Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адзін Марыюпаль? Расейцы штурмуюць Севераданецк і бамбасховішчы заводу «Азот»


Севераданецк пад расейскімі абстрэламі, чэрвень 2022
Севераданецк пад расейскімі абстрэламі, чэрвень 2022

Кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай заявіў, што расейскія войскі зьнішчаюць Севераданецк пастаяннымі штурмамі і абстрэламі, бо пакуль цалкам ня могуць узяць горад пад свой кантроль.

«Усе масты, якія вядуць да абласнога цэнтру, зьнішчаныя. Эвакуацыя і падвоз гуманітарных грузаў немагчымыя», — заявіў Сяргей Гайдай.

Паводле яго, расейскія войскі мэтанакіравана абстрэльваюць шматпавярховыя будынкі і завод «Азот».

«Ёсьць мэтанакіраванае пападаньне ў аб’екты севераданецкіх „Азоту“ і заводу „Склопластик“. Зруйнавалі мост, памяшканьні службы надзвычайных сытуацый, абстралялі навакольныя паселішчы Сінецкі і Паўлаград. Кожны дзень атрымліваем зьвесткі аб загінулых, да якіх праз шчыльныя абстрэлы цяжка дабрацца. Шмат пашкоджаных шматпавярховікаў у старых раёнах Севераданецку, некаторыя зь іх расейская армія расстрэльвала так, каб зьнесьці да самага падмурку. Аднак наступленьне ў раёне Мяцёлкіна ў іх не ўдалося», — дадаў Сяргей Гайдай.

У сваю чаргу кіраўнік Севераданецкай гарадзкой цывільна-вайсковай адміністрацыі Аляксандар Струк запэўніў, што, нягледзячы на разбураныя масты, шляхі зносін з горадам існуюць і горад пакуль не заблякаваны.

Сяргей Гайдай
Сяргей Гайдай

«Масаванымі абстрэламі разбурылі трэці мост, але горад не адрэзаны, ёсьць хоць і дастаткова складаныя, але шляхі зносін з горадам маюцца. Горад працягваюць абараняць украінскія вайскоўцы», — паведаміў Аляксандар Струк у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.

Паводле яго, у бомбасховішчах заводу «Азот» знаходзіцца больш за 500 цывільных грамадзян.

«Вораг практычна на часткі разьбірае наша найбуйнейшае прадпрыемства. Ідуць вулічныя баі. Тактычна недзе нашыя Ўзброеныя сілы адкідаюць ворага, недзе расейцы, дзякуючы штурму і вялікай жывой сіле, спрабуюць адкінуць нашыя войскі. Сытуацыя мяняецца кожную гадзіну», — дадаў ён.

Севераданецк пасьля акупацыі ў 2014 годзе Луганску выконвае функцыі цэнтру Луганскай вобласьці. Да пачатку актыўных баявых дзеяньняў украінскія ўлады заклікалі грамадзян тэрмінова эвакуавацца.

Да вайны насельніцтва Севераданецку складала амаль 130 тысяч грамадзян розных нацыянальных груп. Беларусы займалі трэцяе месца па колькасьці (0,7%) пасьля ўкраінцаў (70,2%) і расейцаў (26,9%).

Горад лічыцца цэнтрам хімічнай прамысловасьці, найбуйнейшымі прадпрыемствамі якой зьяўляюцца заводы «Азот» і «Склопластик».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG