мне цяжка ацэньваць, ці ў якасьці гэтай пагрозы цяпер разглядаюць Украіну, ці NATO.

Большасьць вучэньняў праводзяць у заходняй частцы краіны, і тэарэтычна гэта нібыта паказвае на Польшчу ці на NATO агулам. У паўднёвай частцы Беларусі праводзіцца вельмі мала вучэньняў. Але ў той жа час гэта неканечне пра нешта сьведчыць. Можна перакінуць сілы з аднаго рэгіёну ў іншы за некалькі дзён.

«Мабілізацыяй і адступленьнем Расея павялічыла канцэнтрацыю сілаў на лініі фронту»

— Калі вы гледзіце на падзеі апошніх месяцаў у вайне ва Ўкраіне, ці можаце сказаць, што кірунак ваенных дзеяньняў прынцыпова памяняўся? І, на вашую думку, ці апошнія падзеі ў вайне наблізілі Беларусь да непасрэднага ўдзелу ў ваенных дзеяньнях, ці наадварот?

— Калі ў верасьні адбыўся ўкраінскі наступ у Харкаўскай вобласьці, я думаў, што ёсьць шанец, каб вайна патэнцыйна скончылася за некалькі месяцаў. Калі б украінскі наступ у тым кірунку працягваўся, мы б, магчыма, цяпер назіралі цалкам іншую сытуацыю, у якой прынамсі значная частка Луганскай вобласьці была б ужо вызваленая.

Але відавочна, што пасьля Харкаўскага наступу ў Маскве мусіла зьявіцца разуменьне, што Расея прайграе гэтую вайну. Ім трэба было прымаць жорсткія меры, каб унікнуць поўнай паразы і развалу расейскіх пазыцыяў па ўсёй Украіне.

Адсюль і ўзялася мабілізацыя, і цяпер Расея нарэшце мае здольнасьць насыціць лінію фронту жывой сілай. Вядома ж, падрыхтоўка і абсталяваньне ў іх вельмі слабыя, але гэта ня самае важнае. Важная колькасьць салдатаў на лініі фронту і здольнасьць утрымаць абарончыя лініі Расейскай Фэдэрацыі ва Ўкраіне.

Я думаю, што Херсон крыху пагоршыў гэтыя праблемы, пацьвердзіў, што Ўкраіна мае ініцыятыву ў гэтай вайне і што гэтая ініцыятыва, падобна, захаваецца цягам зімовых месяцаў.

Але ў той жа час мусім памятаць, што пасьля адыходу з Херсону лінія фронту зьменшылася, і цяпер Расея мае больш сілаў на лініі фронту.

Іншымі словамі, канцэнтрацыя расейскіх сілаў на лініі фронту павялічылася. І, нягледзячы на паразу, цяпер у іх будзе больш салдатаў на квадратны кілямэтар, чым раней. Лінія фронту па ўсёй Украіне цяпер меншая — асабліва параўнальна з тым, што было ў лютым. І мы можам сказаць, што Расея мае цяпер больш войскаў, чым мела ў лютым, і ў той жа час лінія фронту меншая. Таму канцэнтрацыя сілаў большая. Гэта мае граць на руку Расеі.

Але што тычыцца прэзыдэнта Лукашэнкі, я, калі шчыра, маю вялікія цяжкасьці з ацэнкай ягоных плянаў. Бо ён пасылае вельмі зьмяшаныя сыгналы. На пачатку вайны мы чакалі, што Беларусь возьме ў ёй больш актыўны ўдзел і пашле нейкія сілы ў зону ваенных дзеяньняў. Але Беларусь дагэтуль не прызнала сэпаратысцкія рэспублікі...

— Але ж ужо няма ніякіх сэпаратысцкіх рэспублік. Паводле Расеі, гэта ўжо ўсё — частка Расейскай Фэдэрацыі, і Лукашэнка, выглядае, дэ факта прызнае гэта.

— Так, цяпер гэта так. Але калі Расея прызнала іх незалежнымі дзяржавамі ў лютым, Лукашэнка гэтага не зрабіў, так? І ён зусім іх не прызнаў, пакуль іх не ўключылі ў склад Расеі.

Таму я ня думаю, што ягоная пазыцыя настолькі слабая, як многія лічаць. Яна відавочна не такая слабая, як лічыў я сам. Але, зноўку ж, я ня ведаю, якой будзе роля Беларусі ў гэтай вайне.

Тое, што я ведаю цяпер, — беларускія ўзброеныя сілы рыхтуюцца ўдзельнічаць у вайне. Але на гэтым этапе я ня ведаю, ці гэта проста падман, маскаваньне, каб адцягнуць сілы ўкраінцаў на абарону мяжы зь Беларусьсю, ці гэта сапраўдная спроба падрыхтавацца да вайны.

«Наступ з поўначы быў бы надзвычай складанай задачай»

— Магчыма, гэта правакацыйнае пытаньне, але з чыста вайсковага гледзішча, калі б вы былі начальнікам расейскага Генэральнага штабу Герасімавым, ці сказалі б вы Пуціну: «Прымусьце Лукашэнку, каб той паслаў свае ўзброеныя сілы на баявыя дзеяньні, і мы пачнем наступ з поўначы, зь Беларусі». Ці гэта было б выканальна з вайсковага гледзішча?

— Я думаю, што наступ з поўначы быў бы надзвычай складанай задачай. Мясцовасьць там вельмі складаная для манэўраных баявых дзеяньняў, і я ведаю, што ўкраінцы ўжо шмат месяцаў рыхтуюцца да такога сцэнару — скаардынаванага наступу зь Беларусі. Незалежна ад таго, ці гэта былі б супольныя расейска-беларускія, ці толькі расейскія сілы.

Тут няма пытаньня — абарончыя пазыцыі Ўкраіны цяпер нашмат лепшыя, чым былі ў лютым. Таму любыя сілы, якія прыйдуць зь Беларусі, на маю думку, сутыкнуліся б зь вялікімі праблемамі.

Аднак калі вярнуцца да пытаньня, якое вы мне задалі, — ці было б у расейскіх інтарэсах уцягнуць Беларусь у вайну? — нам варта памятаць, што Герасімаў і іншыя прадстаўнікі расейскага камандаваньня таксама мусяць думаць пра патэнцыйны ўдзел NATO ў гэтай вайне.

Расея на нейкім этапе можа сутыкнуцца зь іншымі праціўнікамі — ня толькі з Украінай, але і зь сіламі NATO. Таму ў іхных разважаньнях Беларусь, імаверна, прысутнічае як рэзэрвовая сіла, перад якой будзе стаяць задача змагацца зь сіламі NATO. Магчыма, яны разважаюць так, я ня ведаю.

Калі Расея разьлічвае ваяваць толькі з Украінай, тады, магчыма, так — Пуцін і Герасімаў хацелі б уключыць Беларусь у гэтыя баявыя дзеяньні, каб мець большую колькасьць вайскоўцаў і расьцягнуць сілы ўкраінцаў.

Але мусім глядзець на шырэйшы кантэкст. Ён у тым, што разьмяшчэньне дадатковых сілаў NATO у Польшчы і краінах Балтыі расьцягвае сілы расейцаў і беларусаў. Ім трэба мець здольнасьць адказаць таксама і на гэтую пагрозу.

«Расея ня здолее стварыць такую групоўку, як у лютым»

— Паводле вашай інфармацыі, колькі расейскіх вайскоўцаў цяпер у Беларусі? І ці можна сказаць, што гэта ў асноўным змабілізаваныя, якіх прывезьлі для навучаньня?

— Цяпер мы глядзім на лічбу прыблізна ў 5 тысяч, магчыма, менш. Каля Баранавічаў вялікі палігон, на якім могуць разьмяшчацца прыблізна 3 тысячы чалавек. Але колькасьць транспарту, разьмешчанага там, сьведчыць пра значна меншую лічбу – каля тысячы ці трохі больш.

Мы ня маем інфармацыі пра тое, што адбываецца на іншых палігонах, але мы пакуль не ацэньваем лічбу расейскіх вайскоўцаў у Беларусі больш чым у 5 тысяч.

І так, гэта ў асноўным рэзэрвісты. Я ня думаю, што гэта баяздольныя падразьдзяленьні, бо большасьць, калі ня ўсе такія падразьдзяленьні цяпер залучаныя ў апэрацыі ва Ўкраіне. Яны цяпер альбо дысьлякаваныя ва Ўкраіне, альбо ў памежных з Украінай раёнах, адкуль адбываецца ратацыя.

— Некаторыя аналітыкі выказалі такую вэрсію, што расейцы будуць прысылаць усё больш войскаў на навучаньне ў Беларусь, а скарыстаюць гэтую вайсковую сілу ўвесну, калі гэтыя змабілізаваныя атрымаюць падрыхтоўку. Прычым могуць іх скарыстаць, каб весьці наступ на Ўкраіну зь Беларусі. На вашую думку, пры такім сцэнары колькі часу спатрэбіцца, каб арганізаваць баяздольную сілу, супастаўную з тым, што было сёлета ў лютым? І наколькі загадзя вы, і ня толькі вы, але найперш заходнія спэцслужбы будуць здольныя пабачыць, што такая сіла рыхтуецца?

— Я даволі ўпэўнены, што мы зможам загадзя пабачыць зьмены ў беларускіх узброеных сілах ці ў расейскім кантынгенце ў Беларусі. З улікам таго, што мы маем доступ да спадарожнікавых здымкаў, і з увагі на адкрытасьць сучаснага сьвету думаю, што мы зможам пабачыць перадысьлякацыю вялікіх вайсковых падразьдзяленьняў з пунктаў збору, такіх як Обуз-Лясноўскі палігон каля Баранавічаў, дзе цяпер разьмяшчаюцца расейцы.

Я думаю, што гэта будзе вельмі заўважна, і ня думаю, што ў нас будуць з гэтым нейкія праблемы. Ці будзе Расея здольная стварыць групоўку, параўнальную з той, якую яна мела ў лютым? Не, ня будзе.

У лютым Расея разьмясьціла ў Беларусі значную частку сілаў сваёй Усходняй вайсковай акругі, падтрыманую значнай прысутнасьцю дэсантных падразьдзяленьняў. Усе гэтыя сілы былі моцна разьбітыя пад Кіевам.

Сілы Ўсходняй вайсковай акругі пазьней былі разьмешчаныя ў Луганскай і Харкаўскай вобласьцях, дзе яны таксама былі ў значнай ступені зьнішчаныя. Гэта дае мне падставы казаць, што Расея ня здолее наноў стварыць сілы, якія хаця б часткова нагадвалі тое, што яны мелі ў лютым.

Пры гэтым навучаньне расейскіх рэзэрвістаў вельмі залежыць ад таго, якія рашэньні прымуць у Крамлі. Некаторых рэзэрвістаў ужо паслалі ва Ўкраіну і яны там загінулі. Ужо праз 2 дні пасьля абвяшчэньня мабілізацыі былі паведамленьні пра змабілізаваных рэзэрвістаў, якія вяртаюцца ў Расею ў трунах.

Таму мы ня ведаем, як доўга будзе працягвацца навучаньне расейскіх вайскоўцаў у Беларус — ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў ці нават месяцаў.

На жаль, мы будзем ведаць, якая мэта ў гэтых сілаў, толькі калі яны пачнуць перадысьлякацыю. Калі пачнуць рух да мяжы, гэта верагодна будзе сьведчыць пра падрыхтоўку наступу зь беларускай тэрыторыі на Ўкраіну.

Магчыма, расейскія палігоны перапоўненыя, і Беларусь выкарыстоўваецца толькі для навучаньня, а пасьля навучаньня гэтых вайскоўцаў накіруюць назад у Расею і пашлюць на фронт ва Ўкраіну, а з тэрыторыі Беларусі ніякага наступу не адбудзецца.

«Беларускую інфраструктуру расейцы выкарыстоўваюць бяз значных зьменаў»

— Калі вы гледзіце на тое, як выкарыстоўваецца тэрыторыя і інфраструктура Беларусі ў апошнія месяцы, ці бачыце нейкія значныя зьмены параўнальна з папярэднімі месяцамі? І ці здолелі вы пацьвердзіць паведамленьні пра тое, што іранскія дроны, якія выкарыстоўвалі для бамбаваньня Ўкраіны, запускалі зь беларускай тэрыторыі?

— Ці бачыў я сам доказы, што гэта было так? Не, ня бачыў. Але лічу, што ўкраінцы былі даволі шчырымі ў такіх пытаньнях, лічу даволі надзейнымі іхныя паведамленьні, што беларускую тэрыторыю выкарыстоўвалі, каб запускаць іранскія дроны.

І, калі шчыра, гэта не было б нечаканасьцю, бо Расея выкарыстоўвала паветраную прастору Беларусі ня толькі для таго, каб запускаць ракеты тыпу «зямля-зямля», але і каб наносіць удары па Ўкраіне з паветра над беларускай тэрыторыяй.

Але мы не змаглі незалежна пацьвердзіць гэтыя паведамленьні пра дроны.

— А ці бачыце вы значныя зьмены ў тым, як цяпер выкарыстоўваецца тэрыторыя і інфраструктура Беларусі параўнальна з папярэднімі месяцамі?

— Не, ня думаю, што былі нейкія зьмены. Бо Беларусь працягвае забясьпечваць расейскія сілы, падобна, ня толькі абсталяваньнем, але і харчаваньнем. Таксама днямі зьявіліся паведамленьні, што адно з мэдычных падразьдзяленьняў, якое належыць беларускаму Генэральнаму штабу, накіравалі на Обуз-Лясноўскі палігон, каб аказваць мэдычную дапамогу расейскім сілам, разьмешчаным там.

Але, зноў жа, гэта тое самае, што было відавочна ў лютым і сакавіку. У гэтым я ня бачу зьменаў.

— Ці вы назіралі значныя зьмены на іншых вайсковых аб’ектах Беларусі, акрамя Обуз-Лясноўскага палігону?

— Расейскія сілы, праўдападобна, разьмешчаныя на двух ці трох палігонах. Мы спрабуем атрымаць інфармацыю пра іншыя два. Адзін зь іх можа быць каля Віцебску. Але пакуль няма паведамленьняў пра маштабнае разьмяшчэньне расейскіх сілаў у Беларусі.

«Калі будзе напад зь беларускай тэрыторыі, Украіна ў адказ ударыць прынамсі па расейскіх цэлях у Беларусі»

— З улікам разьвіцьця падзеяў вайны ці бачыце вы патэнцыйны сцэнар, у якім украінцы могуць нанесьці ўдары па расейскіх вайсковых абʼектах на беларускай тэрыторыі?

— Думаю, што калі будзе наземная атака зь Беларусі, гэтым разам Кіеў адкажа з выкарыстаньнем вайсковай сілы.

Калі гэта будзе супольны расейска-беларускі напад, дык Украіна, імаверна, будзе разглядаць і ўдары па беларускіх цэлях. Але, думаю, цяпер ужо даволі ясна, што калі зноў будзе напад наземнымі сіламі зь беларускай тэрыторыі, Украіна ў адказ ударыць прынамсі па расейскіх цэлях у Беларусі.

— Вы ўжо сказалі, што расейскае кіраўніцтва ўлічвае рост прысутнасьці NATO на ўсходніх межах. Нядаўна, пасьля інцыдэнту з ракетай, якая ўпала на тэрыторыю Польшчы, калі загінулі два чалавекі, польскі бок абвясьціў, што разьмесьціць непадалёк ад мяжы супрацьпаветраныя сыстэмы Patriot, якія паабяцала даць Нямеччына. Ці бачыце вы сцэнары эскаляцыі, калі Польшча можа аказацца ўцягнутай у ваенныя дзеяньні — магчыма, нават без наўмыснага плянаваньня ніводным з бакоў, ані расейскім, ані польскім?

— Думаю, Польшча была даволі стрыманай у адказе на гэты меркаваны напад. Выглядае, польскія палітыкі сказалі: «Давайце супакоімся. Сытуацыя, відавочна, сурʼёзная, але нам трэба пачакаць інфармацыі, каб пацьвердзіць, што насамрэч адбылося».

Лічу гэтую рэакцыю вельмі адказнай. І на цяперашнім этапе ня бачу сытуацыі, у якой Польшча заняла б больш ваяўнічую пазыцыю. Калі б адбыліся новыя напады на Польшчу — асабліва калі б расейскія ракеты зьбіліся з курсу і прызямліліся ў Польшчы, забіўшы палякаў, гэта было б, без сумневу, трывожна і абмяркоўвалася б у шырэйшым альянсе NATO. Але цяпер я не прадбачу такіх падзеяў.

«Асноўныя фактары вайны — доступ Украіны да заходняй зброі і новыя хвалі мабілізацыі ў Расеі»

— Якія фактары будуць найбольш вызначаць разьвіцьцё падзеяў у вайне ў наступныя месяцы і, магчыма, увесну?

— З украінскага боку, думаю, гэта будзе стабільны доступ да заходніх узбраеньняў. Бо ўсё ясьнейшым робіцца, што здольнасьць Украіны ваяваць вельмі залежыць ад дапамогі краінаў NATO і іншых заходніх партнэраў.

А што да Расеі, дык тут гаворка пра стабільны прыток асабовага складу. Толькі што была адна хваля мабілізацыі. Расейскія ўлады сьцьвярджаюць, што другой хвалі ня будзе, але я ня быў бы ў гэтым так упэўнены.

Бо калі расейцы атрымаюць паразу на фронце, дык адзіны адказ, які застанецца ў Расеі, – паслаць больш сілаў для ўдзелу ў баявых дзеяньнях, а гэта б азначала больш сьмерцяў з расейскага боку і таксама з украінскага.

— Калі цяперашнія тэндэнцыі працягнуцца — Захад будзе стабільна пастаўляць зброю, а Расея арганізуе другую хвалю мабілізацыі — якім вы бачыце балянс сілаў?

— Гэта надзвычай цяжка прадказваць. Трэба памятаць, што Ўкраіна пакуль не пачынала новую хвалю мабілізацыі ў адказ на расейскую мабілізацыю. Гэта значыць, украінцы даволі ўпэўненыя, што цяпер маюць дастаткова войскаў, каб разьбіць расейцаў.

Калі Расея правядзе дадатковую мабілізацыю, украінцы, імаверна, адкажуць тым самым. І мяне непакоіць, што тады гэта ператворыцца ў вайну на зьнясіленьне. А ў Расеі нашмат больш людзей, якіх можна патэнцыйна змабілізаваць, чым ва Ўкраіне. Калі ізалявана разглядаць вайну на зьнясіленьне, дык у такой вайне Расея мае больш шанцаў перамагчы.

Але тут столькі ўмоваў, якія трэба браць пад увагу, і вайна непрадказальная. Вайна не разьвіваецца лінейным чынам. Нам трэба назіраць за падзеямі і спрабаваць аналізаваць іх на штодзённай аснове.

— Але бяз новых мабілізацыяў, зь цяперашнімі тэндэнцыямі, які сцэнар вы бачыце на наступныя некалькі месяцаў, да вясны?

— Думаю, украінцы здолеюць правесьці яшчэ адну маштабную апэрацыю. Пабачым, ці гэта будзе ў Запароскай, ці ў Луганскай вобласьці. Тут варта мець на ўвазе розьніцу ў рыштунку паміж украінцамі і расейцамі. У расейцаў у сутнасьці няма зімовага рыштунку, а ўкраінцы нашмат лепш падрыхтаваныя да зімовых апэрацыяў. Для расейцаў наступныя некалькі месяцаў будуць надзвычай цяжкімі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG