Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Украіны падтрымаў прапанову Зяленскага аб звальненьні генэральнай пракуроркі


Ірына Венядзіктава
Ірына Венядзіктава

Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла рашэньне аб звальненьні Ірыны Венядзіктавай з пасады генэральнай пракуроркі Ўкраіны, такім чынам падтрымаўшы адпаведную ініцыятыву прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага.

Гэта рашэньне падтрымалі 264 дэпутатаў.

Ірына Венядзіктава 19 ліпеня асабіста прыехала, каб прысутнічаць на пасяджэньні парлямэнцкага камітэту пры разглядзе прапановы Ўладзіміра Зяленскага аб яе звальненьні. Напярэдадні яна заявіла, што яе адхіленьне ад пасады незаконнае. Яна таксама выказала жаданьне выступіць у парлямэнце са справаздачай аб сваёй дзейнасьці, як гэта прадугледжвае працэдура звальненьня. Рашэньне аб звальненьні разглядае парлямэнт у выпадку ўхваленьня адпаведнай прапановы галіновым парлямэнцкім камітэтам.

На парлямэнцкіх выбарах 2019 году Ірына Венядзіктава балятавалася пад № 3 партыйнага сьпісу партыі Ўладзіміра Зяленскага «Слуга народу». Але ў сьнежні 2019 году здала дэпутацкі мандат у сувязі з прызначэньнем выканаўцай абавязкаў кіраўніка Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў. Там яна прызначыла сваім першым намесьнікам Аляксандра Бабікава, які працаваў адвакатам Віктара Януковіча.

Ірына Венядзіктава — вядомая ўкраінская юрыстка. Да прыходу ў палітыку яна працавала ў Харкаўскім нацыянальным унівэрсытэце. Доктарюрыдычных навук, прафэсар. Паходзіць з Харкава, вырасла ў сям’і юрыстаў. Сёлета ў верасьні ёй споўніцца 44 гады.

На пасаду генэральнага пракурора Ірына Венядзіктава была прызначаная ў сакавіку 2020 году. Яна стала першай жанчынай, якая ачоліла пракуратуру цягам усёй незалежнасьці Ўкраіны.

Каго разглядаюць як наступніка

Паводле ўказу прэзыдэнта, часова кіраваць пракуратурай будзе намесьнік генэральнага пракурора Аляксей Сіманенка.

У гэтым статусе Аляксей Сіманенка быў куратарам расьсьледаваньня забойства Паўла Шарамета, а ў час адпачынку Ірыны Венядзіктавай падпісаў падазрэньне Пятру Парашэнку ў так званай «вугальнай справе», паводле якой цяпер арыштаваны лідэр ужо забароненай партыі «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“» Віктар Медзьвядчук, кум расейскага прэзыдэнта Пуціна.

Украінскія СМІ паведамляюць, што ў свой час, калі супраць намесьніка кіраўніка Офіса прэзыдэнта Алега Татарава завялі крымінальную справу аб хабарніцтве, Аляксей Сіманенка спрыяў яе закрыцьцю.

«Калі параўноўваць яго і Венядзіктаву, то гэта калясальнае пагаршэньне і адкрыцьцё шляху для поўнага самавольства. Венядзіктава адмаўлялася падпісваць шэраг абвінавачаньняў, у тым ліку і супраць Парашэнкі, тады часова (абсалютна незаконна) ставілі в.а. Сіманенку, і ён усё падпісваў, а тады вярталася Венядзіктава», — напісаў з гэтай нагоды палітычны экспэрт Тарас Чарнавол.

Выданьне «Українська правда» са спасылкай на свае крыніцы ва ўладзе паведаміла, што Ірыну Венядзіктаву адхілілі з прычыны напружаных стасункаў з Офісам прэзыдэнта. У прыватнасьці, паведамляе выданьне, незадаволенасьць каманды Зяленскага выклікала мэдыйная актыўнасьць генэральнай пракуроркі і яе рашэньні ў паскораным рэжыме перадаваць у суды справы супраць расейскіх палонных. Гэта, паводле асобаў, датычных да перамоў з расейцамі, магло пагражаць судамі над украінскімі палоннымі і спыненьнем абмену.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG