Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да 30% вайскоўцаў зарабляюць крадзяжом». Расейскае войска і марадэрства


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У сакавіку-красавіку 2022 году ў сацсетках зьявіліся ролікі нападаў расейскіх салдат на прадуктовыя крамы ва Ўкраіне і фатаздымкі расейскіх салдат-марадэраў, якія цягнулі бытавую тэхніку з украінскіх дамоў.

Шырока разышлося відэа, дзе расейскія вайскоўцы адпраўляюць пасылкі з тэхнікай і рэчамі праз мазырскае аддзяленьне кур’ерскай службы ў Рубцоўск, Маскву, Чыту, Омск, Новасібірск, Бірабіджан.

Карэспандэнтка праекту расейскай службы Радыё Свабода «Север. Реалии» Людміла Савіцкая вывучыла картатэку гарнізонных вайсковых судоў, каб высьветліць, што часьцей за ўсё крадуць у войску. Апытаныя экспэрты кажуць, што да крымінальных справаў і судоў даходзіць толькі мізэрная частка справаў: камандзіры пакрываюць радавых, бо любое надзвычайнае здарэньне кідае цень у тым ліку і на іх.

У картатэках гарнізонных вайсковых судоў толькі аднаго Паўночна-заходняга рэгіёну Расеі ў пэрыяд з 2021-га па травень 2022 году разглядаліся 59 спраў аб крадзяжах і рабаваньнях, якія ўчынілі расейскія вайскоўцы. Найчасьцей кралі пскоўскія салдаты — 10 крымінальных спраў, на другім месцы Вялікі Ноўгарад зь дзевяцьцю справамі, самым сумленнымі аказаліся кантрактнікі з Палярнага — тут за год не было спраў аб крадзяжы.

У большасьці вайскоўцаў, асуджаных за крадзеж, няма старонак у сацсетках пад сваімі імёнамі: весьці іх ім забараняюць расейскія ўлады. У некалькіх чалавек з ідэнтычнымі імёнамі старонкі закрытыя, яны не адказалі на заяўкі карэспандэнткі. Адвакаты, якія абаранялі некаторых салдат, таксама не адказалі на пытаньні журналіста, у другой часткі абаронцаў прозьвішчы ў дакумэнтах суду схаваныя.

«Злодзей працягваў служыць па кантракце, нягледзячы на крымінальную справу аб крадзяжы»

Вайсковая тэхніка ў Пскове
Вайсковая тэхніка ў Пскове

У жніўні 2021 году кантрактнік зь Ленінградзкай вобласьці Віталь Мухараў вяртаўся са шпіталя і вырашыў пераначаваць у сябра. Зайшоў у падʼезд, убачыў, што дзьверы ў суседняй кватэры не зачыненыя, і зайшоў унутр. У калідоры знайшоў у скрыні пыласос, адпарвальнік для адзеньня і камізэльку з грашыма ў кішэні. Мухараў забраў усё гэта з кватэры і прынёс да сябе дадому.

Салдата не збянтэжыла, што ў гэты час у кватэры, у суседнім пакоі, знаходзіліся гаспадары. Муж і жонка пачулі шум, але, калі выйшлі ў калідор, кантрактніка Мухарава там ужо не было, як і рэчаў. Сямʼя выклікала паліцыю, злодзея знайшлі. Судзьдзя Аляксандр Шлахаў з Выбарскага гарнізоннага суду прызначыў кантрактніку Мухараву самы нізкі штраф па гэтым артыкуле. На момант вынясеньня прысуду Мухараў працягваў служыць па кантракце, нягледзячы на крымінальную справу аб крадзяжы і незаконным пранікненьні ў чужую кватэру.

Іншы кантрактнік з гэтага рэгіёну Іван Дрозд з прыяцелем Сяргеем Гарбачэнкам увесну 2021 года забралі сабе чужое кавальскае кавадла. Але судзьдзя Юрый Смірноў крымінальную справу аб рабаваньні групай асобаў спыніў. Рашэньне ён патлумачыў тым, што Дрозд і Гарбачэнка ўпершыню прыцягваюцца да крымінальнай адказнасьці, зрабілі злачынства сярэдняй цяжкасьці, але загладзілі нанесеную шкоду і памірыліся з гаспадаром кавадла. Дразду прыйшлося толькі заплаціць за працэсуальныя выдаткі.

У Петразаводску гарнізонны вайсковы суд у лютым 2022 года дараваў Уладзіславу Нуя, які падчас службы па кантракце скраў з крамы тры ўпакоўкі стронгі і чатыры палкі сэрвэляту. Супраць яго распачалі крымінальную справу паводле артыкулу «рабаваньне». Судзьдзя Аляксей Даўжнікоў справу спыніў, абвінавачаны заплаціў толькі за паслугі адваката.

Тэрміновік Данііл Іўлеў з вайсковай часткі 54096 разам з таварышамі па службе адпачываў у горадзе і ўбачыў забытыя кімсьці на траве мабільнік і партатыўную калёнку. Іўлеў узяў тэлефон сабе, папярэдне скінуўшы ўсе налады да заводзкіх, а ў футарале смартфона знайшоў некалькі банкаўскіх картак. Зь імі салдат пайшоў у краму па прадукты і цыгарэты і 16 разоў аплаціў пакупкі чужой картай. Са скрадзенай карты ён пералічыў 7 тысяч рублёў прыяцелю і закінуў яшчэ тысячу сабе. Судзьдзя прызнаў Іўлева вінаватым у двух злачынствах: у крадзяжы тэлефона і ў крадзяжы грошай з банкаўскага рахунку. Яго пакаралі штрафам.

Таксама здымаў грошы з чужых рахункаў наўгародскі кантрактнік Дзьмітрый Арэфкін. Ён у гасьцях скраў у жанчыны мабільнік і перавёў сабе зь яе банкаўскай карты 60 тысяч рублёў. Судзьдзя Сцяпан Дакаў прызначыў яму два гады турмы ўмоўна і штраф.

Выкрылі ў крадзяжы мабільніка і Кантэміра Хабалава, які служыў у Санкт-Пецярбургу. Падчас перадпалётнага надгляду ў «Пулкава» ён скраў смартфон Xiaomi, але справу закрылі, таму што злачынства зьдзейсьніў упершыню і з гаспадыняй тэлефона памірыўся. Кантрактнік Уладзімір Маліноўскі з Волагды проста выхапіў смартфон з рук чалавека, які стаяў ля крамы. Суд кваліфікаваў гэта як рабаваньне і прысудзіў штраф.

Абрабавалі краму і дачныя ўчасткі

Вайсковец у Пскове
Вайсковец у Пскове

Вайсковец Сяргей Данілаў з Санкт-Пецярбурга краў прадукты. На касе самаабслугоўваньня ў гандлёвым цэнтры ён не прасканаваў тавары на суму больш як 9 тысяч рублёў, яго затрымала ахова. Сам салдат, паводле зьвестак часткі, атрымліваў кожны месяц 60 тысяч расейскіх рублёў. Суд спыніў справу: камандаваньне рэкамэндавала Дзянілава як добрага супрацоўніка, яшчэ адной зьмякчальнай акалічнасьцю судзьдзя палічыў жонку і дзіця, якія былі ў яго на ўтрыманьні. Кантрактніку прыйшлося заплаціць толькі штраф.

У Ноўгарадзе тэрміновік Мурад Азізаў, кантрактнікі Сцяпан Гвоздзеў і Кульбакін Антон абакралі мясцовую краму: вынесьлі прадукты, адзеньне і гігіенічныя сродкі. Супраць усіх вайскоўцаў справу таксама спынілі, далі штраф.

Пскоўскі дэсантнік Сяргей Нікандраў, узнагароджаны Пуціным мэдалём «За адвагу», у 2021 годзе забраўся на чужы дачны ўчастак і знайшоў там мэталічную канструкцыю вагой шэсьць тон. Нікандраў разам са знаёмым канструкцыю расьпілаваў і здаў на мэталялом. Выручкай з памагатым не падзяліўся. Паказаньні на дэсантніка Нікандрава ў судзе дала яго былая жонка. Той растлумачыў суду, што меў патрэбу ў грошах. Судзьдзя пакараў Нікандрава штрафам.

Тэрмовік Дзьмітрый Кляшчоў з Мурманску краў на трох чужых участках: на адным узламаў замок і скраў электрастанцыю, інвэртарны бэнзагенэратар і лодачны рухавік, на суседнім вынес з дому трымэр, у трэцяй суседкі забраў латуневы дроўны самавар і шрубавёрт. Участкі Кляшчоў выбіраў невыпадкова: усе яны знаходзяцца побач з дачай яго маці, на яе машыне ён і вывозіў нарабаванае. Маці расказала, што аб крадзяжах даведалася толькі пасьля ўзбуджэньня крымінальнай справы. Гэтыя рэчы Кляшчоў нават не прадаў. Спачатку ён схаваў украдзенае, а потым проста спаліў, каб яго не западозрылі. У выніку атрымаў штраф.

Агнямёт і запчасткі

Пскоў. Вайсковы аўтамабіль
Пскоў. Вайсковы аўтамабіль

Расейскія вайскоўцы крадуць ня толькі ў цывільных, але і свайго ж працадаўцы — у асноўным вайсковае абсталяваньне і форму. Так, у Калінінградзкай вобласьці кантрактнікі Андрэй Семянішчаў, Аляксандр Сакалоўскі і Мікіта Трушкін скралі пяхотны агнямёт і дымавыя гранаты. Кулямёт прадалі, але не ўлічылі, што пакупнік супрацоўнічаў з паліцыяй і гэта была «кантрольная закупка». Семянішчаў як ідэйны натхняльнік за незаконны збыт і крадзеж зброі з незаконным пранікненьнем атрымаў 4 гады 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму, Трушкін — тры гады, Сакалоўскі — два гады.

Іх зямляк Сяргей Сіпягін скраў некалькі вайсковых тэлефонаў, мэханічны авіяцыйны гадзіньнік, камплекты радыёстанцый, шлемафон з прыборам начнога бачаньня і іншую тэхніку, але суд спыніў справу супраць яго і прызначыў толькі 40 тысяч рублёў штрафу.

Іншы калінградзкі кантрактнік Васіль Мароз краў у войска кола і шыны, а потым выстаўляў іх на продаж. Суд прызначыў яму штраф.

Наўгародзкі кантрактнік Марсэль Лобаў выкраў са сваёй часткі прыёмаперадатчык, антэну, акумулятарную батарэю, блёк зарадкі і харчы. Прадаваць вырашыў праз пасярэдніка. У выніку атрымаў штраф. Іншы кантрактнік з Ноўгарада Ахмед Мурадаў атрымаў два гады ўмоўна за крадзеж запчастак да партатыўных радыёстанцый.

«Славілася наша войска пацукамі»

Пікет супраць ваенных расходаў. Пскоў, 2019
Пікет супраць ваенных расходаў. Пскоў, 2019

Дырэктар праваабарончай групы «Грамадзянін. Армія. Права», сябра Маскоўскай Хэльсынскай групы Сяргей Крывенка кажа, што кралі ў расейскім войску заўсёды.

— Па-першае, адпаведны культурны ўзровень. У войска на кантракт у асноўным ідуць жыхары дэпрэсіўных рэгіёнаў, дзе няма заробку. І любая рэч становіцца значнай для іх. Другая прычына — беспакаранасьць, у войску да гэтага часу дазнаньне і першае расьсьледаваньне ўскладзены на камандзіраў, а не аддадзены іншай структуры, той жа вайсковай паліцыі. Любое здарэньне ў частцы кідае цень на камандзіра, таму львіная доля ўтойваецца і да судоў даходзіць толькі вяршыня айсбэрга, — тлумачыць Крывенка. — «Ветлівыя зялёныя чалавечкі», гонар салдата і афіцэра, «салдат дзіцяці не пакрыўдзіць» — гэта ўсё міты, якія хаваюць рэальны стан арміі. Армія — гэта пагроза і для саміх салдат. Калі зь дзедаўшчынай стараслужачых удалося справіцца, то гвалт ня знік у частках. Калі б зараз было паўстаньне ў якім-небудзь Варонежы і туды накіравалі салдат, то расейская армія таксама б пачала дзейнічаць, як ва Ўкраіне. Куды войска не пусьці, яна ўсюды сябе будзе так паводзіць. Такі ў яго стан, трэба глядзець праўдзе ў вочы. Сыстэмная прычына гэтага — тое, што так і не ўдалося стварыць якаснае нізавое зьвяно кіраваньня арміяй, як, напрыклад, сяржанты ў амэрыканскай арміі.

Яўген Нілаў (імя зьменена па просьбе героя. — РС) доўгі час служыў па кантракце ў розных частках Паўночнага Захаду Расеі. Паводле яго, да 30% вайскоўцаў зарабляюць крадзяжом.

— Вельмі часта крадуць адзін у аднаго зарплатныя карткі зь пін-кодамі, тэлефоны, грошы. Працэнтаў 30% крадуць, ня менш. Славілася наша войска пацукамі, я кажу, як ёсьць. Нават тапкі кралі. З гэтых злачынстваў толькі 1/10 даходзіла да кіраўніцтва. Па-першае, навошта «стучаць». Па-другое, для начальства такія выпадкі — гэта таксама дрэнна, таму лепш гэта не выносіць далей камандзіра роты, — кажа Нілаў. — Я быў сьведкам пачатку кантрактнай арміі. Тамака быў проста зброд, усіх, хто адкуль мог прыехаць, бралі. Сёньня ў войску, якое стварае нашую дзяржаву, трэба быць бязвольным. А бязвольныя людзі ў асноўным маюць маральныя адхіленьні. Ёсьць там і нармальныя, патрыятычныя, але іх адзінкі. Праблема ў падборы пэрсаналу. Плюс яшчэ прыяжджаюць зь бедных рэгіёнаў, зь сёлаў, у якіх нізкі заробак, тут атрымліваюць нармальныя грошы і тут жа іх прапіваюць. А потым крадуць у таварыша па службе грошы. Пра афіцэрскі гонар гаварыць зараз таксама не даводзіцца, таму што афіцэры ператварыліся ў абслугу рэжыму.

— Расейскае войска пабудавана на дробным бытавым крадзяжы, калі ўсе крадуць усё адзін у аднаго і гэта ня лічыцца чымсьці ганебным. Калі ў салдата чагосьці няма, камандзіры часта кажуць: «Нарадзіце». Гэта было і калі я вучыўся, і потым, — кажа адвакат Аляксандр Папкоў, які 20 гадоў прапрацаваў у ваенным сьледзтве. — Калі я яшчэ вучыўся ў вайсковым унівэрсытэце, маімі аднакурсьнікамі былі вельмі забясьпечаныя дзеці генэралаў. Пры гэтым у казармах зьнікалі ручнікі, тапкі, прасьціны. Культуру крадзяжу заахвочвала і камандаваньне: ставіла заданьні, якія без крадзяжу выканаць немагчыма. Кожны панядзелак ранішні развод, і зімой трэба пасыпаць пляц пяском. Заданьне ёсьць, а пяску няма, ідзём у горад, на набярэжную Яўзы, знаходзім будоўлю, дзяўбем пясок, нясём на пляц. І потым: «Малайцы, выканалі задачу, „нарадзілі“ пясок». А мы будучыя афіцэры-сьледчыя, якія павінны быць нецярпімымі да крадзяжоў.

За час працы ў вайсковым сьледзтве Папкоў бачыў самыя розныя матывы для крадзяжу. Але галоўны, зразумела, грошы.

— У Адлеры салдат-памежнік на вуліцы выхапіў у дзяўчыны сумку і пабег. На ягоную бяду, побач праяжджаў паліцэйскі аўтамабіль, супрацоўнікі пагналіся за ім разам зь дзяўчынай. Матыў у яго быў просты: аддаць вялізны доўг за пройгрыш у карты, а спосаб у выглядзе рабаваньня яму падказалі калегі. Або прапаршчык зайшоў у краму і, калі прадаўшчыца адвярнулася, выцягнуў з-пад прылаўка гадзіньнік, зусім звычайны, мэханічны. Калі я яго дапытваў («Вас жа тут усе ведаюць, навошта вы гэта зрабілі?»), ён ня мог растлумачыць, чаму краў, — кажа Папкоў. — У вайсковых сьледчых, якія працавалі ў адным кабінэце, на працягу некалькіх месяцаў у дзень заробку прападалі грошы. Западозрылі калегу, але той адмаўляў. Паставілі камэру, намазалі флюарэсцэнтным саставам грошы. Афіцэр пераканаўся, што ўсе пайшлі, зачыніў кабінэт, дастаў дублікат ключа, палез у сэйф. Узяў грошы. Гэта быў падпалкоўнік, начальнік сярэдняга зьвяна, у яго дастаткова вялікі заробак, машына. Чым гэты крадзеж растлумачыць? Афіцэры на вайсковым аэрадроме ў Таганрогу прысвоілі і прадалі некалькі цыстэрнаў паліва. А на атрыманыя грошы дабудавалі казарму. Гэта было дзіўна для ўсіх, нават для афіцэраў вайсковай пракуратуры. У судзе справу спынілі ці то па амністыі, ці то па актыўным раскаяньні. Такі вось высакародны матыў... Карупцыя ва ўсім грамадзтве, пачынаючы з самых высокапастаўленых кіраўнікоў дзяржавы. І калі афіцэр бачыць, што ягоны камандзір крадзе, а той бачыць, што генэрал будуе вялізныя асабнякі, то, натуральна, яны ўсе па ланцужку будуць красьці.

«Ну здабудзь»

Парад у Архангельску 9 траўня 2022
Парад у Архангельску 9 траўня 2022

— Унутры расейскай арміі абсалютна сьвінскае стаўленьне да ўсіх людзей, — лічыць заснавальнік Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў. — Гэта праяўляецца нават у звычайных зносінах з камандзірамі, старшымі па званьні. Напрыклад, салдат кажа, што ў яго няма нармальнага абутку — ня выдалі, не хапіла камплекту палявой формы. Ён прыходзіць да старшага па званьні, а яму ў адказ часта кажуць: «Ну здабудзь». А «здабудзь» у войску азначае «ўкрадзі». Ня важна, у каго, можна нават у таварыша па службе. І ўсе гэта разумеюць і нармальна да гэтага ставяцца: твае праблемы, рабі з гэтым, што хочаш. Таму крадзеж квітнее нават сярод таварышаў па службе, якія, здаецца, плячо ў плячо павінны змагацца.

Нармальны псыхалягічны клімат, як і дастатковая колькасьць зброі з абмундзіраваньнем, сёньня ёсьць толькі ў элітных частках, напрыклад у Сілах спэцыяльных апэрацый, зазначае Левіеў:

— У астатніх частках камандзірам патрэбна толькі справаздачнасьць перад вышэйшымі. Нікога не цікавіць, наколькі ты гатовы да вайны, нікога не цікавіць нармальная вывучка салдата. Усім важная асабістая выгада, асабістыя паказчыкі. Напрыклад, камандуеш батальёнам і ў падпарадкаваньні маеш тэхніку, частка якой няспраўная. Прыяжджае начальства і пытаецца, чаму БМП няспраўная. Ты пачынаеш тлумачыць, што рыхтаваў рапарт, але не паставілі. А правяральнікаў гэта не хвалюе, ім важней паставіць галачку, што знайшлі парушэньні. Цябе аштрафуюць за гэта, цябе пакараюць. Гэта значыць, замацоўваецца сьвінскае стаўленьне на ўсіх узроўнях. У выніку людзі ператвараюцца ў жывёлаў. І ў іх такое ж стаўленьне фармуецца да ўсіх — і да таварышаў па службе, і да мірных грамадзян, — кажа расьсьледнік. — Салдаты бачаць, як на ўсіх пасадах крадуць абмундзіраванне, як на харчах, на запчастках бяруць сабе долю і раскрадаюць дзяржзаказы іхныя камандзіры, бачаць лецішчы генэралаў і разумеюць, што гэта можна рабіць беспакарана. Крадзеж успрымаецца як норма паводзін. Вайна для расейскіх салдат стала выгаднай у тым пляне, што можна сьпісаць усё. Я маю зносіны з салдатамі, і яны кажуць, што цяпер залаты час для сьпісаньня ўсяго няўліку. Вось было па дакумэнтах 50 бронекамізэлек, але вы ведаеце, што тры вы скралі, прадалі ці проста згубілі. У вас некамплект, і вы яго ўвесь час хавалі ад начальства. А цяпер, калі вайна, можна на яе сьпісаць. Па дакумэнтах як быццам бронекамізэлькі адправілі на вайну і там у выніку баявых дзеяньняў згубілі. І вы проста рапартам сьпісваеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG