Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сорас: трэба перамагчы Пуціна, каб захаваць нашу цывілізацыю


Джордж Сорас у сваім доме ў Нью-Ёрку, 2016
Джордж Сорас у сваім доме ў Нью-Ёрку, 2016

Амэрыканскі бізнэсовец і філянтроп, заснавальнік фонду «Адкрытае грамадзтва» Джордж Сорас заклікаў «як мага хутчэй» нанесьці паразу Ўладзіміру Пуціну ва Ўкраіне.

Сорас выступіў на Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе (Швайцарыя). На яго думку, гэта «найлепшая і, магчыма, адзіная магчымасьць захаваць нашу цывілізацыю».

Вайну ва Ўкраіне Сорас ахарактарызаваў як магчымы пачатак Трэцяй сусьветнай вайны, назваўшы яе праявай галоўнага, на яго думку, канфлікту сучаснасьці — паміж «адкрытымі супольнасьцямі», да якіх ён адносіць большасьць краін Захаду, і супольнасьцямі «закрытымі», да ліку якіх адносяцца Кітай і Расея.

«У адкрытым грамадзтве дзяржава абараняе свабоду асобы, у закрытым роля асобы — служыць інтарэсам дзяржавы», — гэтак Сорас апісвае адрозьненьне паміж гэтымі двума тыпамі грамадзкага ладу.

На думку бізнэсмэна, у апошнія два дзесяцігодзьдзі аўтарытарныя тэндэнцыі ў сьвеце на ўздыме, у тым ліку таму, што «закрытыя супольнасьці» паставілі сабе на службу сучасныя тэхналёгіі.

На думку Джорджа Сораса, з прычыны вайны ўсе іншыя праблемы, якія стаяць перад чалавецтвам, уключаючы барацьбу са зьменамі клімату, цяпер адышлі на другі плян, і гэта, а ня толькі рост аўтарытарных тэндэнцый, ставіць пад пагрозу сусьветную цывілізацыю, бо зьмены могуць набыць незваротны характар.

Сорас апісаў сваё бачаньне пачатку і ходу вайны ва Ўкраіне. На яго думку, Кітай ведаў аб падрыхтоўцы Ўладзіміра Пуціна да вайны. Расейскі прэзыдэнт, па словах Сораса, відавочна, разьлічваў, што расейскамоўныя жыхары Ўкраіны будуць вітаць яго войска як «вызваліцеляў», але гэтага ня здарылася. Пасьля паражэньня пад Кіевам Пуціну давялося мяняць свае пляны. Сорас згадаў пра аблогу Марыюпалю, выказаўшы здагадку, што ёю кіраваў генэрал Уладзімір Шаманаў (незразумела, чым пацьверджана такое сьцьвярджэньне. — РС), і ваенныя злачынствы ў Бучы, адказнасьць за якія ён усклаў на расейскае войска. На думку Сораса, цяпер вайна ўступае ў фазу, калі можа даць аб сабе знаць колькасная перавага расейскага войска, аднак, як лічыць Сорас, ва Ўкраіны ёсьць шанцы на пасьпяховае супраціўленьне.

На думку бізнэсоўца, Уладзімір Пуцін ужо зразумеў, што пралічыўся, і будзе шукаць міру, аднак у цяперашніх умовах замірэньне зь ім немагчымае, паколькі «яму нельга верыць».

Сорас падтрымаў пашырэньне ЭЗ і ўмацаваньне эўрапейскага адзінства аж да фэдэралізацыі, а таксама выказаў думку, што ў кітайскага лідэра Сі Цзіньпіна, з прычыны памылкі ў падтрымцы Пуціна і палітыкі «нулявога ковіду», якая аказалася неэфэктыўнай, на думку Сораса, могуць пачацца праблемы.

  • Форум у Давосе сёлета праходзіць упершыню за доўгія гады без прадстаўнікоў Расеі. Тэма вайны ва Ўкраіне — адна з ключавых. У працы форуму ўдзельнічае па відэасувязі прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. У сераду ён зноў расказаў аб сваім бачаньні магчымых мірных перамоваў з Масквой. Па словах украінскага прэзыдэнта, яны могуць пачацца толькі пасьля адводу расейскіх войскаў на пазыцыі да ўварваньня 24 лютага. Зяленскі гатовы да перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным — але толькі прамымі.
  • Расейскія ўлады і пракрамлёўскія камэнтатары лічаць Сораса, фонд якога актыўна працаваў у Расеі ў 1990-я і пачатку 2000-х гадоў, «русафобам», які імкнецца нанесьці краіне шкоду. Фонд «Адкрытае грамадзтва» прызнаны ў Расеі «непажаданай арганізацыяй».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG