Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яе знайшлі ў абдымках каханага». Што расказваюць калегі загінулай ад расейскай атакі у Кіеве цяжарнай жанчыны


Вікторыя Замчанка, якая загінула ад выбуху расейскага дрона на шостым месяцы цяжарнасьці ў Кіеве
Вікторыя Замчанка, якая загінула ад выбуху расейскага дрона на шостым месяцы цяжарнасьці ў Кіеве

17 і 18 кастрычніка Расея запусьціла чарговыя партыі дронаў іранскага паходжаньня на Кіеў.

Пад ударам другі раз цягам апошніх сямі дзён зноў апынуўся Шаўчэнкаўскі раён сталіцы Ўкраіны — тут знаходзяцца амаль усе структуры дзяржаўнага кіраваньня, большасьць вышэйшых навучальных устаноў, культурныя аб’екты, тэатры, замежныя амбасады і, вядома ж, жылыя дамы.

У часе першай атакі 10 кастрычніка на гэты раён загінулі два дзясяткі мірных жыхароў і амаль 90 атрымалі раненьні. Падчас другой атакі, 17 кастрычніка, загінула маладая сям’я, Багдан і Вікторыя Замчанкі, якія чакалі дзіця. Свабода сабрала, што пра іх вядома.

«Яны не хацелі зьяжджаць»

Віка і Багдан ня мелі свайго жытла. Яны арандавалі кватэру ў чатырохпавярховым доме, пабудаваным яшчэ на пачатку ХХ стагодзьдзя мясцовым прадпрымальнікам.

Уласьніца кватэры паведаміла, што адразу пасьля першай атакі расейцаў на суседні квартал яна прапанавала ім пераехаць у больш бясьпечнае месца. Але Багдан адмовіўся, сказаўшы: «Міна двойчы ў адну варонку не трапляе».

Калі жанчына даведалася аб новай атацы, прыехала да будынку, але пабачыла, што ейнай кватэры ўжо няма, а тэлефоны Вікі і Багдана па-за зонай дасяжнасьці.

Атака расейскага дрона на Кіеў, 17 кастрычніка 2022
Атака расейскага дрона на Кіеў, 17 кастрычніка 2022

«Віка заўсёды была моцнай»

Пасьля таго, як стала вядома аб гібелі маладой сям’і, украінская кампанія Goodwine паведаміла, што Віка працавала ў іх самілье.

«Сёньня вельмі цёмны дзень для нашай кампаніі. Мы страцілі Віку, нашу самелье, неймаверна добрага і чуйнага чалавека, частку нашай сям’і», — паведаміла кампанія на сваёй старонцы ў Facebook. Віка працавала самелье шэсьць гадоў.

«Яна была адзінай дзяўчынай у аддзеле, але ніколі не была слабой, для яе не існавала складаных задач і выклікаў. Яна шчыра любіла віно і сваю працу», — адзначылі ў кампаніі.

«Сёньня яе цела знайшлі ў абдымках з каханым мужам Багданам і катом у будынку, куды прыляцеў расейскі дрон. Яны чакалі дзіця. Мы шалёна любілі Віку. Упэўнены, любілі і вы. Складана падабраць патрэбныя словы.

Але скажам фразу Вікі, якую яна стала паўтарала: „Трэба менш сябе шкадаваць“. Такой моцнай мы яе запомнім назаўжды», — падкрэсьлілі калегі Вікі.

Зяленскі пра гібель сям’і: новае «дасягненьне» Пуціна

Пасьля гібелі Вікі і атак дронаў на 25 населеных пунктаў Украіны прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі не падбіраў слоў.

«У Кіеве яны забілі маладую сям’ю, пацэліўшы ў дом іранскім „Шагедам“. Хлопец і цяжарная дзяўчына на шостым месяцы. Уладзімір Пуцін можа запісаць сабе чарговае „дасягненьне“ — забіў яшчэ адну цяжарную жанчыну», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце да ўкраінцаў.

Украінскія вайскоўцы спрабуюць зьбіць расейскі дрон над Кіевам. 17 кастрычніка
Украінскія вайскоўцы спрабуюць зьбіць расейскі дрон над Кіевам. 17 кастрычніка

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG