Рыгор Кастусёў азнаёміўся з канчатковым абвінавачаньнем, сьледзтва актывізавалася

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Адвакат палітыка цяпер ня можа паведаміць нават артыкул, бо знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаваньні матэрыялаў справы. Палітвязень хворы на рак.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў азнаёміўся з канчатковым абвінавачаньнем, але сутнасьць яго сям’і невядомая, расказаў зяць 65-гадовага палітыка Зьміцер Антончык.

«Рыгор піша ў лістах, што чакае, што перавядуць [зь СІЗА МУС] зноў у СІЗА КДБ, дзе яго будуць знаёміць са справай. Там яму зручней гэта зрабіць, але ўмовы значна горшыя, ён там горш сябе адчуваў, таму ня вельмі гэтага хоча», — сказаў Антончык.

Паводле яго, ніякай інфармацыі пра абвінавачаньне няма, адвакат ня можа паведаміць нават артыкул.

«Магчыма, яшчэ які эканамічны артыкул дадасца. Бо напісаў у лісьце: «Яны ўсё шукаюць мае мільёны», — адзначыў сваяк палітыка.

Пры гэтым Антончык адзначае, што ў справе пачалі праводзіць сьледчыя дзеяньні: калі раней выклікалі адваката раз на месяц, раз на два тыдні, то цяпер два разы на тыдзень.

«Пайшоў рух. Так што, магчыма, неўзабаве будзе паказальнае судзілішча», — мяркуе зяць Кастусёва.

Зьміцер Антончык нагадаў, што ў палітыка дыягнаставаны рак. Цяпер ягоны стан палепшыўся, ён хваліць «нейкія ўколы, якія яму прызначылі», але «стадыя такая, што апэрацыю будуць рабіць толькі ў крайнім выпадку».

«Дактары сказалі, што на сёньня апэрацыя толькі пашкодзіць, адразу амаль інвалід. Яму сказалі, калі ёсьць магчымасьць трываць боль, то пакуль ня трэба. З прызначэньнем уколаў яму стала лепей, стаў спаць нармальна», — сказаў сваяк палітыка.

Паводле Антончыка, зьмест апошніх пяці лістоў Кастусёва прыкладна аднолькавы. «Відаць, што яму псыхалягічна вельмі цяжка, ніякіх навінаў няма. Пра стан здароўя адное і тое ж піша, што нічога не адбываецца», — дадаў ён.

Кіраўніка Партыі БНФ затрымалі ў красавіку 2021 году і абвінавачваюць у спробе дзяржаўнага перавароту разам з палітолягам Аляксандрам Фядутам і адвакатам Юрыем Зянковічам. Яны таксама знаходзяцца пад вартай.

​
XS
SM
MD
LG