Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азірніцеся на папярэднікаў! Пра што варта памятаць, ствараючы новы «ўрад у выгнаньні»


Мэдалі Рады БНР да 100-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай народнай рэспублікі
Мэдалі Рады БНР да 100-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай народнай рэспублікі

Такое ўражаньне, што некаторыя сучасныя беларускія актывісты прапануюць ствараць беларускі ўрад у выгнаньні, ня ведаючы, што Беларусь мае такі ўрад ужо сто тры гады.

І справа ня ў тым, што «вакансія занятая», а ў тым, што гэта адлюстраваньне праблемы, якая можа прывесьці да чарговага паўтарэньня памылак, якія беларускія эміграцыйныя палітыкі робяць цягам дзесяцігодзьдзяў.

Напярэдадні канфэрэнцыі, якую штаб Сьвятланы Ціханоўскай на гэтым тыдні ладзіць у Вільні, «Наша ніва» апытала некалькі беларускіх палітолягаў наконт пэрспэктывы стварэньня беларускіх палітычных структураў у эміграцыі. Экспэрты ў сваіх развагах чамусьці цалкам абмінулі наяўны беларускі досьвед, што выглядае дзіўна, але агулам цалкам сымптаматычна для Беларусі, дзе для многіх палітычнае жыцьцё пачалося толькі ў 2020 годзе.

Пра ўласнабеларускі досьвед згадваецца толькі ў адной прыведзенай цытаце: «Падчас развалу [Савецкага] Саюзу ў Беларусі не было ўплывовых структур у выгнаньні. Магчыма, таму краіна ня стала дэмакратычнай».

Гэта нагадала пашыраныя клішэ пра тое, што «незалежнасьць звалілася беларусам на галаву», ці што «БНФ у Вярхоўным Савеце займаўся толькі мовай». Клішэ, якія, вядома ж, вельмі далёкія ад праўды, калі ведаць гісторыю Беларусі хаця б XX стагодзьдзя.

Ці былі ў Беларусі ўплывовыя палітычныя структуры ў выгнаньні?

З пачатку XX стагодзьдзя і да распаду СССР Беларусь перажыла сама меней дзьве хвалі палітычнай эміграцыі. Беларускія палітычныя структуры ў выгнаньні існуюць ужо больш за стагодзьдзе: самы яскравы прыклад, вядома, Рада БНР, якая была створаная ў Беларусі ў 1917 годзе, але дзейнічае ў эміграцыі з 1919 году і па сёньняшні дзень. У розныя часы яна была мацнейшай або слабейшай на тле дыяспарных арганізацый у канкрэтных краінах, але нязьменна заставалася прынамсі важнай нематэрыяльнай каштоўнасьцю, сымбалем і форумам для прадстаўнікоў беларускіх суполак з розных краінаў, на якім выпрацоўвалася агульная пазыцыя. Дарэчы, пасьля таго, як рэжым Лукашэнкі зьнішчыў Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», Рада БНР застаецца хіба адзінай фармальнай глябальнай, трансьмежнай беларускай структурай — калі, вядома, гэтая «фармальнасьць» мае значэньне ў цяперашнім сьвеце.

Першая вялікая хваля палітычнае эміграцыі зь Беларусі адбывалася ў дваццатыя і трыццатыя гады XX стагодзьдзя. Яе цэнтрам былі структуры Рады БНР, вакол якіх таксама гуртаваліся палітычна актыўныя студэнты і «гастарбайтары» з Заходняй Беларусі, якая знаходзілася пад польскім кантролем.

Другая хваля здарылася пасьля Другой сусьветнай вайны. Беларусь тады пакінулі дзясяткі тысяч чалавек, практычна ўся тагачасная беларуская несавецкая палітычная эліта, сотні актывістаў і прыхільнікаў колішніх заходнебеларускіх незалежніцкіх арганізацый, якія здолелі выжыць падчас першай савецкай акупацыі ў 1939–1941 гг. і нацыстоўскай акупацыі ў 1941–1944 гг.

На Захадзе тады ўтварылася цэлая сетка беларускіх арганізацый: у Вялікай Брытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі; у меншай ступені ў Аргентыне, Бэльгіі, Францыі, Нямеччыне і іншых краінах. У першую чаргу большасьць з гэтых арганізацый насіла палітычны характар. Іхныя ўдзельнікі ставілі перад сабой мэты вяртаньня ў Беларусь і пабудовы дэмакратычнай беларускай дзяржаўнасьці. Некаторыя з гэтых арганізацый існуюць дагэтуль: Згуртаваньне беларусаў у Вялікай Брытаніі, Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне, Згуртаваньне беларусаў Канады. Акрамя палітычнага аспэкту, вядома, гэта былі зямляцтвы, арганізацыі самапомачы, скіраваныя на дапамогу сваім сябрам абжыцца ў новых краінах. Паралельна зь імі ўтвараліся рэлігійныя арганізацыі (перадусім беларускія праваслаўныя цэрквы, грэка-каталіцкія місіі), культурніцкія (Скарынаўская бібліятэка ў Лёндане, БІНіМ у ЗША і Канадзе і іншыя), вэтэранскія арганізацыі.

Прадстаўнікі беларускае дыяспары сустракаліся з прэзыдэнтамі ЗША, уваходзілі ў розныя міжнацыянальныя каардынацыйныя структуры. На 25 сакавіка ў некаторых амэрыканскіх штатах на ўрадавых будынках узьнімаўся бел-чырвона-белы сьцяг, а сам дзень 25 сакавіка афіцыйна адзначаўся як Дзень незалежнасьці Беларусі. Прэзыдэнты ЗША накіроўвалі беларускай дыяспары віншаваньні ў дзень 25 сакавіка. З ініцыятывы кіраўніцтва Рады БНР паўстала беларуская рэдакцыя Радыё Свабода, якая працуе дагэтуль.

Калі глядзець унутры Беларусі, ідэалёгія беларускага дэмакратычнага руху часоў «перабудовы» і дзевяностых мела дыяспару ў якасьці адной з сваіх цэнтральных крыніц. Некаторыя актывісты БНФ даведваліся пра існаваньне Беларускай Народнай Рэспублікі і нават пра «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг толькі з дыяспарнай літаратуры і ад Радыё Свабода.

Ці ўсё гэта сьведчыць пра ўплывовасьць? Альбо што павінна пра яе сьведчыць?

Ці магла дыяспара дапамагчы Беларусі ў дзевяностыя?

З другой часткі выказваньня вынікае, што краіны Балтыі і Ўкраіна пайшлі дэмакратычным шляхам разьвіцьця дзякуючы таму, што мелі моцную дыяспару.

Але, маючы сапраўды моцныя і палітычна актыўныя дыяспары (ці былі яны нагэтулькі мацнейшымі за беларускія, каб гэта адыграла вырашальную ролю, асобнае пытаньне), гэтыя краіны мелі Народны рух Украіны, Народныя франты Латвіі і Эстоніі, а таксама літоўскі «Саюдзіс». Дэмакратычны незалежніцкі рух унутры гэтых краінаў дзейнічаў у нашмат больш спрыяльных умовах, чым гераічны Беларускі народны фронт у савецкай зрусыфікаванай Беларусі. Дыяспара, вядома ж, дапамагала — але яна павінна была мець, чаму дапамагаць. БНФ у Беларусі прайграў найперш не праз свае памылкі, а праз тое, што палітычная, грамадзянская і нацыянальная сьвядомасьць большасьці беларусаў знаходзіліся ў стане атрафіі, і гэтая атрафія прывяла да ўлады Лукашэнку.

Цяперашнія прэзыдэнт і прэм’ер-міністар маёй другой радзімы Латвіі — абодва выхадцы з дыяспары. Прэзыдэнт Лэвітс вырас у Нямеччыне, прэм’ер Карыньш нарадзіўся і вырас у ЗША. Наша былая прэзыдэнтка Вайра Віке-Фрэйбэрга, якая прывяла Латвію ў NATO і Эўрапейскі Зьвяз, вырасла і зрабіла кар’еру ў Канадзе.

Умоўным беларускім лэвітсам, карыньшам і віке-фрэйбэргам у дзевяностыя не было куды вяртацца, каб будаваць дэмакратычную эўрапейскую Беларусь.

Вядома ж, беларуская дыяспара была ў стане лабіяваць беларускія інтарэсы ў сваіх краінах і дапамагаць Беларусі. Яшчэ за савецкім часам яна зрабіла велізарную працу для прыцягненьня ўвагі да наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Першае памяшканьне амбасадзе Беларусі ў цэнтры Лёндану ў пачатку 90-х даў пасьпяховы прадпрымальнік, брытанскі беларус Ян Дзяменьнік.

Але ўсё скончылася з прыходам да ўлады А. Лукашэнкі і зь дзяржаўным пераваротам, які ён ажыцьцявіў у 1995-1996 гадах.

Як не паўтарыць памылак папярэднікаў

Дасавецкае беларускае палітычнае замежжа мела відавочныя праблемы, у тым ліку фатальныя. І цяперашняму чарговаму пакаленьню беларускай палітычнай эміграцыі трэба перадусім улічваць досьвед папярэдніх хваляў, а ня толькі глядзець на Іран ці краіны Балтыі.

Па-першае, сярод дыяспары ўвесь час існавалі непераадольныя расколы, якія шкодзілі агульнай справе. Увесь пасьляваенны час беларускі палітычны рух у выгнаньні быў падзелены між прыхільнікамі Рады БНР і Беларускай цэнтральнай рады. Нягледзячы на тыя ж самыя сымбалі, мову, сьвяты і дэкляраваныя мэты, прыхільнікі Рады БНР і БЦР адкрыта і жорстка варагавалі безь ніякай магчымасьці паразуменьня.

Па-другое, дзейнасьць большасьці дыяспарных інстытутаў дэ-факта не была разьлічаная на тэрмін, даўжэйшы за жыцьцё іхных актывістаў. Як я ўжо пісаў, пасьля вайны зь Беларусі выехалі дзясяткі тысячаў людзей, якія ўтварылі дзясяткі арганізацый па ўсім сьвеце. Але з нашчадкаў тых дзясяткаў тысяч толькі адзінкі працягваюць удзельнічаць у жыцьці беларускай дыяспары. Людзі асыміляваліся, абжыліся і забыліся пра Беларусь. Гэта вялікая фундамэнтальная праблема беларускай дыяспары, якую трэба ўсьведамляць і зь якой трэба думаць, што рабіць.

Сумны лёс напаткаў адзін з двух палітычных лягераў дыяспары: арганізацыі, згуртаваныя вакол БЦР, як і сама БЦР, бясьсьледна зьніклі са сьмерцю іхных актывістаў у дзевяностыя. Рада БНР і палітычныя арганізацыі, аб’яднаныя вакол яе, выжылі толькі дзякуючы новай хвалі палітычнай эміграцыі, якая ўлілася ў іх. Ды і то, без прытоку новых палітычна актыўных імігрантаў, мяркуючы па ўсім, ня здолелі выжыць старыя беларускія арганізацыі ў Аўстраліі. Мабыць, адыграла ролю і бясспрэчна большая гістарычная каштоўнасьць Рады БНР як інстытуту, а значыцца, і большая матывацыя да яе захаваньня ў параўнаньні з БЦР. Але разам са «сьмерцю» БЦР была, як выглядае, страчаная вялікая спадчына, у тым ліку матэрыяльная (цэрквы, грамадзкія цэнтры, архівы), вялікі рэпутацыйны і лабісцкі патэнцыял, якія празь «міжфракцыйную» варажнечу не змаглі быць перададзеныя ў спадчыну дыяспары, якая працягвала існаваць.

Маратон, а ня спрынт

Цяперашняму пакаленьню палітычных эмігрантаў можа быць складана суаднесьці сябе з паваенным пакаленьнем і пагатоў разважаць у маштабе дзесяцігодзьдзяў. Але і палітуцекачы 1940-х гадоў доўга жылі на валізках і былі гатовыя вярнуцца ў Беларусь, калі б «халодная вайна» паміж Захадам і СССР перарасла ў вайну сапраўдную і калі б амэрыканскія войскі вызвалілі Беларусь. Гэтага ня здарылася. Шмат хто з тых палітычных актывістаў ужо ў паважным веку дажылі да незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе — праз 46 гадоў пасьля іхнага ад’езду з радзімы. Адзінкі зь іх жывыя і дагэтуль.

Галоўнае, чаму нас павінны вучыць папярэднія пакаленьні беларускіх палітэмігрантаў — гэта цярпліваму і цьвярозаму доўгаму чаканьню. Беларуская рэвалюцыя ёсьць маратонам, а ня спрынтам. А значыцца, беларускім палітычным уцекачам трэба акопвацца на новым месцы, моцна ўставаць на ногі, але ніколі не забываць пра Беларусь і кожны дзень рабіць нешта, хаця б маленькае, дзеля дасягненьня Беларусьсю свабоды.

Знакаміты беларускі грэка-каталіцкі сьвятар, выдатны інтэлектуал і грамадзкі дзеяч а. Аляксандар Надсан, які пакінуў Беларусь у 1944 годзе і жыў у Лёндане, некалькі дзесяцігодзьдзяў пісаў кнігі, зьбіраў кніжныя скарбы для Скарынаўскай бібліятэкі і быў, магчыма, адзіным на плянэце Зямля сьвятаром, які штодзень служыў набажэнствы на беларускай мове, часам у поўнай самоце. Ягоныя малітвы былі прынамсі часткова пачутыя, і Беларусь урэшце зрабілася незалежнай дзяржавай. Беларуская каталіцкая царква з двухмільённай паствай зрабілася беларускамоўнай.

На знакамітым брытанскім плякаце часоў Другой сусьветнай вайны быў надпіс: «Keep calm and carry on» — «Будзь спакойны і працягвай рабіць справу».

Гэта і пра нас.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG