Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гвалтуй украінскіх баб, толькі мне не кажы». СБУ апублікавала новыя перахопы размоў расейскіх салдат са сваякамі


Абстраляная і размаляваная расейскімі акупантамі аўтамашына ў горадзе Буча пад Кіевам
Абстраляная і размаляваная расейскімі акупантамі аўтамашына ў горадзе Буча пад Кіевам

Служба бясьпекі Ўкраіны працягвае публікаваць запісы тэлефонных размоў расейскіх вайскоўцаў, якія дзеляцца з сваякамі і сябрамі сваімі ўражаньнямі ад вайны ва Ўкраіне.

«Да сталіцы рукой падаць! Я проста празь лес бачу край высотак», — сказаў адзін з расейцаў і дадаў, сьмеючыся: «Затое цяпер я ведаю, што мой „трактар“ спакойна машыну пераяжджае». А ягоны суразмоўца ўдакладняе ў яго: «Гэта ў цябе быў спартовы інтарэс — выйдзе ці не?». І ўрэшце абодва засьмяяліся.

Ці сапраўдны гэты запіс, невядома, але такі факт пераезду браняванай тэхнікай машыны меў месца ў Абалонскім раёне Кіева.

Яшчэ адзін расеец расказвае сябру, як іхную калёну сустракалі надпісамі: «Расейскія акупанты, ідзіце адсюль! Мы вас не чакалі, мы вас ня звалі!»

«Едзеш, у іх палі такія чыстыя былі. Цяпер паўсюль засьмечана, спалена. На дарогах ямы, целы ляжаць», — паведаміў салдат, часта выкарыстоўваючы нецэнзурную лексыку.

«Ніхто з нас гэтым ганарыцца ня будзе. Я сваіх больш баюся, чым бандэраўцаў!» — дадаў ён.

У яшчэ адной зь перахопленых размоў жонка расейскага вайскоўца кажа: «Ты давай там, гвалтуй украінскіх баб. Толькі мне нічога не гавары. Зразумеў? Каб я нічога ня ведала».

Ейны муж перапытаў: «Можна, так?». «Так, дазваляю. Толькі засьцерагайся», — адказала яна і расьсьмяялася.

У яшчэ адной размове бацька гаворыць сыну, які «зачышчае» дом украінскага аматара рыбнай лоўлі, каб той браў усё, але акуратна: кручкі, лёску, пляцёнку.

«Забірай усё, што можна браць. Хлопцам там, камусьці дай на захаваньне. Але будзь уважлівы: не забывайся, што такое расьцяжкі, і каб вам там марадэрства не прыпісалі», — параіў бацька свайму сыну-вайскоўцу.

Яшчэ адзін расеец расказвае свайму сябру, як яны «ішлі, усё захоплівалі» і выкрадалі дарагія аўтамабілі на ўкраінскіх нумарах. Але нарабаванае яны змогуць вывезьці толькі ў тым выпадку, калі застануцца жывыя. Салдат расказаў, што цяпер можна вярнуцца толькі параненым і прызнаўся, што сьніць, як ён сам сябе забівае, і ад гэтага дзічэе.

Праваахоўныя органы Ўкраіны расьсьледуюць амаль 10 тысяч спраў, заведзеных па фактах злачынстваў Расеі супраць Украіны. Зь іх амаль 6,5 тысячы спраў датычаць ваенных злачынстваў.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG