Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перапіска спынілася зусім і з усімі». Што цяпер адбываецца з палітвязьнямі ў турмах і калёніях


У Беларусі, па зьвестках праваабарончага цэнтру «Вясна», 1202 палітвязьні. Ужо некалькі месяцаў адміністрацыі турмаў і калёній блякуюць перапіску арыштаваных з блізкімі і сябрамі. «Перапіска спынілася зусім і з усімі», — сказала Свабодзе адна з валянтэрак, якая дзясяткамі піша лісты зьняволеным.

Свабода пацікавілася ў сяброў і блізкіх палітвязьняў пра камунікацыі зь імі.

«Мы тут усе гурком, чакаем добрых навін!»

Нягледзячы на заблякаванае ліставаньне, часам да сяброў вязьняў «прарываюцца» зьвесткі з калёній. Днямі атрымала ліст сяброўка Дзьмітрыя Грышчанкі з Гомля. Ён за «масавыя беспарадкі» атрымаў тры гады зьняволеньня. Цяпер ён у наваполацкай калёніі.

Да затрыманьня Дзьмітрый працаваў на «Беларуснафце», актыўна ўдзельнічаў у інтэлектуальных гульнях.

Дзьмітрый піша, што цяжка знайсьці час, каб напісаць ліст. У бібліятэцы ён знайшоў апавяданьні Варлама Шаламава.

«Вельмі моцнае ўражаньне! Шкада, што дух кнігі шмат у чым цяпер актуальны. Яшчэ ўдалося прачытаць апавяданьні Сартра. Вось нядаўна абмяркоўваў за кавай з самім сабой, што адна цытата добрая і актуальная (іншасказальна): „І запомніце добра — усе, хто будзе шмат есьці чалавечага кансэрваванага мяса, — памруць ад цынгі“. Мяркуючы па навінах, многія шалеюць і замест разумнага, добрага і вечнага працягваюць зь вялікім азьвярэньнем адкрываць бляшанкі кансэрваў. Ну, калі не ад цынгі, то ад падагры таксама нічога добрага не бывае, нездарма ў гісторыі яе клікалі хваробай манархаў — тых, хто п’е шмат і есьць чырвонае мяса. Вось такі ў мяне гастранамічны водгук на Рэальнасьць За Сьцяной», — напісаў у лісьце Дзьмітрый.

Ён дадаў: «Мы тут усе гурком і чакаем добрых навін!».

Разам з Грышчанкам быў асуджаны да трох гадоў калёніі жыхар Гомля Станіслаў Мачалаў. У гомельскім СІЗА ён пабраўся шлюбам са Сьвятланай Якубовіч .

Цяпер Станіслаў у калёніі ў Івацэвічах. Лісты ад яго даходзяць вельмі рэдка. «Большасьць лістоў, якія ён піша на волю, вяртаюцца яму з пазнакай, што не прайшлі цэнзуру. Незразумела, што можна пісаць, што нельга», — удакладніў адзін з блізкіх людзей зьняволенага.

«Забаранілі наведваць стадыён, спартыўную залю і бібліятэку»

Са жніўня 2020 году за кратамі Аляксандар Шабалін — актывіст ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. У траўні 2021 году ён быў пакараны 7 гадамі зьняволеньня за «масавыя беспарадкі». Адбывае пакараньне ў Шклове, працуе на швейнай вытворчасьці.

Дома яго чакаюць жонка і чацьвёра дзяцей.

Сябра Аляксандра расказаў, што лістоў з калёніі няма даўно, нават блізкім людзям.

«Больш таго — Саша сам прасіў неяк у лісьце, каб людзі не пісалі яму, бо ён апасаецца, што іх могуць пакараць за „сувязі з палітычным“. Жонцы ён часам звоніць з калёніі. Нядаўна было і спатканьне. Ведаю, што на яго ўзмацнілі ціск у калёніі і забаранілі спартыўную залю, бібліятэку і стадыён. Дый за што заўгодна могуць напісаць парушэньне. Ён разумее, што хутка ўсё гэта ня скончыцца. Але ні пра што не шкадуе», — кажа сябар.

«За што ён сядзіць столькі — мы ня ведаем»

29 верасьня 2021 году ў Жлобіне быў арыштаваны былы супрацоўнік БМЗ Сяргей Сьляжоў. Яго забралі за камэнтары па «справе Зельцара». Сябры і блізкія сьцьвярджаюць, што дагэтуль ня ведаюць, якія менавіта камэнтары сталі прычынай затрыманьня, дзе ён іх пакідаў, ці пакідаў увогуле.

«На момант затрыманьня Сяргей ужо не працаваў на БМЗ, вучыўся на курсах IT. Я ня пэўны ўвогуле, што ён недзе мог нешта напісаць. Можа, яму адпомсьцілі, што ён у 2020 годзе падтрымаў агульнанацыянальны страйк. Яго забралі з дому 29 верасьня, з той пары — аніякай інфармацыі», — кажа сябра Сяргея.

Сяргей Сьляжоў паўтары месяца быў у СІЗА ў Жодзіне, як большасьць затрыманых за камэнтары па «справе Зельцара».

«Толькі пасьля месяца і дваццаці дзён нарэшце прынялі для яго перадачу на Жодзіна. Потым яго перавялі ў Гомель, у СІЗА. Адвакат кажа, што нічога ня можа казаць — падпіска аб неразгалошваньні. Было ў блізкіх адно спатканьне зь ім, але пра справу нельга было гаварыць. Ніхто нічога не расказвае. Чалавек ад верасьня ў турме. Адзінае, што ведаем, — яго „далучылі“ да нейкай групы па „справе Зельцара“, дзе 27 чалавек. Хоць яны ніхто не знаёмыя адзін з адным», — дадаў сябар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG