Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне стварылі Фонд памяці журналістаў, якія загінулі ад расейскай вайны. Сьпіс


Вера Гірыч, журналістка ўкраінскай службы Радыё Свабода, яка загінула ад расейскага абстрэлу Кіева 28 красавіка
Вера Гірыч, журналістка ўкраінскай службы Радыё Свабода, яка загінула ад расейскага абстрэлу Кіева 28 красавіка

Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі 23 украінскія і замежныя журналісты.

Нацыянальны саюз журналістаў Украіны абвясьціў аб стварэньні Фонду памяці загінулых ад расейскай агрэсіі журналістаў, дзейнасьць якога будзе накіраваная на дапамогу іхным сем’ям.

Для гэтага адкрылі асобны банкаўскі рахунак, на які заклікалі арганізацыі і СМІ — нацыянальныя і замежныя — дабрачынна пералічваць грошы.

Першы ўнёсак на гэты рахунак у памеры 30 тысяч грыўняў зрабіў Нацыянальны саюз журналістаў Украіны.

З 24 лютага, калі Расея пачала адкрытую ваенную агрэсію супраць Украіны, загінулі 23 украінскія і замежныя журналісты:

  • 1. П’ер Закшэўскі (апэратар тэлеканала Fox News, грамадзянін Ірляндыі (загінуў 14 сакавіка падчас артылерыйскіх абстрэлаў расейскімі войскамі ў вёсцы Горанка Кіеўскай вобласьці).
  • 2. Аляксандра Куўшынава (украінская фіксэрка, журналістка (загінула 14 сакавіка разам з Пʼерам Закшэўскім у Горанцы Кіеўскай вобласьці).
  • 3. Аляксандар Лыткін (украінскі журналіст, супрацоўнічаў з інфармацыйным парталам «КНК Медіа». Абставіны і час ягонай гібелі высьвятляюцца).
  • 4. Паўло Лі (украінскі журналіст і актор, загінуў 6 сакавіка пад Ірпянём, ваяваў у складзе тэрытарыяльнай абароны).
  • 5. Сяргей Пушчанка (харкаўскі журналіст, пайшоў добраахвотнікам у войска, загінуў 2 сакавіка пад Кіевам).
  • 6. Яўген Сакун (апэратар тэлеканала LIVE, загінуў 1 сакавіка падчас расейскага ракетнага абстрэлу тэлевежы ў Кіеве).
  • 7. Брэнт Энтані Рэно (амэрыканскі журналіст і рэжысэр, былы карэспандэнт The New York Times, расстраляны расейцамі 13 сакавіка ў Ірпяні на блёкпасту).
  • 8. Аксана Бауліна (журналістка расейскага The Insider, Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага, загінула 23 сакавіка пад расейскім абстрэлам у Кіеве падчас выкананьня рэдакцыйнага заданьня).
  • 9. Дылербек Шакіраў (украінскі грамадзкі журналіст інфармацыйнага тыднёвіка «Навколо тебе», расейцы расстралялі яго з аўтамата 26 лютага ў вёсцы Зяленаўка Херсонскай вобласьці).
  • 10. Віктар Дзедаў (украінскі тэлеапэратар, загінуў 11 сакавіка пры абстрэле дома, у якім ён жыў у Марыюпалі).
  • 11. Віктар Дудар (львоўскі журналіст, пайшоў добраахвотнікам у войска, загінуў 7 сакавіка ў баі з расейцамі непадалёк ад Мікалаева).
  • 12. Лілія Гумянова (выкладчыца журналістыкі, загінула 19 сакавіка ў Марыюпалі падчас расейскага абстрэлу).
  • 13. Юры Алейнік (апэратар тэлеканалу «24», пайшоў добраахвотнікам у войска, загінуў 23 сакавіка ў баях за Папасную ў Луганскай вобласьці).
  • 14. Алег Якунін (запароскі журналіст, галоўны рэдактар Afisha.zp, пайшоў добраахвотнікам у войска, загінуў 18 сакавіка).
  • 15. Максім Левін (вядомы ўкраінскі фотарэпартэр і дакумэнталіст, дата гібелі невядомая, цела знайшлі пад Кіевам).
  • 16. Мантас Кведаравічус (літоўскі рэжысэр і дакумэнталіст, трапіў у палон да расейцаў у Марыюпалі, яго катавалі, а потым расстралялі).
  • 17. Сяргей Заікоўскі (украінскі публіцыст, гісторык і перакладчык, пайшоў на службу ў войска, загінуў 2 сакавіка ў баях пад Кіевам).
  • 18. Дзяніс Катэнка (дняпроўскі журналіст, супрацоўнік прэсавай службы Міністэрства абароны Ўкраіны, загінуў 25 сакавіка).
  • 19. Яўген Баль (76-гадовы журналіст, пісьменьнік, валянтэр, загінуў 2 красавіка пасьля катаваньняў у расейскім палоне).
  • 20. Раман Нежыборац (відэаінжынэр каналу «Дитинець», загінуў у акупацыі ў сяле Ягаднае пад Чарнігавам, пра ягоную гібель стала вядома толькі 10 красавіка).
  • 21. Зараслаў Замойскі (загінуў у Ірпяні, у часе акупацыі гораду расейцамі, стала вядома пра гібель у пачатку красавіка).
  • 22. Валерыя Глодан (адэская журналістка, загінула 23 красавіка ў выніку расейскага абстрэлу Адэсы).
  • 23. Вера Гірыч (журналістка ўкраінскай службы Радыё Свабода, загінула ад расейскага абстрэлу Кіева 28 красавіка).

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG