Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абсалютная большасьць украінцаў выступае супраць любых тэрытарыяльных саступак Расеі,— апытаньне


Украінскія байцы ля Бахмута Данецкай вобласьці, 15 верасьня 2022
Украінскія байцы ля Бахмута Данецкай вобласьці, 15 верасьня 2022

Сацыёлягі перакананыя, што «як і раней, украінцы, незалежна ад рэгіёна, мовы зносін, этнічнага паходжаньня, захоўваюць высокую згуртаванасьць і нежаданьне ісьці на саступкі агрэсару».

Абсалютная большасьць украінцаў (87%) не гатовыя пайсьці ні на якія тэрытарыяльныя саступкі дзеля як найхутчэйшага спыненьня вайны з Расеяй, сьведчаць вынікі апытаньня, праведзенага Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялёгіі (КМІС).

Як кажуць аўтары дасьледаваньня, у параўнаньні зь ліпенем гэты паказчык вырас на 3 працэнтныя пункты.

«Толькі 8% лічаць, што дзеля дасягненьня міру і захаваньня незалежнасьці можна адмовіцца ад некаторых тэрыторый (і доля такіх людзей зьнізілася ў параўнаньні зь ліпенем на 2 адсоткавыя пункты). Ва ўсіх рэгіёнах Украіны абсалютная большасьць насельніцтва супраць любых тэрытарыяльных саступак. Нават сярод жыхароў усходу, дзе цяпер ідуць напружаныя баі, супраць саступак 85% (гатовыя на саступкі — толькі 10%), а сярод жыхароў поўдня — 83% супраць саступак (гатовыя — толькі 10%)», — гаворыцца ў паведамленьні.

У КМІС адзначаюць, што ў пэрыяд з мая па ліпень на ўсходзе з 68% да 77% паболела тых, хто супраць любых саступак, а ў верасьні гэты паказчык вырас яшчэ да 85%, і цяпер «фактычна няма розьніцы ў поглядах паміж жыхарамі розных рэгіёнаў».

«Асобна адзначым, што сярод рэспандэнтаў, якія да 24 лютага пражывалі на тэрыторыі, якая пасьля 24 лютага была акупаваная (і амаль усе такія рэспандэнты выехалі на тэрыторыі, падкантрольныя ўраду Ўкраіны), толькі 2% выказваюцца за тэрытарыяльныя саступкі. А 92% лічаць, што тэрытарыяльных саступак быць не павінна. Сярод агульнага ліку ўнутраных перасяленцаў 6% падтрымліваюць саступкі, супраць — 90%», — гаворыцца ў дасьледаваньні.

Камэнтуючы вынікі апытаньня, намесьнік выканаўчага дырэктара КМІС Антон Грушэцкі адзначыў:

«Вынікі паказваюць, што, як і раней, украінцы, незалежна ад рэгіёна, мовы зносін, этнічнага паходжаньня, захоўваюць высокую згуртаванасьць і нежаданьне ісьці на саступкі агрэсару. Грамадзкая еднасьць у гэтых пытаньнях — важны фактар як для посьпеху нацыянальнага супраціву, так і для заходніх партнэраў, якія павінны бачыць, што стомленасьці няма і ня варта ціснуць на Ўкраіну і навязваць непрымальны мір. Расейцы таксама павінны разумець, што ўкраінцы свайго аддаваць ня будуць».

Апытанне KMIS праводзілася з 7 па 13 верасьня 2022 году мэтадам тэлефонных інтэрвію з выкарыстаньнем кампутара (computer-assisted telephone interviews, CATI) на аснове выпадковай выбаркі нумароў мабільных тэлефонаў. Апытана 2000 рэспандэнтаў, якія пражываюць ва ўсіх рэгіёнах Украіны (акрамя АР Крым).

У жніўні апытаньне, праведзенае Цэнтрам аналізу і сацыялягічных дасьледаваньняў (CISR) Міжнароднага рэспубліканскага інстытутe (IRI), паказала, што 98% украінцаў упэўненыя ў перамозе ў вайне.

12 верасьня ў інтэрвію амэрыканскаму тэлеканалу CNN прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што перамовы з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным пакуль што немагчымыя. Паводле яго слоў, любое пагадненьне паміж Украінай і Расеяй можа быць заключана толькі ў выпадку поўнага вываду расейскіх войскаў з украінскай тэрыторыі.

Нядаўна агенцтва Reuters са спасылкай на тры ананімныя крыніцы, блізкія да расейскага кіраўніцтва, паведаміла, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на пачатку поўнамаштабнай вайны адхіліў мірнае пагадненьне з Украінай, хоць ягоны дарадца Дзьмітрый Козак пераконваў, што дасягнуў мірнага пагадненьня з Кіевам, якое задавальняе Маскву.

Па словах суразмоўцаў выданьня, гэтую папярэднюю дамову з украінскімі ўладамі падрыхтаваў намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Козак. Па словах чыноўніка, дамоўленасьць, якой ён дасягнуў з Украінай, пазбавіла б Расею ад неабходнасьці поўнамаштабнага ўварваньня. Аднак Пуцін ясна даў зразумець, што ён незадаволены гэтымі саступкамі і плянуе акупаваць тэрыторыю Украіны, адзначае выданьне.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG