Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падкаст «Красаўцы». Як беларускія жанчыны напалохалі сілавікоў


Падкаст «Красаўцы»
Падкаст «Красаўцы»

Чацьвёртая частка падкасту «„Красаўцы“. Вайна супраць народу ў жніўні 2020» расказвае пра зьмену тактыкі сілавікоў пасьля таго, як дзьве сотні беларусак выйшлі ў белым адзеньні з кветкамі ў руках да Камароўскага рынку ў Менску і сталі ў «ланцуг». Да іх пачалі далучацца жанчыны зь іншых гарадоў. Здабытыя «Кібэрпартызанамі» перамовы міліцэйскага начальства тлумачаць, чаму сілавікі на некаторы час адмовіліся ад гвалту.

УВАГА! У падкасьце ёсьць нецэнзурная лексыка.

Аляксандар Азараў (былы супрацоўнік ГУБАЗіК і выкладчык Акадэміі МУС):

«Справа ў тым, што пасьля разгону ў першы дзень людзей выйшла яшчэ больш, ад абурэньня, як разганялі людзей у папярэдніх пратэстах. Там зьбівалі дзяцей, і цяпер выйшлі іх бацькі. Яны бачылі, што чым больш яны б’юць людзей, тым больш тыя выходзяць. І, відаць, прынялі рашэньне на лібэралізацыю. Проста такі ход. Я ведаю, што нават калі разганялі акцыі пратэсту, ішла калёна — і адразу была каманда па радыёсувязі, маўляў, разганяем, затрымліваем, перакрываем. Але калі ўбачылі, што калёна станавілася занадта вялікай, адразу паступала каманда — адбой, не чапаць гэтую калёну, бо яна занадта вялікая. Міліцыя дзейнічае паводле плянаў, усе пляны яны пішуць, яны аднолькавыя на ўсе акцыі пратэсту. Яны не чапаюць, пакуль людзі не пачынаюць разыходзіцца, а потым затрымліваюць адзіночных людзей, якія ня могуць аказаць адпаведны супраціў. Яны вызвалілі людзей з Акрэсьціна, каб супакоіць народ, ну ўсё, маўляў, хопіць. Але ім гэтага не ўдалося».

Анатоль Котаў (былы супрацоўнік Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта):

«Гэта была прадуманая тактыка. І тое, што цяпер публікуюць кібэрпартызаны, зьлівы размоваў, яны сьведчаць аб тым, што на некалькі дзён, на тыдзень, вырашылі сытуацыю адпусьціць, каб прынамсі злосьць зь людзей выйшла, каб яны не пачалі сапраўды сур’ёзныя сутычкі зь міліцыяй і іншымі сілавікамі. Але гэтая адсутнасьць сілавікоў выклікала тое, што на першы марш выйшла рэкордная колькасьць асобаў».

Алег Алкаеў, былы начальнік СІЗА № 1 у Менску («Валадарка»):

«Міліцыя не магла справіцца. Таму што супраць такой масы фізычных сілаў не хапала. Зброю прымяняць нельга, а маса сваю справу зробіць, і канфлікт перайшоў бы ў актыўную стадыю. Гэты тыдзень быў ступарам для ўлады. Яны паціху пачалі агрэсію. Былі выпадкі, калі зусім міліцыі не было на вуліцы. У натоўпе было шмат інфарматараў, яны перадавалі настроі натоўпу. Калі зразумелі, што ніхто нікога нікуды не заклікае, ніякага перавароту ня будзе, зносіць агароджы, захопліваць палацы ніхто ня будзе... Пайшлі на „Валадарку“, нешта запатрабавалі. Але захапіць „Валадарку“ — справа няпростая. Там вельмі шмат зброі, аблогу могуць тыднямі трымаць, як Берасьцейская крэпасьць. Пастаялі і сышлі — ніхто дзьверы не адчыніў».

Андрэй Астаповіч (былы сьледчы Сьледчага камітэту):

«Бачачы ўсю перадвыбарчую кампанію, усё, што адбывалася і што яны самі прывялі да гэтых масавых дэманстрацый, незадаволенасьці людзей, то нічога прадуманага там не было. Не было ніякага пляну. Частка думала, што ўсё, хана, час здавацца. Нехта сапраўды лічыў, або падказалі ім, што трэба зьняць канфлікт, абмежаваць эмоцыі. А нехта проста ўбачыў жанчын і падумаў: а як біць гэтых жанчын? Сумняваюся, што там быў нейкі геніяльны плян. Яны дзейнічалі па факце таго, што ёсьць, таму што яны пастаянна сутыкаліся з новымі выклікамі. Прадугледзець гэта і сплянаваць немагчыма.

Боепрыпасы разьлятаюцца, шмат ідзе міма, бэнзін па ўсім горадзе. А да серады, я сам бачыў, што, выбягаючы з аўтобуса, у іх гэтыя шчыты цягаліся ўжо па зямлі. Бо адна і тая ж зьмена трэція суткі. Яны не маглі ўжо фізычна вытрымліваць такія нагрузкі столькі дзён запар. А людзей выходзіла ўсё больш. І яны разумелі, што трэба нешта рабіць, каб людзей выходзіла менш. Даць выгуляцца, каб людзі таксама стаміліся. І што па факце і адбылося. Разышліся, ніхто не застаўся, ніякіх намётаў. Паглядзелі на гэта, а пасьля самых актыўных, якіх запісалі на відэа, вылічвалі, у тым ліку і ў чатах, і ціхенька днём езьдзілі і затрымлівалі актывістаў. Гэта ўсё пастаянна тыражавалася ў тэлеграм-каналах, запалохваньне. А іншыя, каму было што губляць, пачалі задумвацца, нехта пачаў зьяжджаць, калі зразумеў, што моцна накасячыў. І таму гэта паступова вычхалася».

Толькі аўдыё:

Падкаст «„Красаўцы“. Вайна супраць народу ў жніўні 2020-га» расказвае аб пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі з гледзішча сілавікоў. Новыя часткі шасьцісэрыйнага падкаст-сэрыялу зьяўляюцца кожны аўторак.

Дзе і як слухаць падкаст «Красаўцы»

Як падпісацца на «Красаўцаў», каб не прапусьціць ніводнага эпізоду

Наш падкаст дасяжны на ўсіх папулярных падкаст-плятформах і ня толькі. Для зручнасьці мы сабралі для вас наўпроставыя спасылкі. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў з нашым падкастам, якая адпавядае вашай прыладзе ў гэты момант.

Падкаст... Што гэта?

Падкаст — гэта аўдыёпраграма, якую можна спампаваць і слухаць у інтэрнэце. Як і радыёперадачы, падкасты часта дзеляцца на цыклі, сэзоны, асобныя часткі і могуць быць прысьвечаныя канкрэтнай тэме. Але гэта нашмат зручней за радыё, бо вы можаце слухаць іх у любы час і на любой зручнай для вас прыладзе і лічбавай плятформе.

Каб карыстацца мабільнымі падкаст-сэрвісамі, неабходна ўсталяваць іх на ваш смартфон. Калі вы падпісаліся на наш падкаст, аплікацыя сама паведаміць аб зьяўленьні новага выпуску.

Усе падкасты Свабоды тут

У падкасьце выкарыстаныя запісы тэлефонных размоваў міліцэйскага начальства, якія рабілі спэцслужбы Беларусі. Гэтыя файлы зьявіліся ў сеціве дзякуючы групоўцы «Кібэрпартызаны» і ініцыятыве «Байпол». Экспэрты пацьвердзілі сапраўднасьць гэтых аўдыёзапісаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG