Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прынамсі 10 расейскіх генэралаў загінулі з пачатку вайны ва Ўкраіне, — брытанская выведка


Ілюстрацыйнае фота. Расейскія войскі ў Запарожжы
Ілюстрацыйнае фота. Расейскія войскі ў Запарожжы

З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну прынамсі 6 расейскіх вайскаводаў звольнілі з пасадаў, 10 генэралаў загінулі, паведаміла 7 жніўня Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі з спасылкай на брытанскую выведку.

«Нізкая прадукцыйнасьць узброеных сілаў Расеі ў яе ўварваньні ва Ўкраіну дорага абышлося расейскаму вайсковаму кіраўніцтву, з высокай імавернасьцю прывёўшы да звальненьня сама меней шасьці расейскіх вайскаводаў з пачатку баявых дзеяньняў у лютым 2022 году», — гаворыцца ў паведамленьні.

У брытанскай выведцы сьцьвярджаюць, што пасады страцілі ачольнікі Ўсходняй і Заходняй вайсковых акругаў. Ува Ўсходняй акрузе генэрал-палкоўнік Аляксандр Чайко быў зьняты ў траўні. Генэрал-палкоўніка Аляксандра Жураўлёва, які камандаваў Заходняй акругай з 2018 году, не было на сьвяткаваньні Дня ВМФ Расеі ў Санкт-Пецярбургу 31 ліпеня, ён, хутчэй за ўсё, заменены на генэрал-лейтэнанта Ўладзіміра Качаткова, паведамляе брытанская выведка. Імя Качаткова расейскія афіцыйныя СМІ згадвалі ў сувязі з гэтай падзеяй, яны называлі яго часовым выканаўцам абавязкаў камандуючага.

Генэрал Аляксандр Дворнікаў быў зьняты пасьля таго, як яму даручылі агульнае кіраўніцтва апэрацыяй ва Ўкраіне, а генэрал Сяргей Суравікін прыняў камандаваньне Паўднёвай групоўкай войскаў ад генэрала Генадзія Жыдко, паведамляюць у ведамстве.

Таксама брытанская выведка паведамляе пра гібель прынамсі 10 расейскіх генэралаў на полі бою ва Ўкраіне.

«Гэта аказвае кумулятыўнае ўзьдзеяньне на пасьлядоўнасьць камандаваньня расейскімі войскамі, што, у сваю чаргу, відаць, спрыяе іх тактычным і апэратыўным цяжкасьцям», — падсумоўвае брытанскае Міністэрства абароны.

  • Расея не агучвае інфармацыю пра свае страты ў вайне з Украінай. Апошні раз Расея публікавала зьвесткі аб стратах расейскіх войскаў 25 сакавіка, паводле якіх з пачатку вайны ва Ўкраіне 1351 расейскі вайсковец загінуў, яшчэ 3825 параненыя.
  • У Генэральным штабе Ўзброеных сілаў Украіны сьцьвярджаюць, што з пачатку вайны расейскае войска страціла каля 42,2 тысяч чалавек асабовага складу.
  • Паводле зьвестак ЗША, больш за 75 000 расейскіх вайскоўцаў — прыкладна палова сілаў, накіраваных Масквой на вайну ва Ўкраіну ў лютым, — забітыя або параненыя.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG