Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 31 траўня: 1,5 года хіміі за абразу бабруйскага ўчастковага; год калёніі за абразу Лукашэнкі праз тэлефон

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі не спыняецца палітычны перасьлед грамадзян за выказваньне свайго меркаваньня, у тым ліку па дыфамацыйных артыкулах.

1,5 года «хіміі» і 100 базавых у справе «абражанага Комара»

24 траўня суд Ленінскага раёну Магілёва разгледзеў справу Дзьмітрыя Макаркова, якога абвінавачвалі ў зьдзяйсьненьні злачынства па арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»), пішуць праваабаронцы. Пацярпелым праходзіў участковы Бабруйскага УУС Андрэй Комар.

Згодна з матэрыяламі справы, Дзьмітры 21 лістапада 2021 у тэлеграм-канале STOP LUKA пад запісам з фатаздымкам Комара пакінуў «абразьлівы камэнтар з нэгатыўнай ацэнкай Комара А.М. з ужываньнем нецэнзурнай лексыкі».

Сваю віну абвінавачаны прызнаў часткова. Паводле яго, камэнтар у адрас Комара ён пакінуў пасьля таго, як пабачыў у інтэрнэце відэазапіс, на якім гэты ж самы ўчастковы падчас адной з акцый пратэсту ў 2020 годзе б’е жанчыну кулаком у твар. У выніку судзьдзя Аксана Ратнікава прысудзіла Макаркову 1,5 года «хіміі» і пастанавіла выплаціць пацярпеламу міліцыянту 3200 рублёў маральнай кампэнсацыі.

Год калёніі за абразу праз тэлефон

У судзе Слуцкага раёну завяршыўся разгляд крымінальнай справы 59-гадовага мясцовага жыхара Ўладзімера Пархоменкі. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу, піша «Вясна».

Справу разглядаў судзьдзя Юры Скрыган.

Па матэрыялах абвінавачаньня, 26 верасьня і 5 кастрычніка 2021 году абвінавачаны зьвязваўся са службай тэхнічнай падтрымкі прадпрыемства «Белтэлекам». Падчас размовы з апэратарамі мужчына абразьліва выказаўся на адрас Лукашэнкі. Запісаную размову перадалі ў сьледчыя органы.

«Чорную кнігу Беларусі» і «Карнікаў Беларусі» прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі»

«Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прыняло рашэньне аб прызнаньні групы грамадзян, якія ажыцьцяўляюць экстрэмісцкую дзейнасьць пры дапамозе інтэрнэт-рэсурсаў „Чорная кніга Беларусі“, „Карнікі Беларусі“ і іх рэгіянальных прадстаўніцтваў, у тым ліку ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах, экстрэмісцкімі фармаваньнямі і забароне іх дзейнасьці», — паведаміла МУС 31 траўня.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG