Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы міністар культуры: Справу мэдалёў маглі справакаваць спэцслужбы Лукашэнкі, бо ён дагэтуль баіцца Быкава


Ірына Быкава, 2018 год
Ірына Быкава, 2018 год

Падчас «адкрытага ўроку» для школьнікаў на 1 верасьня Лукашэнка прадэманстраваў прысутным у залі Зорку Героя Сацыялістычнай Працы савецкіх часоў, ордэн Леніна, знак Народнага пісьменьніка Беларусі, ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга і пасьведчаньне і заявіў, што «гэта ўсё належыць вядомаму беларускаму пісьменьніку Васілю Быкаву».

Паводле Лукашэнкі, нехта са сваякоў пісьменьніка і іншых прадавалі іх на рынку за 30 даляраў. Удава Быкава, 95-гадовая Ірына Міхайлаўна, дапускае, што мэдалі маглі выкрасьці махляры, якія прадставіліся супрацоўнікамі літаратурнага музэя.

Былы міністар культуры Павал Латушка, які сустракаўся зь Ірынай Быкавай пры нагодзе стварэньня музэя пісьменьніка, пракамэнтаваў Свабодзе абвінавачаньне Лукашэнкі.

Павал Латушка
Павал Латушка

«Я ведаю асабіста Ірыну Міхайлаўну Быкаву. Гэта высокасумленны чалавек. Яна мне яшчэ раней расказвала, што да яе прыходзіла шмат людзей і яна лічыла іх махлярамі. І гэта была адна з прычын, чаму я стаў працаваць над адкрыцьцём музэю, бо экспанаты маглі проста расьцягнуць. Яна ўжо ў сталым узросьце і адрозьніць, хто прадстаўнік літаратурнага музэю ці махляр — цяжка. Але нават калі б яна і прадала гэтыя ўзанагароды, то закон яна б не парушыла. Але тут можна глядзець шырэй. Гэта маглі справакаваць спэцслужбы Лукашэнкі, каб пазьней ён мог паказаць, вось, маўляў, глядзіце, што адбываецца. Лукашэнка да гэтай пары баіцца Быкава. Трэба задаць пытаньне яму: а што ён зрабіў, як нібыта кіраўнік дзяржавы для ўшанаваньня Быкава? Нічога». — кажа Павал Латушка.

Былы міністар культуры дадаў, што з удавой Быкава сапраўды працавалі і супрацоўнікі нацыянальнай бібліятэкі, літаратурнага музэя. У кватэры пісьменьніка яны перапісвалі экспанаты, практычна ўсё зафіксавана. Латушка не выключае, што нейкі махляр сапраўды мог скарыстацца ўзростам Быкавай, і вынесьці ўзнагароды клясыка.

Латушка таксама расказаў, што калі заступіў на пасаду міністра культуры, то напісаў ліст Лукашэнку аб неабходнасьці ўшанаваньня Быкава, наданьні адной з вуліц яго імя, стварэньне музэю і г. д.

«На гэта я, вядома, атрымаў нэгатыўны адказ. Дзесьці напрыканцы сваёй працы, я вярнуўся да пытаньня адкрыцьця музэю пасьля некалькіх сустрэчаў з Ірынай Міхайлаўнай. Яна шмат расказвала, шмат паказвала і тады з Лукашэнкам была гадзінная размова, вельмі цяжкая. Ён не пагадзіўся з тым, што Быкаў больш значная асоба ў гісторыі нашай краіны, у грамадзка-культурнай сфэры. Але ён тады пагадзіўся, каб мы маглі стварыць музэй. Ірына Міхайлаўна перадала ва ўласнасьць дзяржавы лецішча Быкава, якое мы разам наведвалі. І тады яна сказала, што адзіны экспанат, які я наўрад ці прыму — гэта бел-чырвона-белы сьцяг, які ляжаў на труне Быкава, калі яго несьлі па Менску. Але я адказаў, што мы прымем гэты экспанат, але магчыма пакуль ён ня будзе ў экспазыцыі. Дарэчы, калі адкрывалі гэты музэй, то была ўмова Лукашэнкі: ані капейкі бюджэтных сродкаў. Я тады схітраваў і ў выніку выдаткаваў сродкі бюджэтныя, але невялікія. Гэта менш, чым мінімальна». — сказаў Свабодзе Латушка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG