Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Грамадзкасьць баіцца страціць апошнюю надзею». Экспэрт пра тое, чаму генэрала, які адступіў з Херсону, робяць героем


Сяргей Суравікін
Сяргей Суравікін

Другія суткі, як расейскіх вайскоўцаў на правым беразе Дняпра няма. Нягледзячы на гэтае адступленьне, расейская прапаганда літаральна робіць з камандуючага расейскай групоўкай ва Ўкраіне генэрала Сяргея Суравікіна героя.

Пра гэта на сайце «Настоящего Времени» піша Юры Баранюк.

У расейскіх дзяржаўных СМІ пра яго кажуць добра ці ніяк. Яўген Прыгожын, камэнтуючы так званы манэўр Суравікіна, сказаў, што генэрал «паступіў як мужчына, які не баіцца адказнасьці». І амаль тое ж самае напісаў пра яго Рамзан Кадыраў: «Суравікін паступіў як сапраўдны баявы генэрал, які не баіцца крытыкі». Кіраўнік Чачэніі і Суравікін былі знаёмыя і раней. У сябе ў тэлеграме Кадыраў называў генэрала «дарагім братам».

Для параўнаньня: генэрала Аляксандра Лапіна зьнялі з пасады за адступленьне з-пад Ліману. А гэта, па сутнасьці, такі ж «манэўр», як той, што Суравікін паказаў на херсонскім напрамку. Пры гэтым нават міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў у інтэрвію Reuters адзначыў, што пад кіраўніцтвам Сяргея Суравікіна расейскае войска ўсё ж стала дзейнічаць больш дысцыплінавана. Але размова пра агульную каардынацыю, а не пра стаўленьне да цывільных аб’ектаў і насельніцтва. «Ён выкарыстоўвае тэрарыстычную тактыку супраць цывільных, супраць грамадзянскай інфраструктуры: выкарыстоўвае ракеты і дроны, асабліва іранскія дроны. І гэта дактрына тэрарыстаў, чаму мы і называем іх краінай-тэрарыстам», — заявіў міністар Рэзьнікаў.

«Задачы ўжо зразумелыя, якія пастаўлены перад Суравікіным і ўсім экспэдыцыйным корпусам расейскай арміі ва Ўкраіне, — гэта ўтрыманьне Крыму, сухапутнага калідору ў Крым, Марыюпаль — Бярдзянск — Мелітопаль. І ўтрыманьне Луганскай вобласьці, і вызваленьне ад украінскіх войскаў Данецкай вобласьці», — упэўнены ваенны экспэрт, палкоўнік ВСУ ў запасе Раман Сьвітан.

Гэтую здагадку пацьвярджаюць спадарожнікавыя здымкі: Расея разгарнула маштабнае будаўніцтва ліній абароны ў Крыме і на ўсходнім фронце. Нягледзячы на заявы генэрала Суравікіна аб неабходнасьці берагчы жыцьці салдат, туды ў тым ліку накіроўваюць мабілізаваных расейцаў без баявога досьведу.

Вось як сытуацыю вакол Суравікіна пракамэнтаваў палітоляг Абас Галямаў. Ён лічыць, што расейцы, якія ўхваляюць вайну ва Ўкраіне, трымаюцца за генэрала як за апошнюю надзею.

«Вайсковая грамадзкасьць настолькі баіцца цяпер страціць апошнюю надзею, якую зьвязала з Суравікіным. Яна страшна баіцца расчароўвацца, і яна доўга яшчэ будзе заплюшчваць вочы на недапрацоўкі, недахопы, праколы Суравікіна, баючыся несьвядома застацца наогул без куміра. Гэта значыць жыць у сьвеце без куміра для гэтай вэртыкальна арыентаванай публікі і ня мець наверсе правадыра, які нас вядзе ў сьветлую будучыню, гэта ўвогуле страшна. Гэта жудасная карціна сьвету для гэтых людзей, таму яны ўжо расчараваліся ў Пуціне. І тут Суравікін — апошняя надзея. Але яны баяцца ў ім расчаравацца, гэта нешта несьвядомае.

Гэта збольшага праект, які вядзецца Крамлём з мэтай зрабіць з Суравікіна „громаадвод“, які прыцягне да сябе частку нэгатыўных эмоцый на момант канчатковага расчараваньня ў сыстэме. Ніхто не разьлічвае, што Пуціну цалкам удасца пазьбегнуць гэтых стрэл народнага гневу. Але калі хоць 5% гэтых стрэл Суравікін адцягне на сябе — ужо добра», — мяркуе Абас Галямаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG