Сваё рашэньне ваяваць за Ўкраіну Эрык тлумачыць так:
«Бо гэта не вайна Расеі супраць Украіны. Гэтая вайна мае свае карані ў супрацьстаяньні ВКЛ і Маскоўскага Княства. Мы мусім цяпер закончыць тое, што пачалі нашы слаўныя продкі».
— Ехаць на вайну — гэта было эмацыйнае ці асэнсаванае рашэньне? Не шкадуеце пра гэта?
— Я ні пра што ўвогуле не шкадую. Ні пра тую грамадзка-палітычную дзейнасьць, якой я займаўся ў Беларусі з 90-х гадоў. Ні пра рашэньне ехаць на вайну. Яно было асэнсаванае. У маім выпадку ўсё склалася так: я вырашыў ехаць ва Ўкраіну, і ў гэты ж час у Беларусі «бомбы» каля мяне сталі класьціся ўсё бліжэй і бліжэй — затрымлівалі маіх знаёмых, партнэраў у працы. Разумеў, што я магу быць наступным. Калі я перасек мяжу ў Польшчу, мне прыйшла SMS, каб я пачысьціў перапіскі — узялі яшчэ аднаго майго прыяцеля.
Чаму ня полк Каліноўскага, а «Пагоня»? Папраўдзе мне было ўсё роўна, куды ехаць. Так атрымалася. І я не шкадую. Не магу раскрываць дэталяў сваёй біяграфіі, бо ў Беларусі засталіся блізкія людзі. Але скажу так, што маё бачаньне сьвету, паглыбленыя веды гісторыі, хобі, фізычны стан дазваляюць мне нароўні з маладымі байцамі (а мне 50 гадоў) рабіць тое, чым займаюцца жаўнеры на вайне. Маю веды і досьвед, каб упэўнена пачувацца тут.
— Ці вайна Ўкраіны і Расеі чужая для беларусаў? Ці маглі б вы спакойна жыць — калі не ў Беларусі, то ў Польшчы?
— Я працаваў у некалькіх праектах, дзе займаўся паглыбленым вывучэньнем гісторыі Беларусі, у якой ільвіная доля — гэта гісторыя ВКЛ і Рэчы Паспалітай. І гэта гісторыя расейскай акупацыі таксама. Тая вайна, якая цяпер ідзе, насамрэч мае свае карані ў супрацьстаяньні ВКЛ і Маскоўскага Княства. Тое, што не дарабілі нашы слаўныя продкі, мусім цяпер скончыць мы. Таму месца беларуса цяпер менавіта тут. Беларуса, які разумее адказнасьць за будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў. Вырашальным у гэтай вайне ёсьць асэнсаваньне, што гэта ня проста вайна паміж Расеяй і Ўкраінай. Гэта вайна глыбейшая — гістарычная, культуралягічная, вайна паміж дэмакратыяй і дэспатыяй, сьвятлом і цемрай. Калі ты гэта разумееш, ты мусіш адказваць за будучыню.
— Вы ўдзельнічалі ў баі пад Бахмутам, дзе загінуў беларус «Жнец», іншыя былі параненыя, раскажыце пра гэта.
— Мы ўдзельнічалі ў бітве за Бахмут. Гэта адзін з крытычных кірункаў, дзе ўкраінцы не цярпяць паразы, але туды ідзе нечалавечы ціск расейскай навалы. Менавіта там залучаныя адборныя падразьдзяленьні «Вагнэра», яны ідуць наперадзе. І 24/7 артылерыйскія і мінамётныя абстрэлы. Там не бывае выходных ці праходных. Там проста пекла, і мы былі ў гэтым пекле. Там мы страцілі пабрацімаў, беларуса «Жняца».
Я не скажу, што мы тут усе сябры. Мы тут браты. «Жнец» мне бліжэйшы, чым любы сваяк. Ягоная гібель — гэта шнар на сэрцы. Я толькі пасьля ягонай гібелі даведаўся, што ён напалову этнічны беларус. Гэта сьведчыць пра тое, што ён не хадзіў і ня ляпаў языком налева-направа. Ён для мяне быў сапраўдным беларусам: ніводнага лішняга слова ці руху. Усё толькі для справы. Ён быў адным з самых высокапрафэсійных жаўнераў, якіх я бачыў на гэтай вайне.
Беларусы былі параненыя, але як ацаніць — лёгка ці цяжка? Калі ў цябе аскепак у вене застаўся і яго не вымаюць, каб ты ня сьцёк крывёй, то гэта, у прынцыпе, называецца лёгкім раненьнем. Так было ў тым баі з адным нашым беларусам.
Пакуль я езьдзіў на пахаваньне «Жняца», забілі нашага пабраціма-ўкраінца.
— Што вам дапамагае захаваць цьвярозы розум на вайне, перанесьці ўсе гэтыя жахі?
— Калі ты сьвядома едзеш на вайну, у арганізьме ўключаюцца пэўныя мэханізмы. Калі ўвесь час канцэнтравацца на жахах вайны, гэта не дазволіць табе ваяваць. Ваярская лінія паводзінаў мусіць быць такой, каб не чапляцца за жахі вайны. Мусіш увесь час выконваць функцыі, абавязкі, рабіць гэта найлепшым чынам. Мусіш гэта рабіць, каб застацца жывым. Як мінімум сам, максымум — і каб пабрацімы засталіся жывымі. Як толькі ты «паплыў» — ня будзе цябе і, як я казаў, максымум — пабрацімаў. Проста ня маеш выбару. Таму той, хто канцэнтруецца на жахах, сыходзіць з дыстанцыі.
— Як вы ставіцеся да рашэньня ўладаў Украіны не выплочваць «сьмяротныя» ў выпадку гібелі беларусаў?
— Зразумела, мы ставімся нэгатыўна. Але разумеем, чаму так адбываецца. Украінцы маюць поўнае права ставіцца нэгатыўна як да Беларусі, так і да беларусаў. Гэта ня значыць, што яны маюць рацыю. Гэта значыць, што маюць права.
Тым, хто не разумее, я прапаную стаць на месца ўкраінцаў. Калі ты пабачыш, што рабілі расейцы тут з дапамогай беларусаў (дадам, што значная частка беларусаў дагэтуль падтрымлівае Расею), то як ты будзеш ставіцца?
Кажуць: «Дык гэта не беларусы, гэта Лукашэнка». Давайце прызнаемся шчыра: значная частка беларусаў з задавальненьнем глядзела, як праз нашу тэрыторыю ішлі расейскія войскі на Ўкраіну. Калі мы ў гэтым прызнаемся, тады і зразумеем пачуцьці тых украінцаў, якія нэгатыўна ставяцца да беларусаў.
Зразумець можна. Але гэта не азначае, што яны робяць слушна. Тут яшчэ прысутнічаюць брудныя палітычныя гульні. Ёсьць розныя палітычныя групоўкі, якія хочуць цяпер набыць сабе балы ў палітычных гульнях, паказаць, што яны сьвяцейшыя за папу Рымскага. Паказаць, якія яны патрыёты.
Мне ўсё ж думаецца, што мы неяк знойдзем выйсьце з гэтай сытуацыі.
— Чаго, на ваш погляд, цяпер не хапае Ўкраіне для перамогі? Толькі цяжкага ўзбраеньня?
— Я глядзеў бы глыбей на гэта. Украіне, як і ўсім нам на постсавецкай прасторы, трэба хутка пазбавіцца савецкіх рудымэнтаў. І ў вайсковым кіраўніцтве, і ў цывільным шмат савецкага бруду, які тармозіць рух Украіны наперад. Савецкае рудымэнтарнае мысьленьне. Мы з гэтым сутыкаемся тут амаль кожны дзень. Пазбаўленьне гэтага ўсяго савецкага — частка гістарычнага працэсу. Ён будзе даволі павольны і балючы. Таму і вайна хутка ня скончыцца.
Часам саюзьнікі не сьпяшаюцца пастаўляць зброю, бо яна можа выкарыстоўвацца ня так эфэктыўна, як магла б. Тады яны шукаюць пункты, куды можна паставіць зброю. Натуральна, каб саюзьнікі завалілі ўкраінцаў зброяй, то вайна б паскорылася на нашу карысьць.
— У гутарках зь беларускімі добраахвотнікамі часта гучыць выказваньне, што «вызваленьне Беларусі наступіць праз вызваленьне Ўкраіны». Вы згодныя з такім тэзісам?
— Я б ня зьвязваў намёртва гэта. Вызваленьне Беларусі залежыць выключна ад саміх беларусаў. Перамога Ўкраіны дапаможа нам здабыць свабоду. Але ж ратаваньне тых, хто тоне, — справа рук саміх тапельцаў. Людзі ў нас, у «Пагоні», у палку Каліноўскага, у «Тэроры» штодзень сваімі рукамі і крывёй здабываюць перамогу. І нехта недзе кажа: «Пачакаем. Хлопцы там даробяць і да нас прыйдуць і вызваляць». Ня трэба нас чакаць. Давайце разам рабіць. Я так бы сказаў.
Мае мары, вядома ж, зьвязаныя зь Беларусьсю. Кожны дзень, незалежна ад абставінаў, дзе я толькі не апынаюся, Беларусь так ці інакш са мной, у маіх думках, словах, успамінах — пра маю каханую, пра дзяцей і малую радзіму.
— У інтэрнацыянальным батальёне служаць людзі розных нацыянальнасьцяў. Беларусы вылучаюцца там? Чым менавіта?
— Наша адметнасьць — стабільнасьць (сьмяецца). Напрыклад, грузіны занадта эмацыйныя. Гэта можа дапамагчы ў вырашэньні хуткабежных задачаў. Але на доўгатэрміновыя задачы эмацыйнасьці можа не хапіць. У беларусаў жа ёсьць уласьцівасьць захоўваць спакой. І ў гэтым спакоі ўвесь час сумленна, сьціснуўшы зубы, рабіць сваю справу. Гэта дазваляе нам выконваць задачы, якія перад намі стаяць.
— Ці праўда, што беларусы ў розных падразьдзяленьнях, калі пачытаць у інтэрнэце, не сябруюць паміж сабой? «Пагоня» — сабе, а полк Каліноўскага — сабе? Ці няма ідэяў аб’яднацца?
— Мы, беларусы, у розных падразьдзяленьнях насамрэч аб’яднаныя паміж сабой. Як адной мэтай, так і адным духам. Зразумела, што ёсьць розныя людзі. Мы ня побач фізычна, можа быць, таму, што згуртаваныя вакол розных лідэраў, якія фармуюць асяродзьдзе. Але гэта нас не падзяляе. Мае сябры ваююць у палку Каліноўскага. Мае знаёмыя — у «Тэроры». Мы перапісваемся. Ніхто не высьвятляе адносінаў. Мы падтрымліваем адзін аднаго. Насамрэч мы аб’яднаныя. А хто дзе што кажа, ляпае языком, не падумаўшы, — Бог ім судзьдзя, як той казаў.
— Цяпер ледзьве ня модна стала запісваць звароты ад беларускіх добраахвотнікаў з прэтэнзіямі да Сьвятланы Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінэту. Ужо выступілі Ігар «Янкі», за ім — Радзівон Батулін з «Тэрору». Як вы ставіцеся да гэтага?
— Я думаю, што «Янкі» ці кіраўніцтва «Тэрору» маюць права так думаць і гаварыць. Мяркую, што Ціханоўская мусіла б прыехаць ва Ўкраіну ў першыя дні вайны. Пераходны кабінэт мусіў быў ясна і канкрэтна выказаць свае думкі наконт таго, што адбываецца. Ціханоўская ці яе рэзыдэнты мусілі б тут стаць побач (не для фотак, натуральна) з нашымі байцамі, валянтэрамі. Каб акунуцца ў атмасфэру, якая тады была.
Наконт таго, што толькі добраахвотнікі могуць цяпер прадстаўляць беларусаў? У мяне няма нейкага мэсіянства. Я лічу, што ўсе беларусы павінны цяпер як ніколі разумець, што мы ўсе мусім быць разам, дапамагаць адзін аднаму. Мы таксама ў стане вайны, хоць не такой, як ва Ўкраіне. Беларусь пад акупацыяй, беларусы ў выгнаньні, іншыя ваююць на ўкраінскім фронце. Лідэры мусяць знайсьці вагары, мэханізмы ўплыву, якія б аб’ядноўвалі нас усіх.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.