Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 14 ліпеня: масавыя затрыманьні ў Драгічыне, у Янаве сілавікі пры затрыманьнях застрэлілі сабаку настаўніцы


Сілавік у цывільным затрымлівае мужчыну ў Горадні. Ілюстрацыйнае фота
Сілавік у цывільным затрымлівае мужчыну ў Горадні. Ілюстрацыйнае фота

Перасьлед беларусаў працягваецца.

Масавыя затрыманьні ў Драгічыне

Берасьцейскай «Вясьне» стала вядома пра як мінімум 10 затрыманых учора ў Драгічыне. Магчыма, затрыманьні працягваюцца і сёньня.

Узброеныя сілавікі ў цывільнай вопратцы правялі вобшукі і канфіскавалі знойдзеныя грошы. Тых, каго не засьпелі дома, шантажавалі праблемамі для родных. Некаторыя ўжо атрымалі прысуды ў выглядзе содняў і штрафаў.

Меркавана, сярод затрыманых — Андрэй і Ірына Малашыцкія.

Сілавікі ў Янаве застрэлілі сабаку настаўніцы, якая адбывае «хатнюю хіміі» за рэпосты

14 ліпеня праваабаронцам сталі вядомыя падрабязнасьці масавага «хапуна» ў Іванаве, які адбываецца апошнія два дні. Ён санкцыяваны пракурорам Сяргеем Жуковічам. Ператрусы праходзілі ў актывістаў і ў тых, каго раней прыцягвалі па палітычных справах — паведамляецца, што некаторым людзям разграмілі кватэры.

Пацьвердзілася інфармацыя пра тое, што міліцыянты застрэлілі сабаку настаўніцы Алены Пуцыковіч, якая адбывае «хатнюю хіміі» за два рэпосты з інфармацыяй пра міліцыянтаў. Яны пагражалі зрабіць гэта ўжо не аднойчы і ўчора мэтанакіравана застрэлілі хатняга гадаванца. Міліцыянты хацелі таксама застрэліць сабаку Марыны Кіявец, але тая змагла яе абараніць.

Таксама стала вядома, што сёньня адбыліся суды над затрыманымі: Тамара Падымка — 30 базавых штрафу (960 рублёў), Марына Кіявец — 29 базавых штрафу (928 рублёў), Дзіяна Міховіч — 15 дзён арышту. Тамару і Марыну судзілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), Дзіяну — паводле арт. 24.3 КаАП РБ (непадпарадкаваньне міліцыянтам).

У Марыны трое непаўнагадовых дзяцей, аднак яе дагэтуль ня вызвалілі пасьля ўчорашняга затрыманьня (па законе, яе павінны былі адпусьціць праз 3 гадзіны). Паведамляецца, што на яе склалі тры пратаколы, таму могуць судзіць некалькі разоў запар — пасьля сёньняшняга суда жанчыну адразу перазатрымалі.

Таксама вядома, што сярод затрыманых Савіцкі, Дзьмітры Сянчук і Аляксандар Юшкевіч.

Затрыманьні праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіКа і АЛМАЗу. У адным з РАУСаў мужчыне павязалі на шыю бел-чырвона-белы сьцяг і пагражалі задушыць. У кішэні яму таксама засунулі бел-чырвона-белыя сьцягі — так зь ім запісвалі «пакаяльнае відэа».

За абразу судзьдзі, чыноўніка, супрацоўніка міліцыі і Лукашэнкі асудзілі жыхарку Магілёва

У судзе Ленінскага раёну Магілёва завяршыўся разгляд крымінальнай справы Ганны Кандраценкі. Жанчыну абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: абраза прадстаўніка ўлады, абраза Лукашэнкі і абраза судзьдзі альбо народнага засядацеля, паведамляе «Вясна».

Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, 37-гадовая жыхарка Магілёва на працягу 2021 году ў некалькіх «дэструктыўных тэлеграм-каналах» разьмяшчала абразьлівыя камэнтары ў адрас Лукашэнкі, старшыні Горадзенскага абласнога выканаўчага камітэту, судзьдзі, а таксама супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

У выніку судзьдзя Натальля Панасенка прысудзіла Ганьне тры гады калёніі агульнага рэжыму, а таксама штраф у памеры 3200 рублёў.

Вайсковага экспэрта Лебядка будуць судзіць па адміністрацыйным артыкуле

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», затрыманага ўчора вайсковага экспэрта Ягора Лебядка будуць судзіць па арт. 24.3 КаАП — «непадпарадкаваньне службовым асобам».

У Менску затрымалі сябра АГП

Учора ў Менску пасьля ператрусу дома быў затрыманы 29-гадовы Артур Смалякоў, паведамляе «Вясна». Артур — сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

КДБ дадало ў сьпіс «тэрарыстаў» яшчэ 2 чалавек. Усяго ў ім ужо 139 беларусаў

На сайце КДБ зьявілася абноўленая вэрсія сьпісу, датаваная 13 ліпеня (папярэднія зьмены ўносіліся 6 ліпеня), у ім два новыя прозьвішчы.

  • 27-гадовы Эдвард Вільчэўскі, жыхар Горадзенскай вобласьці. Абвінавачваецца паводле арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці), арт. 293 КК (масавыя беспарадкі);
  • 35-гадовы Сяргей Кірыковіч, жыхар Горадзенскай вобласьці. Абвінавачваецца паводле арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці).

У «тэрарыстычны» сьпіс КДБ на дадзены момант унесены 139 беларусаў.

У Лідзе супрацоўніку ААТ «Лякафарба» прысудзілі 10 дзён арышту

Тэлеграм-канал @lida_grab_court паведамляе пра затрыманьне за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» 34-гадовага супрацоўніка ААТ «Лякафарба» Аляксандра Пінаева. Затрыманьне адбылося яшчэ 8 ліпеня. Пазьней Аляксандру прысудзілі 10 дзён арышту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG