Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рост інфляцыі ў 3,5 раза, 1262 палітзьняволеныя, 10 «палітычных» сьмерцяў. Што зьмянілася ў Беларусі за 2 гады крызісу


96% украінцаў нэгатыўна ставяцца да Лукашэнкі

24 лютага Расея пачала ўварваньне ва Ўкраіну, якое ўлады Беларусі падтрымалі: зь беларускай тэрыторыі ва Ўкраіну ляцяць ракеты, праз тэрыторыю Беларусі праходзілі расейскія вайскоўцы.

З гэтай прычыны рэйтынг Лукашэнкі ва Ўкраіне рэзка ўпаў, цяпер 96% украінцаў ставяцца да яго нэгатыўна. У 2020 годзе пазытыўна да яго ставіліся 45% украінцаў.

Каля 1500 беларусаў ваююць за Ўкраіну

Многія беларусы з пачатку вайны сталі на абарону Ўкраіны, сфармаваліся полк Каліноўскага і полк «Пагоня», таксама беларусы ваююць у шэрагах УСУ. Па падліках штабу Ціханоўскай, на баку Ўкраіны ваююць каля 1500 беларусаў.

11 беларусаў загінулі ў вайне за Ўкраіну

Вядома пра 11 беларусаў, якія загінулі ў вайне Расеі з Украінай зь лютага гэтага году. Як мінімум 5 беларусаў загінулі, ваюючы на баку Расеі.

Больш за 600 ракет па Ўкраіне выпусьцілі з тэрыторыі Беларусі

Па падліках антываеннай ініцыятывы «Беларускі Гаюн», ад пачатку вайны зь беларускай тэрыторыі па Ўкраіне выпусьцілі больш за 600 ракет. Гэта падлікі на травень.

1500 беларусаў трапілі пад перасьлед праз сваю пазыцыю наконт вайны

Ня меней за 1,5 тысячы чалавек у Беларусі трапілі пад перасьлед уладаў з прычыны сваёй пазыцыі наконт вайны супраць Украіны.

60 беларускіх партызанаў затрымалі сілавікі

Як мінімум 60 чалавек беларускія сілавікі затрымалі за дывэрсіі на чыгунцы з пачатку вайны. Такім чынам людзі хацелі спыніць перасоўваньне расейскай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі. Аднаму з затрыманых прастрэлілі ногі. Многім зь іх пагражае «расстрэльны» артыкул, бо іх вінавацяць у тэрарызьме.

Рост даляра

2,44 рубля — столькі каштаваў даляр у абменьніках у жніўні 2020 году, да выбараў. Цяпер даляр каштуе 2,52 рубля.

Бульба падаражэла ўдвая

У жніўні 2020 году кілё бульбы каштавала 0,82 рубля, цяпер — 1,93 рубля. Рост — удвая.

400 журналістаў зьехалі зь Беларусі

У жніўні 2020 году ў Беларусі яшчэ не было «экстрэмісцкіх мэдыя», толькі за 2021 год такіх мэдыя стала 13, а 29 супрацоўнікаў СМІ цяпер за кратамі. Большасьць незалежных СМІ не працуюць у Беларусі.

Больш за 400 журналістаў зьехалі зь Беларусі.

1262 палітзьняволеных

У жніўні 2020 году ў Беларусі было некалькі чалавек, прызнаных палітзьняволенымі. Ужо праз год, у 2021-м, палітзьняволеных было 608, а ў 2022-м — 1262. Толькі за год іх стала ўдвая болей.

Інфляцыя — 17,6%

На пачатку жніўня 2020 году гадавая інфляцыя ў Беларусі складала ўсяго 5%. Праз два гады яна ўжо 17,6% — то бок вырасла ў 3,5 раза.

Больш як 5 тысяч крымінальных спраў за пратэсты

З жніўня 2020 году ў Беларусі завялі ўжо больш як 5 тысяч крымінальных спраў за пратэсты і за абразы сілавікоў і чыноўнікаў.

У верасьні 2021 году першы намесьнік старшыні Сьледчага камітэту Алег Шандаровіч называў такую лічбу. Пасьля новых дадзеных сілавікі не агучвалі.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» вядзе ўлік асобаў, якія зазналі перасьлед пасьля 2020 году, ім вядома пра 2900 канкрэтных людзей, якія сталі аб’ектам крымінальнага перасьледу, 1850 чалавек былі асуджаныя станам на чэрвень.

Больш за сотню «тэрарыстаў-беларусаў»

Сьпіс «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці», беларускі КДБ вядзе даўно. Звычайна туды трапляюць асобы са сьпісу Інтэрпола, якія знаходзяцца ў міжнародным росшуку. Аднак у 2021–2022 годзе ў гэты сьпіс пачалі ўключаць беларусаў, цяпер іх там 147 чалавек. Сярод іх палітык Сяргей Ціханоўскі, блогер Сьцяпан Пуціла, палітзьняволены Мікалай Аўтуховіч, анархіст Ігар Аліневіч ды іншыя. Да жніўня 2020 году беларусаў у гэтым сьпісе не было. Агулам там 888 чалавек.

Зьнешні доўг вырас на $1,9 мільярда

У жніўні 2020 году зьнешні доўг Беларусі складаў 16,5 мільярда даляраў, цяпер ён вырас да 18,4 мільярда даляраў, або на 1,9 мільярда за 2 гады.

Ліквідаваныя ці ў працэсе ліквідацыі сотні НДА

Да жніўня 2020 году ў Беларусі працавалі сотні некамэрцыйных грамадзкіх арганізацый, якія займаліся экалёгіяй, культурай, дапамогай пацярпелым ад гвалту, урбаністыкай ды іншымі карыснымі для грамадзтва рэчамі.

За два гады ўлады ліквідавалі ці зьбіраюцца ліквідаваць каля 800 недзяржаўных арганізацый.

Сярэдні заробак вырас на 108 даляраў

У жніўні 2020 году сярэдні заробак у Беларусі складаў 1287 рублёў, або 516 даляраў па тагачасным курсе. Сярэдні заробак праз два гады вырас да 1573,4 рублёў, або да 624 даляраў.

Дэфіцыт бюджэту вырас у 2,2 раза

За 9 месяцаў 2020 году дэфіцыт бюджэту Беларусі быў 1,8 мільярда рублёў. У 2022 годзе Мінфін дае прагноз пра дэфіцыт у 4,1 мільярда рублёў. Рост у 2,2 раза.

Больш за 40 беларускіх арганізацый пад санкцыямі

У 2020 годзе беларускія заводы свабодна адпраўлялі беларускую прадукцыю на экспарт у краіны ЭЗ і нават ЗША. Цяпер жа ў санкцыйным сьпісе ЭЗ і ЗША больш за 40 арганізацый і кампаній, сярод іх буйныя заводы: «Гродна Азот» «Хімвалакно», МТЗ, МАЗ ды іншыя. Беларускі ўрад ацэньвае страты для эканомікі ад санкцый у 16–18 мільярдаў даляраў штогод. Пад санкцыі таксама трапілі 5 беларускіх банкаў, замежныя апэрацыі для іх кліентаў пад пытаньнем.

10 сьмерцяў, зьвязаных з палітычным крызісам

Сьмерці 10 чалавек у Беларусі зьвязваюць з пратэстамі і рэпрэсіямі:

  • Аляксандар Тарайкоўскі — загінуў 10 жніўня падчас сутыкненьняў зь сілавікамі ад стрэлу
  • Аляксандар Віхор — памёр пасьля зьбіцьця сілавікамі
  • Канстанцін Шышмакоў — сябра выбарчай камісіі, які адмовіўся падпісваць выніковы пратакол, 15 жніўня зьнік па дарозе дадому, а 18 жніўня ягонае цела знайшлі ў лесе ў Мастоўскім раёне
  • Генадзь Шутаў — загінуў ад стрэлу падчас пратэстаў у Берасьці
  • Мікіта Крыўцоў — удзельнічаў у акцыі пратэсту ў Маладэчне, 22 жніўня знойдзены павешаным у лесе ў Менску. Паводле вэрсіі сьледзтва, ён зьдзейсьніў суіцыд, сваякі ў гэта ня вераць
  • Аляксандар Будніцкі — зьнік 11 жніўня ў Менску, знойдзены мёртвым 1 верасьня ў раёне гандлёвага цэнтру «Рыга», дзе былі сутыкненьні зь сілавікамі 10 і 11 жніўня.
  • Раман Бандарэнка — прыйшоў да муралу на «плошчы Перамен», дзе яго моцна пабілі невядомыя. Адтуль дастаўлены ў Цэнтральнае РУУС, а потым у лякарню з ацёкам мозгу і шматлікімі траўмамі. У шпіталі Раман Бандарэнка памёр.
  • Вітольд Ашурак — яго судзілі па двух артыкулах: 364 («Гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў») і 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). У адным з апошніх лістоў Ашурак заявіў, што турэмнае начальства прымусіла яго і іншых палітычных зьняволеных насіць жоўтую бірку, каб вылучаць іх сярод вязьняў. 21 траўня 2021 году памёр у шклоўскай папраўчай калёніі № 17.
  • Андрэй Зельцар — застрэлены супрацоўнікамі КДБ у сваёй кватэры 28 верасьня 2021 году. Андрэй Зельцар пачаў адстрэльвацца ад супрацоўнікаў КДБ, калі яны ўварваліся ў ягоную кватэру, ён застрэліў аднаго зь сілавікоў — Дзьмітрыя Федасюка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG