Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Контранаступ украінцаў пад Харкавам, абстрэлы Запарожжа і Славянску. 77-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Завод «Азоўсталь» у Марыюпалі, які па-ранейшаму абстрэльваюць расейскія войскі, травень 2022
Завод «Азоўсталь» у Марыюпалі, які па-ранейшаму абстрэльваюць расейскія войскі, травень 2022

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 5,5 мільёна чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Украінскі контранаступ на поўнач ад Харкава прасунуўся далей і наблізіўся да мяжы з Расеяй у межах 10 км. Украінцы вызвалілі там 20 населеных пунктаў.
  • Украіна спыніла транзыт расейскага газу праз Данбас.
  • Пры новых абстрэлах Харкаўскай вобласьці і Харкава загінуў 1 чалавек, 10 атрымалі раненьні. Таксама расейцы запусьцілі ракеты па Славянску.
  • Севераданецк застаўся бяз газу праз пашкоджаньне газаправоду.
  • Падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый Беларусі разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку, да мяжы з Украінай.
  • Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў указ аб лэнд-лізе для Ўкраіны. Такое адбылося ў гісторыі ўпершыню з часоў ІІ сусьветнай вайны.
Тэрытарыяльны кантроль Украіны на 11 траўня 2022
Тэрытарыяльны кантроль Украіны на 11 траўня 2022

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 11 траўня

Расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар па Палтаўшчыне

Увечары 11 траўня расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар па адным з раёнаў Палтаўскай вобласьці. Інфармацыя пра пацярпелых і разбурэньні ўдакладняецца, паведаміў кіраўнік Палтаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Дзьмітры Лунін.

У Краматорскім раёне Данецкай вобласьці расейцы пацэлілі ў склад з аміячнай салетрай

У мясцовай адміністрацыі сьцьвярджаюць, што пагрозы для здароўя грамадзян няма, але заклікалі ўсіх жыхароў абмежаваць знаходжаньне на адкрытым паветры і зачыніць вокны.

Контранаступ пад Харкавам: украінскае войска вызваліла больш за 20 населеных пунктаў

«Украінскі контранаступ на поўнач ад Харкава 10 траўня дазволіў пасьпяхова адкінуць расейскія войскі да мяжы Расеі і Ўкраіны. Украінскія сілы вызвалілі некалькі гарадоў на поўнач ад Харкава і працягваюць адкідаць праціўніка», — паведамілі экспэрты ISW.

Пры гэтым экспэрты сьцьвярджаюць, спасылаючыся на расейскія крыніцы, што армія Расеі адступіла і цяпер знаходзіцца за 10 кілямэтраў ад украінска-расейскай мяжы.

Украінскія СМІ раней паведамлялі аб вызваленьні 20 населеных пунктаў у Харкаўскай вобласьці.

Пад Запарожжам над аб’ектам інфраструктуры выбухнула ракета

Зьбітая расейская ракета пад Запарожжам пашкодзіла аб’ект інфраструктуры, паведамілі раніцай 11 траўня ў абласной вайсковай адміністрацыі. Паводле папярэдняй інфармацыі, ніхто не пацярпеў.

«Сёньня раніцай вораг пацэліў у Запарожжа. Пасьпяхова спрацавала наша супрацьпаветраная абарона. Ракета ўзарвалася над аб’ектам інфраструктуры ў вёсцы пад абласным цэнтрам. Аб’ект атрымаў сур’ёзныя пашкоджаньні», — гаворыцца ў паведамленьні адміністрацыі ў Facebook.

Расейцы абстралялі Славянск

Раніцай 11 траўня расейскія войскі абстралялі Славянск Данецкай вобласьці, паведаміў мэр Вадзім Лях.

«Раніца 11 траўня ў Славянску выдалася халоднай і нядобрай. Праціўнік выпусьціў ракеты па двух раёнах гораду», — напісаў ён у Facebook. Па словах мэра, пацярпелых няма, ступень разбурэньняў яшчэ ўдакладняецца.

Пры абстрэлах Харкава і вобласьці ёсьць загінулы і параненыя

У выніку новых расейскіх удараў па рэгіёне дзесяць чалавек параненыя, адзін загінуў. Пра гэта расказаў кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў. У Харкаўскім раёне, па словах Сінягубава, павялічылася інтэнсіўнасьць абстрэлаў. Вядома пра 6 параненых. Таксама ёсьць 2 пацярпелыя ў Лозаўскім і Ізюмскім раёнах. У Купянскім раёне загінуў 1 чалавек.

Двух чалавек, што пацярпелі ад абстрэлаў акупантаў, шпіталізавалі ў Харкаве. Кіраўнік адміністрацыі нагадаў, што небясьпека — гэта ня толькі абстрэлы.

«Адступаючы, расейскія акупанты пакідаюць пасьля сябе сьмяротныя пасткі. Дзьве мірныя жыхаркі падарваліся на расейскай расьцяжцы ў нядаўна вызваленых Цыркунах», — сказаў ён.

Украіна прапанавала Расеі вывезьці цяжкапараненых з «Азоўсталі» у абмен на палонных расейцаў

Пра гэта паведаміла віцэ-прэм’ер Украіны Ірына Верашчук. Канчатковай дамоўленасьці пакуль няма, перамовы працягваюцца. Верашчук дадала, што «на цяперашні момант ваенным шляхам дэблякаваць «Азоўсталь» немагчыма».

Жонкі ўкраінскіх вайскоўцаў з «Азоўсталі» сустрэліся з папам Францішкам

На акупаваных тэрыторыях Данбасу заблякавалі Facebook і Instagram

Улады так званых «ЛНР» і «ДНР» заявілі, што сацсеткі Facebook і Instagram заблякавалі для абароны жыхароў «ад забароненай інфармацыі, якая пагражае іх жыцьцю». Жыхары акупаваных тэрыторый Данбасу пацьвердзілі Данбас.Рэаліі, што сацсеткі Facebook і Instagram там больш недаступныя.

У Херсоне зноў зьнікла мабільная сувязь украінскіх апэратараў

У акупаваным расейцамі Херсоне зьнікла мабільная сувязь мабільных апэратараў «Київстар» і «Vodafone», паведамляе «Суспільне».

30 красавіка ў Херсоне зьявіліся праблемы з мабільнай сувязьзю і інтэрнэтам. Расея заявіла, што Кіеў сам адключыў Херсоншчыну ад сувязі. Ва Ўкраіне гэтую інфармацыю абверглі, адзначыўшы, што расейскія войскі перабілі оптавалаконны кабэль. 4 траўня сувязь аднавілі.

У Нацгвардыі Ўкраіны назвалі страты за час вайны

Больш за паўтысячы вайскоўцаў Нацгвардыі Ўкраіны загінулі падчас баявых дзеяньняў Расеі супраць Украіны, заявіў на брыфінгу 11 траўня начальнік апэратыўнага ўпраўленьня штабу Галоўнага ўпраўленьня НГУ Аляксей Надточый, піша «Суспільне».

«На жаль, у час выкананьня заданьняў за гэты пэрыяд страты асабовага складу Нацгвардыі складаюць санітарнымі — 1697 ваеннаслужачых, беззваротнымі — 501 ваеннаслужачы», — сказаў ён.

Украінскі бок не раскрывае страты ў баях з расейскім войскам. 12 сакавіка Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ў вайне загінулі каля 1300 украінскіх вайскоўцаў, а 16 красавіка казаў пра 2500-3000 загінулых.

Паводле ацэнак Генштабу Ўзброеных Сіл Украіны, па стане на 11 траўня ўсяго за час вайны расейцы страцілі каля 26 350 салдат.

За забойства мірных жыхароў на Сумшчыне першы расейскі вайсковец паўстане перад судом, — пракуратура Ўкраіны

Генэральны пракурор Украіны Ірына Венядзіктава заявіла аб перадачы ў суд справы камандзіра аддзяленьня чацьвёртай танкавай Кантэміраўскай дывізіі Маскоўскай вобласьці Вадзіма Шышымарына, абвінавачанага ў забойстве бяззбройнага мірнага жыхара.

«Падазраваны Шышымарын знаходзіцца пад вартай. Пракуроры і сьледчыя СБУ сабралі дастаткова доказаў ягонай датычнасьці да парушэньня законаў і звычаяў вайны, аб’яднаных з наўмысным забойствам. За гэтыя дзеяньні яму пагражае ад 10 да 15 гадоў пазбаўленьня волі або пажыцьцёвае зьняволеньне», — напісала Ірына Венядзіктава.

ААН: з 24 лютага ва Ўкраіне загінулі як мінімум 3496 мірных жыхароў

З пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі 3496 мірных жыхароў, 3760 грамадзян параненыя, паведамляе Упраўленьне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Гэта абноўленыя дадзеныя на 11 траўня. У ліку загінулых — 238 дзяцей.

У Данецкай і Луганскай абласьцях забітыя 1865 мірных жыхароў, 1403 параненыя. Паводле зьвестак ААН, зь іх на тэрыторыі рэгіёнаў, кантраляваных так званымі «ДНР» і «ЛНР», загінулі 115 чалавек, 462 параненыя. На падкантрольнай украінскім уладам тэрыторыі рэгіёнаў загінулі 1750 чалавек, 1466 параненыя.

У іншых рэгіёнах Украіны загінуў 1631 чалавек, 1832 параненыя.

Мэр Кіева: у горадзе пашкодзілі 390 будынкаў, зь іх 222 шматкватэрныя дамы і 75 навучальных установаў

Мэр Кіева Віталь Клічко расказаў, што ў выніку дзеяньняў расейскіх вайскоўцаў з пачатку вайны ў горадзе былі пашкоджаныя агулам 390 будынкаў, зь іх 222 — шматкватэрныя дамы. Таксама ад абстрэлаў і бамбардаваньняў пацярпелі 75 навучальных установаў (зь якіх 30 — дашкольных), 17 аб’ектаў аховы здароўя і 11 — культуры.

Агульны кошт работ па аднаўленьні гэтых будынкаў складзе больш за 70 млн эўра, лічыць Клічко.

Для аднаўленьня Ўкраіны неабходна ад 600 мільярдаў да 1 трыльёна даляраў

Такія лічбы, паводле папярэдніх ацэнак, назвалі ў камітэце Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў пытаньнях дзяржаўнай улады, мясцовага самакіраваньня, рэгіянальнага разьвіцьця і горадабудаўніцтва.

У камітэце адзначылі, што шэраг эўрапейскіх краін пагадзіліся паўдзельнічаць у аднаўленьні ўкраінскіх гарадоў і рэгіёнаў. У прыватнасьці, Вялікая Брытанія будзе займацца Кіеўшчынай, Данія бярэ пад свой патранат Мікалаеў, Турэччына будзе аднаўляць Харкаўшчыну, Швэцыя будзе дапамагаць Адэсе, Эстонія возьме шэфства над Жытоміршчынай.

З пачатку вайны ва Ўкраіне страцілі працу 4,8 мільёна чалавек

Такія дадзеныя прыводзяцца ў новым дакладзе Міжнароднай арганізацыі працы пры ААН. Згодна з дакладам, з 4,8 мільёна ўкраінцаў, якія страцілі працу, 1,2 мільёна — уцекачы ў суседніх краінах, а 3,6 мільёна — беспрацоўныя, якія засталіся ва Ўкраіне.

Калі баявыя дзеяньні ўзмоцняцца, гэтая колькасьць вырасьце да 7 мільёнаў чалавек, прагназуюць у ААН. Паводле ацэнак агенцтва, калі б баявыя дзеяньні неадкладна спыніліся, стала б магчымым хуткае аднаўленьне эканомікі зь вяртаньнем 3,4 мільёна працоўных месцаў. Гэта дало б магчымасьць скараціць страты занятасьці да 8,9%.

Ужо больш за 200 экалягічных злачынстваў учынілі ва Ўкраіне расейскія войскі, — Мінпрыроды Ўкраіны

Прэс-служба Міністэрства экалёгіі і прыродных рэсурсаў Украіны заявіла, што з пачатку расейскай ваеннай агрэсіі было задакумэнтавана 231 экалягічнае злачынства з боку расейскіх войскаў. Больш за ўсё выпадкаў экацыду выяўлена ў Кіеўскай вобласьці — 34, Данецкай — 27 і Днепрапятроўскай — 22. Ракетныя абстрэлы становяцца прычынай маштабных пажараў на аб'ектах крытычнай інфраструктуры, да таго ж ракеты часта трапляюць у абʼекты, дзе захоўваюцца хімікаты і нафтапрадукты.

Уцекачы ад вайны

З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 5,98 мільёна чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў па стане на 11 траўня.

Паводле дадзеных Офісу, звыш 3,25 млн чалавек выехалі ў Польшчу, амаль 889,6 тысячы чалавек — у Румынію, больш за 577,8 тысячы — у Вугоршчыну.

У Расею, паводле зьвестак ААН, вывезьлі больш за 772 тысячы чалавек. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што акупанты вывозяць грамадзян Украіны гвалтам.

Каля 8 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.

Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Губэрнатар Белгародзкай вобласьці заявіў пра абстрэл з боку Ўкраіны

Вячаслаў Гладкоў, белгародзкі губэрнатар, увечары 11 траўня напісаў, што «быў абстрэл з боку Ўкраіны сяла Салохі Белгародзкага раёну». Як сьцьвярджае губэрнатар, адзін чалавек загінуў, трое атрымалі раненьні, ім аказваецца мэдычная дапамога.

Раней на тэрыторыі Белгародзкай вобласьці і іншых расейскіх рэгіёнаў ужо гарэлі нафтабаза і, як мяркуецца, склад з боепрыпасамі. Украінскія ўлады свой удзел у гэтых атаках абвяргалі, але і казалі, што нічога незвычайнага ў іх няма.

Авіякампанія S7 адмяніла рэйсы на захад і поўдзень Расеі, а таксама ў Крым да чэрвеня і верасьня

На гэта зьвярнула ўвагу агенцтва РИА Новости. Авіяперавозчык закрыў продажы на рэйсы ў Анапу, Геленджык, Краснадар і Сімфэропаль да 23 чэрвеня, а на рэйсы з Масквы ў Белгарад, Бранск, Варонеж і Ліпецк — да канца верасьня.

Расавіяцыя закрыла пералёты ў кожны з названых аэрапортаў 24 лютага, у дзень пачатку вайны Расеі супраць Украіны, а потым падаўжала забарону больш як дзясятак разоў. Цяпер пералёты фармальна закрытыя да 13 траўня.

Расейцы пачалі менш давяраць тэлебачаньню

Паводле дасьледаваньня «Accelerate research», 17 сакавіка 33% апытаных называлі тэлебачаньне найбольш надзейнай крыніцай інфармацыі; на 27 красавіка так лічылі 23% апытаных. Больш за ўсё зьнізіўся давер да тэлебачаньня ў жыхароў невялікіх гарадоў: з 34 да 24%, у Маскве і Санкт-Пецярбургу — з 27 да 21%.

У той жа час давер да сацсетак і Telegram за 1,5 месяца вырас з 19 да 23%. Давер да інтэрнэт-СМІ і афіцыйных вэб-сайтаў таксама ўпаў з 26 да 23%.

У Расеі аб адстаўцы абвясьцілі 5 губэрнатараў

Свае пасады пакідаюць кіраўнікі Кіраўскай, Томскай, Разанскай, Саратаўскай абласьцей і Рэспублікі Марый Эл.

Антыпуцінская дывэрсія ў ляяльным СМІ

У папулярным расейскім онлайн-выданьні Lenta.ru зьявілася больш за дзесяць матэрыялаў з крытыкай прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ягонай вайны ва Ўкраіне. Яны ўжо зьніклі з сайта, аднак копія галоўнай старонкі захавалася ў вэб-архіве.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Беларускае войска рухаецца да мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

Як рэагуе сьвет

Сэнат Чэхіі прызнаў злачынствы Расеі ва Ўкраіне генацыдам

Сэнат Чэхіі 11 траўня прызнаў злачынствы расейскай арміі ва Ўкраіне генацыдам украінскага народу, паведаміў y Twitter амбасадар Украіны ў Празе Яўген Перабійніс. Рэзалюцыя таксама падтрымлівае працяг перадаваньня Ўкраіне зброі Чэхіі і атрыманьне Ўкраінаю статусу кандыдата ў Эўразьвяз.

Прэзыдэнт Чэхіі ўхваліў уступленьне 103 грамадзян краіны ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны

Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман ухваліў уступленьне ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны 103 грамадзян Чэхіі. Пра гэта паведаміў у Twitter ягоны сьпікер Іржы Оўчачак: «Прэзыдэнт Рэспублікі Чэхія Мілаш Земан падпісаў рашэньне аб згодзе на ўступленьне ў шэрагі Ўзброеных Сіл Украіны 103 грамадзян на падставе іх заяваў, пададзеных у адпаведнасьці з Законам аб вайсковай службе», — піша Оўчачак.

ЗША на год скасавалі мытныя пошліны на сталь з Украіны

Міністэрства гандлю ЗША заявіла пра скасаваньне на год мытных пошлін на сталь з Украіны з прычыны шкоды, якую расейская вайна нанесла ўкраінскім мэталюргічным прадпрыемствам. Мытныя пошліны на імпартную сталь у памеры 25% у 2018 годзе ўвёў тагачасны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Да расейскага ўварваньня Ўкраіна займала 13-е месца ва ўсясьветным рэйтынгу найбуйнейшых вытворцаў сталі.

Расейскага пасла аблілі чырвонай фарбай у Варшаве

Інцыдэнт адбыўся, калі расейскі пасол у Польшчы Сяргей Андрэеў спрабаваў з нагоды Дня Перамогі 9 траўня пакласьці вянок на могілках савецкіх салдат у Варшаве.

У Брытаніі гавораць пра тое, што Расея заплаціць за вайну, як у свой час адказала нацысцкая Нямеччына

Міністар абароны Вялікай Брытаніі Бэн Уолес лічыць, што расейскае камандаваньне, як і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, нясе адказнасьць за ваенныя злачынствы падчас маштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, што можна параўнаць зь дзеяньнямі нацысцкага рэжыму падчас Другой сусьветнай вайны. Чыноўнік заявіў пра гэта, выступаючы ў Нацыянальным музэі войска ў Лёндане.

Замарожаныя валютныя рэзэрвы Расеі зьбіраюцца патраціць на пасьляваеннае аднаўленьне Ўкраіны

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў у інтэрвію газэце Financial Times, што краіны ЭЗ павінны сур’ёзна падумаць аб тым, каб перадаць замарожаныя валютныя рэзэрвы Расеі на пасьляваеннае аднаўленьне Ўкраіны.

«Я вельмі „за“, бо гэты крок абсалютна лягічны», — сказаў Бурэль.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG