Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чорны арол». Пяць фактаў пра Валерыя Сахашчыка, які стаў «вайсковым міністрам» у кабінэце Ціханоўскай


Валеры Сахашчык
Валеры Сахашчык

Першым «вайсковым міністрам» у пераходным кабінэце, пра які 9 жніўня абвесьціла Сьвятлана Ціханоўская, стаў 57-гадовы падпалкоўнік запасу Валеры Сахашчык. Яго афіцыйная пасада будзе называцца «прадстаўнік кабінэту па абароне і нацыянальнай бясьпецы». Свабода расказвае, хто гэты чалавек.

Нарадзіўся на вуліцы, названай у гонар дзеда

Валеры Сахашчык нарадзіўся 13 жніўня 1964 году ў вёсцы Гошава Дарагічынскага раёну. Цэнтральная вуліца вёскі носіць імя Лукаша Сахашчыка — гэта родны дзед Валерыя, ён быў у партызанскім руху на Берасьцейшчыне, праявіў сябе як выведнік і праваднік. Загінуў у 1944 годзе пры вызваленьні Беларусі ад немцаў.

У вёсцы Валеры Сахашчык пажыў ня так шмат, яшчэ да сямігадовага ўзросту яго сям’я перабралася ў Дарагічын. Там маці Сахашчыка ўладкоўваецца прадавачкай у кнігарню.

«У мяне зьявіўся практычна неабмежаваны доступ да кніг. Я чытаў іх запоем. Любімыя тэмы — узброеныя канфлікты ўсіх часоў і народаў, выведнікі, дывэрсанты, вандроўкі і прыгоды», — казаў Сахашчык.

Ён апавядаў, што ўжо да сёмай клясы цьвёрда вырашыў стаць афіцэрам паветрана-дэсантных войскаў.

Служыў у Сібіры і ГДР

У вайсковым камісарыяце Валерый сутыкнуўся зь нечаканай праблемай — ягоны рост быў 168 сантымэтраў, а ў ПДВ бралі толькі з ростам, ня меншым за 170 см. Казаў, што на той момант лічыў, што жыцьцё скончылася.

У выніку Сахашчык паступіў у Маскоўскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню. Раней яна месьцілася непасрэдна ў Крамлі, таму і курсантаў называлі «крамлёўцамі». Там жа ў той час вучыўся і будучы міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў, але ў час вучобы знаёмымі яны не былі.

Валеры Сахашчык
Валеры Сахашчык

Сахашчык трапіў у спартовы ўзвод. Ён называў той час самым шчасьлівым у сваім жыцьці, хаця і «галодным, з крывавымі мазалямі і бяссоннымі начамі».

Па разьмеркаваньні Сахашчык трапіў у Забайкальскую вайсковую акругу, у Чы. Там і спраўдзілася мара аб ПДВ. Потым трапіў у дэсантную роту, якая базавалася ў ГДР, — гэта ўжо быў час перабудовы і палітычнай адлігі. У Нямеччыне Сахашчык пражыў пяць гадоў, засьпеў разбурэньне Бэрлінскага муру і аб’яднаньне ГДР і ФРГ.

Пайшоў са службы праз інтрыгі

У Берасьце Валеры Сахашчык прыехаў у 1992 годзе, стаў служыць у 38-й Берасьцейскай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе. Быў камандзірам батальёну. Расказваў, што ў той час даводзілася нават разгружаць вагоны, бо заробак афіцэра быў малы.

У 1999 годзе Сахашчык узначальвае брыгаду. Гэта менавіта ён распрацаваў сыстэму выпрабаваньняў «Чорны арол». Вайсковец, які здаваў гэтыя тэсты, атрымліваў права насіць адмысловы знак. Сам Сахашчык меркаваў, што здаць на «Чорнага арла» нашмат складаней, чым, напрыклад, на крапавы бэрэт.

Менавіта Сахашчык быў першым уласьнікам гэтага знака. У асяродзьдзі спэцназаўцаў і дэсантнікаў Сахашчыка так і называлі — «Чорны арол». У 2002 годзе падпалкоўнік пайшоў з брыгады. Кажа, у выніку палацавых інтрыгаў і рэарганізацыі структураў Міністэрства абароны.

Былы кіраўнік 38-й брыгады дэсантнікаў у Берасьці Валеры Сахашчык
Былы кіраўнік 38-й брыгады дэсантнікаў у Берасьці Валеры Сахашчык

Удзельнічаў у пратэстах у Берасьці

Пасьля звальненьня Сахашчык заняўся бізнэсам. Сёньня ён мае буйную будаўнічую фірму, зарэгістраваную ў польскім Жырардаве. У кампаніі працуюць больш за 800 чалавек, асноўную частку складаюць беларусы. Гэта сямейны бізнэс, які Валеры вядзе разам з сынам Алегам.

Назва кампаніі вытворная ад прозьвішча — «Сахаты». Свае аб’екты фірма ставіла ня толькі ў Польшчы, але і ў Нямеччыне, ААЭ, Кеніі, Катары.

У 2020 годзе Валеры Сахашчык прымаў удзел у пратэстах у Берасьці. Падчас адной з акцыяў ён пайшоў на перамовы зь сілавікамі, у выніку гвалт супраць удзельнікаў тады не ўжылі.

«Я хачу, каб мы жылі як нармальная эўрапейская краіна, пасьпяховая, з багатымі грамадзянамі, якія могуць сабе дазволіць жыць зусім па-іншаму», — тлумачыў ён свой удзел у руху за перамены.

Сябраваў зь Белаконевым

Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, Сахашчык выступіў з рэзкім зваротам да беларускіх сілавікоў, каб яны не прымалі ўдзел у баявых дзеяньнях.

«Гэта ня наша вайна. Вы ня будзеце абараняць сваю радзіму, сваю хату, сваю сям’ю. Вы не здабудзеце ў гэтым канфлікце славы, а толькі ганьбу, зьнявагу, кроў, сьмерць і стан нацыі-ізгоя для ўсяго беларускага народу на дзесяцігодзьдзі. Браты, знайдзіце спосаб ня ўдзельнічаць у гэтай бруднай справе. Бацькі-камандзіры, вы можаце жыць з тым, што паклалі дзецюкоў нізавошта? Як вы будзеце глядзець у вочы маці, якія аддалі вам сваіх сыноў?»

Вядома, што вайсковец доўгі час падтрымліваў сяброўскія адносіны з былым кіраўніком Генэральнага штабу, а сёньня дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Алегам Белаконевым. Сам Сахашчык на гэта адказвае, што сяброўства між вайскоўцамі фармуецца не па палітычных поглядах, а праз набор нейкіх якасьцяў характару. Пры гэтым Сахашчык не адмаўляе, што Белаконеў і тады меў прарасейскія погляды.

Белаконеў вельмі адмоўна адрэагаваў на зварот Сахашчыка.

«Заклікаючы да сумленьня і гонару, пра якія ты кажаш, ня трэба ўспамінаць свае былыя заслугі. Трэба было пачаць сумленна. Я Валеры Сьцяпанавіч Сахашчык. Доўгі час працую ў Польшчы, у мяне тут бізнэс і мяне прыціснулі да сьценкі: альбо ты выступіш, альбо твайму бізнэсу кірдык. Вось гэта было б па-сапраўднаму».

Вядома, што ад пачатку вайны Сахашчык некалькі разоў выяжджаў ва Ўкраіну, куды вазіў гуманітарную дапамогу, а таксама кансультаваў некаторых беларускіх і ўкраінскіх вайскоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG