Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі пашпарт Сахашчыка. І Кац як «Арастовіч беларускай рэвалюцыі»


Расейскія пашпарты. Ілюстрацыйнае фота
Расейскія пашпарты. Ілюстрацыйнае фота

Высьветлілася, што ў чальца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валера Сахашчыка ёсьць расейскі пашпарт. Што спарадзіла велізарны скандал. Аднак сама гэтая гісторыя — нагода да глыбокага роздуму наконт стаўленьня беларусаў да Расеі.

Сьцісла

  • Сахашчык не ўспрымаў свой расейскі пашпарт як праблему. Не відавочна, што і зараз успрымае.
  • Паводле сацыялягічных апытаньняў, значная частка беларусаў мае прарасейскі сантымэнт.
  • Адным з самых папулярных (калі ня самым папулярным) відэаблогерам у Беларусі падчас пратэстаў 2020 году быў расеец Максім Кац.
  • Такі фэномэн немагчымы ня толькі ва Ўкраіне, але і ў Малдове, Армэніі ці Кіргізстане.
  • Як пісаў філёзаф Валянцін Акудовіч, «Расея — не на ўсход ад Беларусі, яна — усход Беларусі».
  • Беларускім палітыкам варта ўлічваць гэтыя асаблівасьці масавай сьвядомасьці беларусаў пры прыняцьці як кадравых, гэтак і стратэгічных рашэньняў.

Валер Сахашчык тлумачыць, што пашпарт РФ атрымаў, калі яшчэ служыў у ГДР. Але не адмаўляўся ад расейскага грамадзянства і пазьней, не адмаўляўся і тады, калі Расея пачала агрэсію супраць Украіны, і тады, калі яму прапанавалі ўвайсьці ў склад Кабінэту — палітычнага штабу, альтэрнатыўнага ўраду (прынамсі для пратэставай часткі беларускага грамадзтва).

З інтэрвію Сахашчыка Радыё Свабода вынікае, што калі яму прапаноўвалі пасаду ў Кабінэце, ён сваё расейскае грамадзянства не хаваў. Проста не лічыў, што гэта мае хоць нейкае значэньне. Маўляў, а гэта тут пры чым, у чым праблема? Падаецца, што Сахашчык і зараз проста паводзіць сябе як дысцыплінаваны вайсковец: сказала Ціханоўская выйсьці з грамадзянства РФ, ну дык выйдзе. А навошта — начальству відней.

Пачну крыху здалёк. Вельмі шмат папрокаў гучыць на адрас разнастайных сацыялягічных апытаньняў, якія праводзяцца ў Беларусі. Дасталася і апошняму апытаньню Chatham House. Як так: паводле гэтага апытаньня 71% беларусаў-гараджанаў прыязна ставяцца да Расеі, 37% — за саюз з Расеяй, а за ўступленьне ў ЭЗ — толькі 17%, каля 30% — у той ці іншай форме падтрымліваюць дзеяньні Расеі ва Ўкраіне.

Хіба можна верыць апытаньням у таталітарнай краіне, хто ж скажа праўду, а як жа фактар страху — гэта паўтараецца, як мантра, кожны раз, калі абнародуюцца новыя дадзеныя апытаньняў у Беларусі.

Аднак нейкі дзіўны гэты фактар страху. Ён не перашкаджае 45% апытаных сказаць, што яны не падтрымліваюць дзеяньні РФ ва Ўкраіне, але пры гэтым прымушае 71% рэспандэнтаў заявіць пра сымпатыі да Расеі.

Але добра, верыць нельга, фактар страху і гэтак далей. Але варта прыгадаць, хто быў ці ня самым папулярным, самым прагляданым блогерам беларускай рэвалюцыі 2020 году, хто быў, так бы мовіць, яе «Арастовічам»? Расеец, масквіч Максім Кац. Можна паглядзець колькасьць праглядаў яго ролікаў таго часу, параўнаць з ролікамі іншых, беларускіх відэаблогераў.

Дарэчы, бачыў дадзеныя нават сучасных апытаньняў сярод беларускіх эмігрантаў. Дык і цяпер Кац у іх сярод самых папулярных блогераў.

Ды што ж гэта такое? Беларусы радыкальных поглядаў, напэўна, і тады, і цяпер узрушаныя: як так, Расея — гэта ж арда, гэта ж оркі, гэта ж кат Украіны. Людзі менш радыкальныя могуць заўважыць, што такое немагчыма ні ў якай іншай краіне. Ня толькі ў сучаснай Украіне, ня толькі ва Ўкраіне першага і другога Майданаў. Гэта немагчыма ў Малдове, у Армэніі, у Кіргізстане — каб адным з самых папулярных сьпікераў нацыянальнай рэвалюцыі быў замежнік і пры гэтым расеец. Гэта немагчыма, гэта выключана, гэтага ня можа быць паводле вызначэньня, які б разумны ён ні быў.

А ў Беларусі — магчыма. І які фактар страху паўплываў на гэта? Хто прымушаў беларусаў глядзець і слухаць у 2020 годзе Каца? Лукашэнка ці Пуцін? Дык Максім быў супраць і таго, і другога, і супраць падтрымкі Крамлём Лукашэнкі. І яго гледачы былі супраць і таго, і другога. І хто прымушаў беларусаў глядзець Каца?

А пры чым тут Кац да кейсу Сахашчыка? — спытае чытач. А вось спытайце тыя сотні тысячаў ці нават мільёны беларусаў, якія ў 2020-м глядзелі Каца — а яны ўсьведамлялі, усьведамляюць, што ён жа замежнік, расеец, а Расея — гэта...?

І што яны адкажуць? Ну так, усьведамлялі і ўсьведамляюць. А ў чым праблема? Максім жа разумны. Выбар кожнага асобнага беларуса — гэта яго асабісты выбар. Але супольны выбар соцень тысяч і нават мільёнаў — гэта ўжо асаблівасьць нацыянальнай сьвядомасьці.

Некалі беларускі філёзаф Валянцін Акудовіч дасьціпна напісаў, што «Расея — не на ўсход ад Беларусі, яна — усход Беларусі». Яна ўнутры беларусаў. І кейс «Арастовіча беларускай рэвалюцыі», расейца Каца гэта пацьвярджае.

І кейс з расейскім грамадзянствам Валера Сахашчыка — таксама. Пацьвярджае ў тым сэнсе, што і ён шчыра зьдзіўлены скандалам, які ўзьнік вакол яго расейскага пашпарта. А ў чым праблема? Гэта пытаньне і аматараў Каца, і падпалкоўніка ў адстаўцы.

Ну вось такія беларусы, такі іх мэйнстрым. Гэта зусім ня значыць, што яны за далучэньне да Расеі, што яны падтрымліваюць яе зьверскую агрэсію ва Ўкраіне. Зусім не. Але адкідаць, адмаўляць яе канцэптуальна, прынцыпова — гэта не пра беларускі мэйнстрым.

У гэтым беларусы вельмі адрозныя ад цяперашніх украінцаў. Я не пра тое, хто мае рацыю, я пра тое, як паводзяць сябе масы і іх яскравыя прадстаўнікі. А Валер Сахашчык у гэтым пытаньні — якраз тыповы, масавы беларус. У гэтым, бадай, яго перавага.

Канкрэтная сытуацыя з расейскім пашпартам Сахашчыка вырашыцца, хутчэй за ўсё, яго адмовай ад расейскага грамадзянства. Сытуацыю з «Расеяй — усходам Беларусі», з асаблівасьцямі масавай нацыянальнай сьвядомасьці, праявай якіх стаў кейс Сахашчыка, так проста ня вырашыць.

І варта адно параіць палітыкам ня цешыць сябе ілюзіямі і прынамсі браць пад увагу гэтыя асаблівасьці пры прыняцьці як кадравых, гэтак і стратэгічных рашэньняў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG