Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна вызваліла яшчэ некалькі вёсак на Харкаўшчыне і Херсоншчыне. Ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 50 населеных пунктаў


Украінскія вайскоўцы заяжджаюць у адну з вызваленых вёсак у Данецкай вобласьці, 3 кастрычніка 2022
Украінскія вайскоўцы заяжджаюць у адну з вызваленых вёсак у Данецкай вобласьці, 3 кастрычніка 2022

Расейскія войскі за апошнія суткі нанесьлі па Ўкраіне тры ракетныя і 12 артылерыйскіх удараў, а таксама зьдзейсьнілі больш за 100 абстрэлаў з рэактыўных сыстэм залпавага агню.

Як паведаміў Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны, ад абстрэлаў пацярпелі звыш 20 населеных пунктаў у Данецкай вобласьці, столькі ж у Запароскай, Мікалаеўскай і Херсонскай і па некалькі населеных пунктаў у Днепрапятроўскай, Луганскай і Харкаўскай абласьцях.

Украінскія вайскоўцы паведамілі, што паднялі ўкраінскі дзяржаўны сьцяг у Залатой Балцы, Міралюбаўцы і Міхайлаўцы Херсонскай вобласьці, а таксама ў сяле Баравая на Харкаўшчыне. Узброеныя сілы Ўкраіны працягваюць наступальную апэрацыю.

Пазьней стала вядома, што ўкраінскія войскі вызвалілі ад расейцаў Навапятроўку ў Херсонскай вобласьці, а таксама Багуслаўку і Бароўскую Андрэеўку ў Харкаўскай вобласьці.

Мапа баявых дзеяньняў, паказаная расейскім Міністэрствам абароны на брыфінгу 4 кастрычніка, сьведчыць пра адступленьне расейскай арміі амаль на 30 кілямэтраў у Херсонскай вобласьці і поўнае вызваленьне Ўкраінай Харкаўскай вобласьці. На гэта зьвярнула ўвагу выданьне «Агентство».

3 кастрычніка на прадэманстраваных у часе штодзённага брыфінгу мапах міністэрства паказвала, што Расея нібыта кантралюе частку Харкаўскай вобласьці на ўсходніх берагах рэк Аскол і Северскі Данец. На новай мапе Масква кантралюе толькі невялікі ўчастак рэгіёну на паўночны ўсход ад Двурэчнага. У аўторак пра вызваленьне паведамілі вёскі Багуслаўка і Бароўская Андрэеўка ў Ізюмскім рэгіёне, што набліжае ўкраінскую армію да Луганскай вобласьці зь яшчэ аднаго напрамку.

На мапе ў Херсонскай вобласьці лінія фронту напярэдадні праходзіла ў раёне населеных пунктаў Давыдаў Брод, Дабранка і Залатая Балка. У аўторак Мінабароны РФ паказала, што пад кантролем расейскага войска знаходзіцца тэрыторыя прыкладна да лініі паміж Давыдавым Бродам і Дудчанамі, піша «Агентство». Такім чынам, лінія фронту ў рэгіёне перамясьцілася на поўнач прыкладна на 30 кілямэтраў.

Украінская армія навязвае Расеі свой сцэнар баявых дзеяньняў

Кіраўнік украінскага Цэнтру вайскова-прававых дасьледаваньняў Аляксандар Мусіенка мяркуе, што пералом на полі бою адбыўся дзякуючы лепшай сыстэме падрыхтоўкі і кіраваньня ва ўкраінскай арміі, а яшчэ таму, што расейскае войска ня можа ўтрымліваць усю лінію фронту, працягласьць якой складае каля тысячы кілямэтраў на ўсходзе і поўдні.

«Мы бачым, што стратэгія, якую выбралі Ўзброеныя сілы Ўкраіны: на зьнясіленьне праціўніка, нанясеньне агнявых удараў па складах, па лягістычным забесьпячэньні, па камандных пунктах расейскіх войскаў — гэта прывяло да таго, што яны пачалі страчваць такую неабходную для іх перавагу ў артылерыі. Бо склады выбухаюць, не пасьпяваюць яны папаўняць і кампэнсаваць страты», — сказаў Аляксандар Мусіенка ў інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время».

Паводле экспэрта, украінскія войскі фактычна разьбілі 20-ю агульнавайсковую армію Расеі, якая трымала фронт у Харкаўскай і Данецкай абласьцях і была найбольш падрыхтаванай і баяздольнай вайсковай сілай Расеі.

Інстытут вывучэньня вайны: украінскае войска працягвае выніковы контранаступ

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) адзначылі істотныя посьпехі ўкраінскага войска ў Данецкай і Херсонскай абласьцях.

«Да 2 кастрычніка часткі 144-й мотастралковай дывізіі 20-й агульнавайсковай арміі адышлі зь Лімана ў тыл каля Крамянной. Раней расейскія крыніцы паведамлялі, што ў Херсонскай вобласьці дзейнічаюць падразьдзяленьні 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі. Гэтыя дывізіі лічыліся элітнымі сіламі Расеі, і іхная відавочная няздольнасьць утрымаць тэрыторыю на фоне вялікіх украінскіх контранаступальных дзеяньняў адпавядае папярэдняй ацэнцы ISW, што нават найлепшыя расейскія вайсковыя сілы ўсё больш дэградуюць па меры працягу вайны. Гэта таксама было відаць у разгроме 4-й танкавай дывізіі 1-й гвардзейскай танкавай арміі раней на Харкаўшчыне», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту.

Адтэрміноўка чарговага прызыву ў Расеі — сьведчаньне праблем з падрыхтоўкай

Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі зьвярнула ўвагу на тое, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў распараджэньне аб правядзеньні чарговага восеньскага прызыву ў войска 120 тысяч юнакоў, дадаткова да заяўленых 300 тысяч у межах мабілізацыі, абвешчанай 21 верасьня.

«Прызыўнікі паводле закону ня могуць быць камандзіраваныя за межы Расеі. Прызыўны цыкль пачнецца 1 лістапада 2022 году — на месяц пазьней, чым звычайна. Позьні пачатак цыклю — прыкмета росту ціску на здольнасьць Расеі навучыць і аснасьціць вялікую колькасьць новых вайскоўцаў. Задачы разьмяшчэньня, падрыхтоўкі, забесьпячэньня і разгортваньня мабілізаванага і прызыўнога складу значныя. Заганы расейскай адміністрацыйнай і матэрыяльна-тэхнічнай сыстэмы будуць працягваць падрываць гэтыя намаганьні», — мяркуюць у брытанскай выведцы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG