Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глеб падпісаны на суполку «За Пуціна», Сабаленка абяцала падтрымаць Украіну, але перадумала. Чым жывуць сёньня беларускія спартсмэны


Арына Сабаленка на Алімпіядзе ў Токіё ўлетку 2021 году
Арына Сабаленка на Алімпіядзе ў Токіё ўлетку 2021 году

Пасьля 2020 году многія беларускія атлеты разышліся па розных лягерах. Адны падтрымалі людзей, што выходзілі на пратэсты, — за гэта іх пазвальнялі з камандаў, пазбавілі прэмій і нават прымусілі зьехаць з краіны. Іншыя падтрымалі Лукашэнку, наведалі ягоную інаўгурацыю і цяпер карыстаюцца сваім становішчам.

Да першых можна аднесьці плыўчыху Аляксандру Герасіменю, баскетбалістак Алену Леўчанку і Кацярыну Сныціну, самбіста Сьцяпана Папова, лёгкаатлетаў Андрэя Краўчанку і Надзею Астапчук. Да другіх — лёгкаатлетаў Максіма Недасекава і Анастасію Мірончык-Іванову, хакеіста Дзьмітрыя Баскава, гандбаліста Сяргея Рутэнку. Іх пазыцыя выразная і не мянялася з таго часу.

Свабода паглядзела, чым сёньня жывуць тыя славутыя атлеты, якія імкнуліся захоўваць нэўтралітэт.

Глеб носіць чырвона-зялёную стужку

Зорны футбаліст Аляксандар Глеб, які ў свой час пагуляў за лёнданскі «Арсэнал» і гішпанскую «Барсэлёну», захоўвае поўнае маўчаньне ў сацыяльных сетках. Ягоныя акаўнты не абнаўляюцца ад зімы.

Жонка Глеба Сьвятлана толькі адзін раз ускосна падняла тэму баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны. У траўні ў адной са сторыз у Інстаграме яна напісала: «24 лютага я неяк сышла ў сябе, зьнікла натхненьне. Кожны дзень жыла ў чаканьні добрых навінаў. Пачалася, бадай што, дэпрэсія...» Менавіта 24 лютага Расея пачала вайну ва Ўкраіне.

Сам Глеб у Інстаграме падпісаны на суполкі кшталту «За Пуціна», «За Расею-Матушку», а таксама на прапагандыста Ігара Тура.

Аляксандар Глеб на сёньняшні дзень працуе ў структуры футбольнага клюбу «Тарпэда-БелАЗ». На афіцыйны Дзень Незалежнасьці Глеб разам з кіраўніком фэдэрацыі футболу (у мінулым артылерыст і ваенкам Берасьцейскай вобласьці) Ўладзімерам Базанавым наведалі Столін, дзе адкрывалі пляцоўку для гульні са штучным пакрыцьцём. Глеб там быў з чырвона-зялёнай стужкай.

Пра падзеі 2020 году Глеб таксама не выказваецца, але з таго часу зьяўляўся на фатаздымках з прапагандыстамі Рыгорам Азаронкам і Ігарам Турам, гуляе ў футбол зь Дзьмітрыем Баскавым, якога падазраюць у датычнасьці да забойства Рамана Бандарэнкі на «плошчы Перамен» у лістападзе 2020 году.

Азаранка выказалася вельмі асьцярожна

Тэніс — адзін зь нямногіх відаў спорту, дзе беларусы яшчэ маюць магчымасьць выступаць на міжнароднай арэне. Але ёсьць і выключэньні. Напрыклад, нашых суайчыньнікаў не дапусьцілі да ўдзелу ў гульнях на Ўімблдонскім турніры. Вікторыя Азаранка — у мінулым першая ракетка сьвету, мае амаль 700 тысяч падпісчыкаў у Інстаграме.

Асьцярожную падтрымку на адрас украінцаў беларуска выказала. Яшчэ 2 сакавіка яна зрабіла наступны запіс: «Я глыбока расчараваная дзеяньнямі, якія цягам апошніх пары дзён адбыліся супраць Украіны. Сумна бачыць, наколькі шмат нявінных людзей пакутуюць ад такога гвалту. З раньняга дзяцінства я бачыла, як украінскі і беларускі народы дружалюбна ставяцца адзін да аднаго, падтрымліваюць. Цяжка назіраць гвалтоўнае разьдзяленьне, якое адбываецца цяпер, замест падтрымкі і спачуваньня адзін аднаму».

Дарэчы, адлучэньне ад «Уімблдону» яна перажыла дастаткова спакойна. Сказала, што ня будзе называць сябе «ахвярай», асабліва з улікам таго, «што адбываецца ў сьвеце». Гэты час яна правяла разам з сынам у Каліфорніі.

У жніўні Канада адмовіла Азаранцы ў візе, і тая ня зможа згуляць у турніры ў Таронта. «Гэта вельмі засмучае», — сказала спартсмэнка.

Таксама заходняя прэса піша, што беларуска пагадзілася ўзяць удзел у дабрачынным матчы перад адкрытым чэмпіянатам ЗША, грошы з гэтай гульні пойдуць у падтрымку Ўкраіны. Матч адбудзецца ў Нью-Ёрку 24 жніўня, у Дзень Незалежнасьці Ўкраіны.

Сабаленку нібыта ня так зразумелі

На гэты момант Сабаленка — наймацнейшая беларуская тэнісістка, шостая ракетка сьвету. У 2020 годзе была сярод тых спартоўцаў, якія падпісаліся ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.

«Я без праблем надзену стужку ўкраінскіх колераў. Цяпер людзям важная падтрымка, яны павінны разумець, што мы іх падтрымліваем, перажываем і спадзяёмся на лепшае», — кажа Сабаленка ў сакавіку 2022 году на прэс-канфэрэнцыі ў амэрыканскім Індыян-Уэлсе.

Праўда, літаральна празь некалькі дзён кіраўнік фэдэрацыі тэнісу Сяргей Рутэнка (славуты ў мінулым гандбаліст) стаў абвяргаць гэтыя словы Сабаленкі — маўляў, заходняя прэса ўсё перакруціла, а сама тэнісістка знаходзіцца пад вялізным псыхалягічным прэсінгам. Але ж захавалася нават відэа гэтых словаў Сабаленкі. Украінскі сьцяжок на турнірах яна да сваёй формы так і не прымацоўвала.

За гэты час Сабаленка пасьпела адпачыць у ЗША, наведаць фінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў у Парыжы, а вось аб падзеях ва Ўкраіне вырашыла болей ніяк не выказвацца, хоць падпісчыкі ў сацыяльных сетках пэрыядычна пра гэта пытаюцца.

Домрачава паспачувала расейскім дыскваліфікаваным спартсмэнам

Герой Беларусі, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава не асудзіла гвалт з боку сілавікоў нават пасьля таго, як супрацоўнікі АМАПу зьбілі падчас адной зь нядзельных акцый пратэсту яе брата.

У цяперашніх палітычных умовах Домрачава толькі расплывіста сказала, што «перажывае аб падзеях ва Ўкраіне і спадзяецца, што хутка наступіць мір». Затое выступіла з цалкам канкрэтнай крытыкай рашэньня дыскваліфікаваць расейскіх і беларускіх біятляністаў зь міжнародных стартаў.

«Я адчуваю абсалютную несправядлівасьць у дачыненьні да тых спартоўцаў, якія не разьвязвалі войнаў. Шмат чалавечых лёсаў разбурана ў час вайны, але чаму мы павінны разбураць яшчэ больш, тых, хто не вінаваты ў сёньняшняй сытуацыі? Я лічу абсалютна наіўным меркаваць, што адхіленьне беларускіх і расейскіх спартоўцаў ад міжнародных спаборніцтваў дапаможа рашэньню ваеннага канфлікту», — напісала спартсмэнка, якая цяпер працуе са зборнай Кітаю.

Экс-галоўны трэнэр зборнай Беларусі па футболе Аляксандар Хацкевіч, які шмат часу ўжо жыве ва Ўкраіне, на гэта адказаў так: «Самыя страшныя людзі ня тыя, якія „за“ ці „супраць“, а якія і вашым, і нашым».

Алімбекава не хацела ехаць у Расею, але паехала

Дынара Алімбекава — найлепшая на сёньняшні дзень беларуская біятляністка. Яна сярод тых атлетаў, каго адхілілі ад выступленьняў. Яшчэ ў сакавіку яна заяўляла, што не паедзе на кубак і чэмпіянат Расеі ва Ўфу, але ўрэшце выйшла на старты: «Мне сказалі ехаць — я паехала».

Пра самі старты яна сказала, што адчуваньні былі цудоўныя і падчас выступаў яна пра ўсё забывала. «Але потым прыходзіш у гатэльны нумар, і навіны, канечне, расчароўваюць». Некалькі разоў яна яшчэ выказвалася агульнымі словамі: «Хутчэй бы ўсё скончылася».

2 ліпеня яна прысутнічала на афіцыйным сходзе з нагоды афіцыйнага Дня Незалежнасьці, які склікаў Лукашэнка ў Палацы Рэспублікі.

Таксама летам Дынара пагадзілася на прапанову аб жаніцьбе ад свайго партнэра па камандзе Антона Смольскага. Яны даўно былі ў адносінах, а цяпер вырашылі іх афіцыйна зацьвердзіць.

Ганчарэнка і Шаранговіч: абсалютнае маўчаньне

Былы трэнэр БАТЭ, які ўжо шмат гадоў працуе ў Расеі, асьцярожна асуджаў дзеяньні беларускіх сілавікоў, калі тыя білі мірных дэманстрантаў у 2020 годзе. За пяць зь лішнім месяцаў вайны ва Ўкраіне Ганчарэнка не сказаў пра гэта ніводнага слова.

Шаранговіч — адзіны беларускі спартсмэн, які на сталай аснове выступае ў адной з топавых лігаў — паўночнаамэрыканскай. Ён гулец клюбу «Нью-Джэрзі Дэвілз», які выступае ў Нацыянальнай хакейнай лізе.

У інстаграме Шаранговіча ёсьць здымкі з адпачынку ў Флорыдзе, фатасэсія на Бруклінскім мосьце ў Нью-Ёрку, але пра падзеі ў Беларусі ці Ўкраіне ён ніяк не выказваецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG