Адначасова расейскія войскі ў ноч на 10 жніўня абстралялі Днепрапятроўскую і Мікалаеўскую вобласьць і горад Мікалаеў. Раніцай пачалі зь мінамётаў абстрэльваць Сумскую вобласьць.
Вайсковая выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі сьцьвярджае, што Расея стварыла новую групоўку вайсковых сілаў для перакіданьня ва Ўкраіну.
Днепрапятроўскую вобласьць пачалі абстрэльваць пасьля выбухаў у Крыме
Галоўнай мэтай расейскіх абстрэлаў зноў стаў Нікапальскі раён. Як цьвердзяць мясцовыя ўлады, на жылы сэктар расейскія войскі запусьцілі з сыстэмаў «Град» 80 рэактыўных снарадаў. У выніку загінулі 13 цывільных, яшчэ 11 параненыя, пяцёра ў цяжкім стане.
Сярод пашкоджаных аб’ектаў — адзін прыватны і 19 шматпавярховых будынкаў, Палац культуры гарнякоў, цэнтар адміністрацыйных паслугаў, памяшканьні Марганецкага горна-абагачальнага камбінату, памяшканьне водаканалу, гарадзкая рада, школа. Марганец часткова застаўся без сьвятла, бо снарады пашкодзілі лініі электраперадачы.
Расейцы не спыняюць спробы штурму на Луганшчыне і Данеччыне
Расейскія войскі ўжо трэці месяц ня могуць выйсьці на адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай абласьцей і вымушаны залучаць усё больш сілаў для гэтага.
За мінулыя содні расейскія войскі атакавалі адразу ў трох кірунках — бахмуцкім, краматорскім і аўдзееўскім. Моцныя баі ідуць пад Пяскамі. Для падтрымкі наземных атак Расея выкарыстоўвае штурмавую і армейскую авіяцыю.
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны сьцьвярджаюць, што атакі адбілі, а пад Пяскамі расейцы мусілі адысьці.
У сваю чаргу Міністэрства абароны Расеі настойвае, што ў Луганскай вобласьці адступаюць украінскія войскі, пакідаючы міны на сваіх пазыцыях.
Мікалаеў і Мікалаеўская вобласьць пад безупыннымі начнымі абстрэламі
У Мікалаеве апошнія некалькі тыдняў паветраныя трывогі гучаць ці ня кожныя паўгадзіны. Раніцай 10 жніўня супраць мірных жыхароў расейцы выпусьцілі ракеты з сыстэмаў «Сьмерч». У выніку параненыя трое цывільных, у тым ліку 13-гадовая дзяўчынка. Пашкоджаныя некалькі жылых будынкаў, прадпрыемстваў і складоў.
Расейцы не спыняюць абстрэлы двух раёнаў вобласьці — Мікалаеўскага і Баштанскага. Улады высьвятляюць маштабы разбурэньняў і колькасьць пацярпелых.
На паўднёвым фронце бязь зьменаў
Апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень» заявіла, што сытуацыя ў Херсонскай вобласьці стабільна напружаная. Расея застаецца на захопленых пазыцыях.
Бакі вядуць паветраную вайну. Расея атакуе населеныя пункты, Украіна — пункты камандаваньня і склады з боепрыпасамі.
На Херсоншчыне акупацыйныя ўлады працягваюць рыхтавацца да «рэфэрэндумаў». Паводле ўкраінскіх уладаў, на пунктах гуманітарнай дапамогі, створанай расейскімі сіламі, украінцам прапануюць па 4-10 тысяч расейскіх рублёў у абмен на пэрсанальную інфармацыю для галасаваньня.
Расея рыхтуе новую ўдарную групоўку
Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі сьцьвярджае, што расейскае камандаваньне па-ранейшаму сутыкаецца з неабходнасьцю выбраць кірунак наступу — на Данбасе ці поўдні.
«Для падтрымкі ўкраінскай апэрацыі Расея амаль дакладна стварыла новае вялікае аб’яднаньне сухаземных войскаў, трэці армейскі корпус, які базуецца ў Ніжагародзкай вобласьці», — паведамляе выведка.
У той жа час, паводле брытанскіх выведнікаў, Расеі будзе вельмі складана давесьці лік гэтай групоўкі да неабходных 15-20 тысяч з увагі на «вельмі абмежаваны ўзровень народнага энтузіязму што да ўдзелу ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.