Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быць сілавому сцэнару ці ня быць? Рэпартаж Зьмітра Панкаўца зь першага дня канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні


Ад канфэрэнцыі «Новая Беларусь», якую склікала ў Вільні Сьвятлана Ціханоўская, чакалі скандалаў. Шмат дзідаў ламалася ў інтэрнэце напярэдадні, гучалі агульныя абвінавачаньні і прэтэнзіі, але першы дзень прайшоў нашмат спакайней, чым меркавалася.

Праходзіла ўсё ў будынку Vaidilos teatras у Вільні, недалёка ад Лукіскай плошчы. Сьвятлана Ціханоўская разам з двума ахоўнікамі зьявілася ля будынку ў 11:45. Хуценька павіталася зь некаторымі ўдзельнікамі і рушыла да запаснога выхаду. Тут Ціханоўская мела перавагу, бо іншыя стаялі ў чарзе, потым іх чакаў асабісты надгляд.

Сьвятлана Ціханоўская ідзе на канфэрэнцыю
Сьвятлана Ціханоўская ідзе на канфэрэнцыю

Павал Латушка ня вытрымаў стаяньня ў агульнай чарзе, тым больш яна рухалася дастаткова марудна. Пайшоў у будынак без чаргі, ніхто не абураўся і не прасіў яго заняць сваё месца. А вось Вераніка Цапкала прастаяла, колькі было патрэбна.

«Я не размаўляла са Сьвятланай ужо год», — казала Цапкала. Не пагаварылі яны і ў дзень канфэрэнцыі. Вераніка прыйшла на мерапрыемства ў бялюткім касьцюме, на высокіх абцасах, у руках быў папяровы пакет з крамы H&M. Яе муж Валеры, які спрабаваў балятавацца на выбарах 2020 году, у Вільню не прыехаў, хоць і выказваў шмат прэтэнзій да працы офісу Ціханоўскай. Месца Цапкале далі ў першым шэрагу, але зусім збоку.

Вераніка Цапкала
Вераніка Цапкала

Ціханоўская сядзела паміж Паўлам Латушкам і супрацоўніцай сваёй мэдыя-службы Аляксандрай Логвінавай. Побач з Латушкам — былы пасол Беларусі ў Аргентыне Ўладзімер Астапенка, прадстаўнік ByPol Аляксандар Азараў і былы кіраўнік 38-й брыгады дэсантнікаў у Берасьці Валеры Сахашчык. Са сцэны Латушка скажа, што менавіта з Сахашчыкам ён распрацоўваў канцэпцыю пераходнага кабінэту.

Зьлева направа: Валеры Сахашчык, Аляксандар Азараў, Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская, Аляксандра Логвінава
Зьлева направа: Валеры Сахашчык, Аляксандар Азараў, Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская, Аляксандра Логвінава

Па іншы бок у першым шэрагу — Франак Вячорка, Аляксандар Дабравольскі і Анатоль Лябедзька з каманды Ціханоўскай, а таксама Дзьмітры Шчыгельскі з радыкальнага руху «Супраціў».

Франак Вячорка (у цэнтры) і Аляксандар Дабравольскі
Франак Вячорка (у цэнтры) і Аляксандар Дабравольскі

У залі сабралася некалькі сотняў чалавек, вэнтыляцыя працавала кепска, адчуваўся недахоп сьвежага паветра. Хтосьці прыйшоў на канфэрэнцыю ў строгім гарнітуры з гальштукам, хтосьці ў шортах. Сяргей Бяспалаў, які заявіў, што прадстаўляе полк імя Кастуся Каліноўскага, быў у вайсковай форме. Сам полк зазначыў, што яго прадстаўнікоў на канфэрэнцыі няма. Вадзім Пракоп’еў з палку «Пагоня» — у строгім пола і бэйсболцы, якую ня зьняў нават на сцэне. Вольга Карач, таксама вядомая сваёй крытыкай Ціханоўскай, прыйшла ў сукенцы з прынтам з кацянятамі.

Вадзім Пракоп'еў
Вадзім Пракоп'еў
Вольга Карач
Вольга Карач

Адкрыцьцё затрымалася на дваццаць хвілін. На пачатку паказалі анімацыйны ролік з вынікамі працы за гэтыя два гады. «Можа, мы ўсё зрабілі ня так?» — пачулася першае пытаньне дня. А потым ішоў доўгі пералік таго, што рабілася. Нібыта прыйшлі да высновы, што ўсё рабілі слушна.

Ціханоўская выходзіла на сцэну з тэчкай, на якой быў партрэт яе мужа Сяргея Ціханоўскага. Пачынала прамаўляць па-беларуску, дзялілася хваляваньнямі, ці хопіць за гэтыя два дні часу пагутарыць і паглядзець адзін аднаму ў вочы.

«Я выдатна ўсьведамляю, што я не такі лідэр, як Віктар Бабарыка або Маша Калесьнікава. У мяне не такая прыродная харызма, як у Сяргея Ціханоўскага, і не такі цьвёрды характар, як у Веранікі Цапкалы. Я не такая настойлівая, як Павал Латушка. У мяне няма і сотай долі вытрымкі Мікалая Аўтуховіча і вастрыні розуму Вадзіма Пракоп’ева. Я не валодаю такім досьведам, як Мікалай Статкевіч ці Зянон Пазьняк — і наогул мяркую, што калі б людзі ў 90-х чулі гэтых людзей лепш, наша краіна наогул магла не апынуцца перад пагрозай страты сувэрэнітэту. Я не валодаю моцнымі якасьцямі ўсіх гэтых і многіх іншых людзей. Тое, што ёсьць у мяне, — пачуцьцё адказнасьці і гатоўнасьць працаваць, каб дасягнуць таго, чаго мне не хапае, чаму я не вучылася і што не было дадзена мне ад нараджэньня», — сказала Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Аплядысмэнты ёй былі працяглыя. Ніякіх правакацыйных крыкаў з залі не было. Калі Сьвятлана сыходзіла са сцэны, руку ёй галянтна падаў Павал Латушка.

Далей слова далі былым палітвязьням. Першай стала гаварыць Вольга Паўлава, якая была ў штабе Ціханоўскай у 2020 годзе. «Калі мы прызнаём, што Беларусь акупаваная, чаму мы ня дзейнічаем, як ва Ўкраіне?» — задаецца яна пытаньнем. Кажа, што прыйшоў час ствараць войска. Воплескі былі чутныя толькі ад асобных людзей.

Гэтае пытаньне, ці прыйшоў час пераходзіць да сілавой барацьбы, стала адным з ключавых у першы дзень працы канфэрэнцыі.

Месца на сцэне адразу занялі выключна мужчыны: Павал Латушка, Аляксандар Азараў з ByPol, Вадзім Пракоп’еў, Дзьмітры Шчыгельскі і Аляксандар Дабравольскі.

Вёў мерапрыемства вядучы «Белсату» Сяргей Падсасонны. Калі ён прапанаваў некаму выступіць адразу, то Пракоп’еў хутка ўзяў ініцыятыву ў свае рукі, хоць Латушка таксама хацеў прамаўляць першым.

«Загартаваная ў баях ва Ўкраіне армія не заўважыць лукашэнкаўскую армію. Менск будзе ўзяты за тры дні», — ці то правакаваў, ці то аптымістычна маляваў пэрспэктывы Вадзім Пракоп’еў. Ён прапанаваў Ціханоўскай прынесьці прысягу на Канстытуцыі цягам гэтых двух дзён, а калі яна адмаўляецца, то перадаць частку паўнамоцтваў будучаму прэм’ер-міністру. Хто будзе гэты загадкавы прэм’ер — Пракоп’еў зноў прамаўчаў.

І Латушка, і Пракоп’еў гаварылі пра неабходнасьць стварэньня ўраду пры дэмакратычных сілах. Латушка ставіў пытаньне рубам, што ўрад павінен паўстаць ужо цягам гэтых двух дзён, што патрэбныя свае МУС, Міністэрства абароны, МЗС. Дабравольскі, які гаварыў ад офісу, хутчэй спрабаваў падвесьці да таго, што ролю пераходнага ўраду будзе выконваць рэфармаваная Каардынацыйная рада, але рашэньні нельга прымаць за ноч. У кулюарах Пракоп’еў казаў, што згаджацца на гэта ні ў якім разе ня будзе. Франак Вячорка называў будучую Каардынацыйную раду «протапарлямэнтам», які будзе прымаць законы.

Зьлева направа: Аляксандар Дабравольскі, Вадзім Пракоп'еў, Сьвятлана Ціханоўская
Зьлева направа: Аляксандар Дабравольскі, Вадзім Пракоп'еў, Сьвятлана Ціханоўская

Між Дабравольскім і Пракоп’евым нават адбылася невялікая пікіроўка проста на сцэне. Але да адкрытага высьвятленьня адносінаў справа не дайшла. Дабравольскі і Вячорка выглядаюць ужо больш на дыпляматаў, чым палітыкаў. Ня кідаюцца гучнымі словамі і вывяраюць усё імі сказанае.

Пракоп’еў, Азараў і Шчыгельскі гаварылі пра тое, што іншых мэтадаў барацьбы, апроч сілавых, ужо не засталося. «Мы паспрабавалі ўжо ўсё, апроч сілавога сцэнару», — казаў Шчыгельскі. Латушка пасіўна таксама зь імі пагадзіўся. Фактычна Дабравольскі застаўся адзіным, хто ня быў у відавочным захапленьні ад гэтай ідэі.

Аляксандар Азараў
Аляксандар Азараў

У кулюарах канфэрэнцыі кажуць, што пытаньне «ваеннага міністра» пры штабе Сьвятланы Ціханоўскай насамрэч усур’ёз абмяркоўваецца. На ролю такога найперш разглядаецца падпалкоўнік у запасе Валерый Сахашчык, чалавек, які ўзначальваў берасьцейскі дэсант, вядомы як «Чорны арол». На пачатку вайны ва Ўкраіне Сахашчык выступіў з рэзкім відэазваротам да беларускіх вайскоўцаў, каб тыя ня бралі ўдзелу ў баявых дзеяньнях.

Валеры Сахашчык
Валеры Сахашчык

Пры гэтым Сахашчык і ягоныя паплечнікі хочуць, каб з вуснаў Ціханоўскай прагучалі словы, што гэтая група будзе займацца збройным супрацівам, аднак офіс ня хоча гэтага прамаўляць, шукаюць кампрамісу. Хутчэй за ўсё, гэтай ноччу перамовы працягнуцца.

Выступ Веранікі Цапкалы таксама чакаўся правакацыйным. Нехта зь яе паплечнікаў праз пару хвілін панэльнай дыскусіі пачаў выкрыкваць: «А калі слова дадуць Вераніцы?» Сама Цапкала падзякавала за такую прапанову і ўзяла мікрафон. Яна казала, што ў Беларусі не засталося незалежных СМІ. Маўляў, там адсутнічае крытыка Лукашэнкі, а таксама асьвятляецца праца толькі Ціханоўскай і яе штабу.

«Мы заснавалі камісію, якая будзе займацца аналізам працы так званых „незалежных СМІ“. Калі мы ўбачым, што яны асьвятляюць працу толькі адной палітычнай сілы, то яны павінны перастаць называцца „незалежнымі“, і ім не павінна аказвацца фінансавая падтрымка. Мною гаворыць ня крыўда, а вялізнае расчараваньне», — казала Вераніка.

Вераніка Цапкала
Вераніка Цапкала

Такія прапановы Цапкалы сустрэлі незадаволеным выгукамі зь месцаў і сьмехам. Аплядысмэнтаў не было зусім. Потым Вераніка стала цікавіцца рахункамі Франка Вячоркі. Зноў у залі быў сьмех.

Першы дзень, насуперак чаканьням, прайшоў безь вялікіх скандалаў. Розныя ўдзельнікі канфэрэнцыі мяркуюць, што да іх прапановаў прыслухаюцца, і цягам наступнага дня будуць прынятыя адпаведныя рашэньні. Таксама ў аўторак Сьвятлана Ціханоўская абяцае адказаць на пытаньні, якія ў людзей ёсьць да яе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG