Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры Італіі, Нямеччыны, Румыніі і Францыі сустрэліся ў Кіеве зь Зяленскім. ФОТА


Канцлер ФРГ Оляф Шольц, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэзыдэнт Румыніі Кляўс Яганіс. Кіеў, 16 чэрвеня 2022
Канцлер ФРГ Оляф Шольц, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэзыдэнт Румыніі Кляўс Яганіс. Кіеў, 16 чэрвеня 2022

Лідэры Італіі, Нямеччыны, Румыніі і Францыі сустрэліся 16 чэрвеня з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім на знак падтрымкі, працягам якой, як спадзяецца Кіеў, стане павелічэньне паставак зброі і больш жорсткія дзеяньні ў межах дапамогі ў вайне з Расеяй.

Прыезд эўрапейскіх лідэраў у Кіеў адбыўся напярэдадні саміту лідэраў Эўразьвязу ў Бруселі на наступным тыдні, а таксама саміту NATO, які пройдзе 29–30 чэрвеня ў Мадрыдзе.

Падчас першага такога візыту ў сталіцу Ўкраіны з пачатку расейскай агрэсіі лідэры Францыі, Нямеччыны, Італіі і Румыніі Эманюэль Макрон, Оляф Шольц, Марыё Драгі і Кляўс Яганіс прывіталі Зяленскага, які не пакідаў Украіну з моманту пачатку вайны.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі вітае канцлера ФРГ Оляфа Шольца, прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона, прэзыдэнта Румыніі Кляўса Яганіса. Кіеў, 16 чэрвеня 2022 г.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі вітае канцлера ФРГ Оляфа Шольца, прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона, прэзыдэнта Румыніі Кляўса Яганіса. Кіеў, 16 чэрвеня 2022 г.

Сустрэча адбылася пасьля таго, як чатыры эўрапейскія лідэры наведалі горад Ірпень пад Кіевам, які найбольш пацярпеў ад расейскіх абстрэлаў і акупацыі.

Візыт закліканы прыцягнуць увагу да магчымых ваенных злачынстваў, учыненых расейскімі войскамі, якія Шольц назваў «неймавернай жорсткасьцю» і «бессэнсоўным гвалтам».

«Гэта гераічны горад, адзначаны кляймом барбарства», — сказаў Макрон журналістам.

Раней Кіеў абвінаваціў Францыю, Нямеччыну і, у меншай ступені, Італію ў марудлівасьці з пастаўкамі зброі.

Адказваючы на пытаньне аб гэтай крытыцы, Макрон зьвярнуў увагу на пастаўкі зброі і фінансавую падтрымку.

«Францыя і Эўропа з самага пачатку падтрымлівалі Ўкраіну і яе грамадзян», — сказаў ён.

Экспэрты адзначалі, што галоўныя тэмы гэтага візыту — імкненьне Ўкраіны атрымаць статус кандыдата на ўступленьне ў Эўразьвяз і павелічэньне паставак зброі.

Пасьля таго як лідэры пагаварылі з мэрам Ірпяня і іншымі афіцыйнымі асобамі, Марыё Драгі дадаў: «Вялікая частка таго, пра што яны казалі, — гэта аднаўленьне. Словы пра боль, пра надзею, але таксама і пра тое, што яны хочуць зрабіць у будучыні».

Кіраўнік Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак паведаміў, што ў часе сустрэчы Ўладзімір Зяленскі перадаў лідэрам чатырох краін поўны пакет прапаноў па ўзмацненьні санкцый супраць Расеі і Беларусі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG