Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтка, настаўніца, рэпэр, мультыплікатар: расказваем, каго КДБ дадаў у «сьпіс тэрарыстаў»


Асобы, якіх КДБ унёс у сьпіс тэрарыстаў
Асобы, якіх КДБ унёс у сьпіс тэрарыстаў

Цягам тыдня Камітэт дзяржбясьпекі ўнёс у «сьпіс асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці», яшчэ дванаццаць чалавек. Дзевяцёра былі дададзеныя 14 чэрвеня, і яшчэ трое — 16 чэрвеня.

У асноўным у сьпісе людзі, якія знаходзяцца ў зьняволеньні па палітычна матываваных справах. Многія зь іх прызнаныя палітвязьнямі.

Яўген Блахінскі (24 гады)

Хлопец родам з Горадні, але апошнія гады жыў у Нідэрляндах, працаваў на будоўлях. У Беларусь прыехаў 17 студзеня, а ўжо літаральна празь дзень быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіК. З кватэры Яўгена выводзілі ў адным халаце.

Сілавікі сьцьвярджалі, што Блахінскі ў «экстрэмісцкіх чатах заклікаў да масавых беспарадкаў, забойстваў міліцыянтаў і падпалаў „Табакерак“».

Судовы працэс над Блахінскім пачаўся 4 траўня ў Горадзенскім абласным судзе. Яго судзяць адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу: «распальваньне варожасьці», «арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», «масавыя беспарадкі» і «абраза Лукашэнкі».

Яўген вёў невялікі тэлеграм-канал, дзе выкладваў свае гіп-гоп тэксты, экспэрымэнтаваў у гэтым кірунку музыкі.

Аксана Касьпяровіч (46 гадоў)

Аксана Касьпяровіч
Аксана Касьпяровіч

Настаўніца скрыпкі ў музычнай школе Ліды. Маці траіх дзяцей, малодшай дачцэ 11 гадоў.

Яе затрымалі 30 верасьня проста на працоўным месцы. Напярэдадні да яе прыходзіў прадстаўнік Сьледчага камітэту, які правёў прафіляктычную гутарку. Хутчэй за ўсё, у віну ёй паставілі камэнтар пра Андрэя Зельцара: «Ён абараняўся як мог». Гэтага хапіла для крымінальнай справы па артыкуле 130 «Распальваньне варожасьці».

Яе доўга трымалі ў жодзінскім СІЗА, а потым перавялі ў турму Горадні.

Іван Вярбіцкі (56 гадоў)

Мультыплікатар, мастак з Гальшанаў. Зарабляў на жыцьцё мантажом відэа, стварэньнем анімацыі. Першапачаткова супраць яго нават высоўвалі абвінавачаньні ў захоўваньні і набыцьці зброі, але іх зьнялі. Асудзілі на 8 гадоў і 1 месяц за падбухторваньне да актаў тэрарызму. Цяпер адбывае пакараньне ў калёніі ў Магілёве.

Юры Жукоўскі (43 гады)

Жыхар Горадні. Генэральная пракуратура нават прысьвяціла Жукоўскаму асобны допіс. Маўляў, ён на працягу чэрвеня-кастрычніка 2020 году ў тэлеграме падбухторваў да супрацьпраўнай дзейнасьці ў дачыненьні да супрацоўнікаў пракуратуры, МУС, дзяржаўнай бясьпекі.

Агулам ён праходзіў адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу. 16 чэрвеня стала вядома, што Жукоўскага асудзілі на восем гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Данута Перадня (20 гадоў)

Студэнтка-выдатніца Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Па зьвестках выданьня mayday затрымалі яе 28 лютага, калі яна прыехала ў Магілёў з роднага Кіраўску. У віну Дануце Перадні пастаўлены перапост рэзкага допісу пра Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнку ў адзін з магілёўскіх паблікаў.

Андрэй Ражкоў (50 гадоў)

Жыхар Маладэчна. Затрыманы 17 лістапада 2021 году. Праваабаронцам так і не вядома, у чым канкрэтна абвінавачваецца спадар Ражкоў.

Калі меркаваць па сацыяльных сетках, то ў 2015 годзе Ражкоў яшчэ захапляўся Аляксандрам Лукашэнкам. Пазьней пачаў ставіцца да яго крытычна.

5 траўня Андрэя Ражкова асудзілі на тры гады калёніі.

Аляксей Маеўскі (40 гадоў)

Пра гэтага жыхара Менску нічога не вядома. Ні калі ён затрыманы, ні прычына затрыманьня. КДБ толькі паведаміў, што ён абвінавачваецца па артыкуле 130 КК «Распальваньне варожасьці».

Аляксандар Гаўрылік (29 гадоў)

Жыхар Ваўкавыску. Затрыманы 29 верасьня 2021 году за камэнтары па «справе Андрэя Зельцара». Першапачаткова абвінавачваўся па артыкуле «Абраза прадстаўнікоў улады», цяпер ідзе па артыкуле 130 «Распальваньне варожасьці».

Аляксандар Пятрашка (34 гады)

Аляксандар Пятрашка
Аляксандар Пятрашка

Жыхар Горадні. Затрыманы 30 верасьня 2021 году ў рамках крымінальнай справы за камэнтары пасьля забойства ІТ-шніка Андрэя Зельцара і супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка. Суд прызначаны на 17 чэрвеня.

Андрэй Кандратовіч (31 год)

Андрэй Кандратовіч
Андрэй Кандратовіч

Яшчэ адзін затрыманы ў Горадні за камэнтары аб «справе Андрэя Зельцара». Працаваў на прадпрыемстве «Горадняжылбуд», жанаты, мае дзьвюх дачок.

Канстанцін Ханін (42 гады)

Родам з Астраўца, працаваў таксістам у Менску. Асуджаны на 2,5 года зьняволеньня за распальваньне варожасьці. Пакараньне адбывае ў калёніі «Віцьба» пад Віцебскам.

Аляксей Парэцкі (39 гадоў)

Пра гэтага чалавека пакуль зусім нічога не вядома, апроч таго, што ён родам з Магілёўскай вобласьці і абвінавачваецца ў распальваньні варожасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG