Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея спрабуе раскалоць шэрагі Эўразьвязу». Ці магчымая поўная адмова краінаў ЭЗ ад расейскіх энэрганосьбітаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Экспэрты групы Ярмака — Макфола выпусьцілі плян дзеяньняў па ўзмацненьні санкцый супраць Расеі. Гэтая група створаная ва Ўкраіне для распрацоўкі праектаў, якія ўзмацнялі б ціск на Расею з мэтай спыніць вайну.

У групу Ярмака — Макфола ўваходзяць міжнародныя экспэрты, сярод якіх, напрыклад, расейскі эканаміст Сяргей Аляксашанка. Яны працуюць пад кіраўніцтвам амэрыканскага дыплямата Майкла Макфола і кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэя Ярмака.

У якасьці прамежкавых крокаў да поўнага байкоту расейскіх энэрганосьбітаў экспэртная група прапануе ўвесьці спэцыяльную пошліну на імпарт расейскай сырой нафты, а таксама зрабіць захады, якія прымусяць пакупнікоў расейскай нафты і газу ажыцьцяўляць плацяжы на рахункі ўмоўнага захоўваньня, якія будуць недаступныя Расеі да заканчэньня вайны. Экспэрты таксама прапануюць дамовіцца аб прыпыненьні транзыту расейскага газу ў ЭЗ праз газаправоды «Паўночны паток», «Турэцкі паток», а таксама газаправод Ямал — Эўропа.

Апроч іншага, група Ярмака — Макфола прапануе ўвесьці санкцыі супраць усіх без выключэньня расейскіх банкаў.

Прэзыдэнт Цэнтру глябалістыкі «Стратэгія ХХІ», экспэрт па энэргетыцы Міхаіл Ганчар у эфіры «Настоящего времени» растлумачыў, ці магчымая поўная адмова краін Эўразьвязу ад расейскіх энэрганосьбітаў і ці выйграе ў такой сытуацыі Расея.

— Так, [поўная адмова краінаў Эўропы ад расейскіх энэрганосьбітаў] магчымая пры наяўнасьці, натуральна, палітычнай волі. Тым больш размова не ідзе пра поўнае спыненьне з панядзелка. Размова ідзе аб выпрацоўцы альгарытму спыненьня імпарту расейскіх энэргарэсурсаў. Так, ёсьць спэцыфіка па нафце, нафтапрадуктах, газе, ядзерным паліве. Але тым ня менш гэта суцэльна рэалістычна. Тое, што мы зараз бачым з боку Польшчы, краінаў Балтыі і Фінляндыі, — гэта якраз вельмі выразная пазыцыя, якая мае канчатковай мэтай да канца гэтага году спыніць імпарт расейскіх энэрганосьбітаў.

Процілеглую пазыцыю мае Вугоршчына. Але там ня тое што не напрацоўваюць нейкія альгарытмы — там увогуле не зьбіраюцца адмаўляцца ад расейскіх энэрганосьбітаў. І мы бачым таксама пазыцыю Францыі і Італіі, якія традыцыйна ў Эўрапейскім Зьвязе лічацца арыентаванымі на працу з Расеяй, разьвіваючы напрамак супрацоўніцтва ў сфэры энэрганосьбітаў. Але тым ня менш яны занялі вельмі дакладную пазыцыю, у адрозьненьне ад Нямеччыны, якая працягвае балянсаваць і пасылаць супярэчлівыя сыгналы: то ўхваляюць эмбарга, то не гатовыя, таму што гэта немагчыма, і далей ідзе тысяча і адзін аргумэнт, чаму гэта немагчыма. Так што ў прынцыпе пры наяўнасьці палітычнай волі такі альгарытм адмовы можа быць дакладна вызначаны ў адпаведнасьці з рэзалюцыяй Эўрапейскага парлямэнту ад 7 красавіка, дзе было дакладна зафіксавана, што энэргетычнае эмбарга павінна азначаць поўную адмову ад расейскіх энэрганосьбітаў. І прапанаваныя ў рамках групы Макфола захады — гэта менавіта той шлях.

Іншая справа, што ня трэба меркаваць, што поўнае эмбарга будзе азначаць нуль імпарту з Расеі. Так ці інакш нейкія мінімальныя аб’ёмы ўсё роўна будуць ісьці, бо, да прыкладу, Сэрбія — ня член Эўрапейскага Зьвязу, гэта самая прарасейская краіна на тэрыторыі Эўропы. Наўрад ці яна будзе адмаўляцца ад расейскіх энэрганосьбітаў. Яна будзе і надалей вернападдана служыць Расеі.

— А магчыма, гэты газ яшчэ і прадаваць.

— Так, магчымыя розныя абходныя схемы. Але ў канчатковым рахунку я б сказаў так, што прапанаваныя цяпер захады хоць і будуць мець узьдзеяньне на расейскую эканоміку, але гэта будзе расьцягнута ў часе. Можна, вядома, запускаць дадатковыя падаткі, каб зрабіць эканамічна непрывабным экспарт энэргарэсурсаў і імпарт у Эўрапейскім Зьвязе, але гэта таксама запатрабуе часу. Прапанова, якую рабіла Польшча яшчэ ў 2015 годзе пры стварэньні Энэргетычнага зьвязу ЭЗ, сутнасьць якой зводзілася да таго, каб стварыць кансалідаванага пакупніка газу для Эўрапейскага Зьвязу, каб пазбавіць Маскву магчымасьці маніпуляваць цэнамі, — напрыклад, нямецкім кампаніям цана ўдвая ніжэйшая, чым польскім, і гэтак далей, — яна тады не прайшла. Цяпер яна зноў абмяркоўваецца.

Але таксама не знаходзіць поўнай падтрымкі, бо шмат хто ў Брусэлі лічыць, што гэта азначае антыканкурэнтную палітыку, якая супярэчыць прынцыпам лібэральнай эканомікі. Але сытуацыя зусім анамальная, таму патрэбныя радыкальныя нестандартныя рашэньні.

Адно з самых такіх жорсткіх рашэньняў, якое патрабуе палітычнай волі з боку кіраўніцтва ЭЗ і NATO, — гэта блякада праліваў Скагерак і ў раёне Дарданэлаў, з тым каб нафтавыя танкеры не ўваходзілі пад загрузку ў расейскія парты. Калі справа будзе рухацца марудна, дык іншага варыянту не застанецца.

— Калі з нафтай я яшчэ больш-менш разумею, што акрамя Расеі нафту вырабляюць Катар і іншыя краіны арабскага рэгіёну, дык што можна сказаць наконт газу? Дзе Чэхія, якая залежыць ад расейскага газу на 98%, будзе браць газ?

— Эўрапейскі Зьвяз пасьля газавага крызісу 2009 году, нават пасьля першага газавага крызісу 2006 году, зрабіў дастаткова ўпэўненыя крокі па стварэньні сыстэмы інтэрканэктараў у рамках ЭЗ па прынцыпе, каб можна было апэратыўна даставіць газ адтуль, дзе ёсьць яго лішкі, туды, дзе ўзьнікае яго дэфіцыт. Гэтая сыстэма была створаная, і былі пашыраныя абʼёмы падземнага захоўваньня газу. Такім чынам, калі дэфіцыт узьнікае ў Чэхіі ці Славаччыне, то аўтаматычна ёсьць магчымасьць атрымаць больш газу альбо з тэрыторыі Нямеччыны для Чэхіі, альбо з тэрыторыі Польшчы, улічваючы тое, што Польшча стварыла тэрмінал прымаць звадкаваны газ у Свінауйсьці.

— Гэта значыць, амэрыканскі газ?

— Так, але ня толькі амэрыканскі. Катар таксама прысутнічае на эўрапейскім рынку. Ён вельмі магутна ўвайшоў на эўрапейскі рынак са сваім звадкаваным газам у 2010 годзе, да гэтага яго практычна там не было. Ёсьць і іншыя пастаўшчыкі звадкаванага газу.

Тэрмінальная магутнасьць па прыманьні звадкаванага газу ў Эўропе — 200 млрд кубоў. Гэта практычна палова таго, што спажывае ЭЗ. Яны не загружаныя. Іншая справа — дзе ўзяць газ? Тут пытаньне часткова вырашаецца ў рамках трансатлянтычнага энэргетычнага партнэрства, якое было рэінсталяванае 7 лютага ў Вашынгтоне. І Урзуля фон дэр Ляен дабраславіла гэта з эўрапейскага боку. Так, сытуацыя ня будзе выглядаць лёгкай. Але тым ня менш спроба Расеі зноў задзейнічаць «газавую зброю» ў выглядзе прымусу эўрапейцаў плаціць рублямі — гэта яшчэ трэба мець на ўвазе, што яны ствараюць перадумовы, каб потым, у выпадку неаплаты рублямі, спыніць пастаўкі газу. Мы бачым гэта на прыкладзе Польшчы і Баўгарыі. Гэта значыць, гэта як бы не «Газпром» вінаваты — гэта вы, эўрапейцы, самі вінаватыя. Як сказаў галоўны хлус Крамля Пяскоў: «Вам нічога не каштавала проста адкрыць два рахункі ў «Газпрамбанку». Насамрэч, я думаю, зараз разгорнецца сурʼёзная барацьба, таму што гэта парушэньне кантрактных умоў. У кантрактах нідзе не запісана, што разьлік у рублях. Таму гэта іншая лінія.

Тут важна разумець тое, што Расея зараз, прадчуваючы, што рана ці позна эмбарга будзе, спрабуе раскалоць шэрагі Эўрапейскага Зьвязу. І гэтая інфармацыя аб тым, што некаторыя кампаніі ўжо пагадзіліся і чатыры зь іх заплацілі рублямі, — я так падазраю, што гэта кампаніі, створаныя самім «Газпромам» у Эўрапейскім Зьвязе. Але расхістваньне ў эўрапейскія шэрагі гэта, несумненна, уносіць. І Расея такім чынам спрабуе перашкодзіць кансалідаванай пазыцыі ЭЗ, якой яшчэ ўсё ж і няма. Але я думаю, што з удзелам амэрыканскіх партнэраў эўрапейцы не пахіснуцца, як бы гэтага ні жадалі ў Крамлі і якіх бы Шродэраў ні задзейнічалі.

— А Ўкраіна ці страціць ад адмовы Эўропы ад расейскага газу? Бо адзін з газаправодаў, наколькі я разумею, пракладзены праз Украіну. І «Газпром» нават падчас вайны працягвае Ўкраіне за гэты транзыт плаціць. Калі так, то чаму Ўкраіна зараз гэты транзыт ня спыніць, каб грошы, якія Эўропа плаціць Расеі за газ, не ішлі на расейскія танкі?

— Праз Украіну праходзіць не адна труба. Гэта цэлая сыстэма — невыпадкова яна называецца газатранспартнай сыстэмай. Гэта самая надзейная сыстэма, якая забясьпечвае бесьперабойныя пастаўкі газу, транзыт газу ў Эўропу. Чаму не перарываюць транзыт? Таму што транзыт — гэта адносіны трох, а ня двух. Нагадаем, што Ўкраіна з 25 лістапада 2015 году не імпартуе ні куба расейскага газу. А вось транзыт мы падтрымліваем, бо ў гэтым цікавасьць нашых эўрапейскіх партнэраў. Калі Эўропа адмовіцца ад расейскага газу, то транзыт аўтаматычна перапыніцца, таму што транзыт — гэта і ёсьць нейкі асобны від газу: гэта той газ, які спажываецца ў Эўрапейскім Зьвязе. Калі там ня будзе яго спажываньня, адпаведна, транзыт будзе роўны нулю. Для нас гэта меншыя страты. Калі выказаць здагадку, што зараз транзыт перарываецца, то мы губляем 1,4 мільярда даляраў у год, можа 1,5 мільярда, якія «Газпром» плаціць за транзытныя паслугі. Але тая шкода, якую Расея наносіць нам агрэсіяй, — гэта ўжо сотні мільярдаў даляраў. Таму ў рамках захаваньня статус-кво адносін трох — пастаўшчыка, транзытэра і спажыўца ў Эўропе — мы выконваем свае ўмовы.

Больш за тое, прапанова прэмʼера Маравецкага наконт таго, каб спыніць выкарыстаньне «Паўночнага патоку — 1», а таксама іншых абходных маршрутаў тыпу «Турэцкага патоку», якраз вельмі добра ўпісваецца ў санкцыйную палітыку і ў тое, што мы называем эмбарга, — прымусіць агрэсара яшчэ ў большай ступені выкарыстоўваць існуючы патэнцыял краіны, якая стала ахвярай агрэсіі, — Украіны. Тады для Крамля будзе зусім складаны выбар, бо яго дзеяньні прыводзяць да супрацьлеглага эфэкту.

Гэта замест таго каб абнуліць транзыт праз Украіну, як ён меркаваў зрабіць яшчэ на пачатку 2000-х, калі зьявілася першая энэргетычная стратэгія Расеі — гэта значыць «байпасныя» газаправоды праз Балтыку і Чорнае мора, якія мелі канчатковай мэтай нуль транзыту праз Украіну. А зараз атрымліваецца, што нуля транзыту няма, а наадварот, трэба яшчэ больш выкарыстоўваць транзыт праз Украіну. Гэтыя рэчы павінны былі б быць прынятыя на ўзроўні Эўрапейскага Зьвязу вельмі хутка, бо гэта тое, што ляжыць на паверхні. Тым больш што газатранспартная сыстэма як асноўны маршрут пастаўкі расейскага газу ў Эўропу выдатна працавала бяз гэтых абходных газаправодаў — успомнім пачатак 2000-х гадоў. Абсалютна ўвесь газ зьмяшчаўся. І толькі потым ён перастаў зьмяшчацца ва ўкраінскую ГТС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG