Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хочаш жыць доўга — купляй нямецкі прэпарат». У Беларусі скардзяцца на дэфіцыт неабходных лекаў і закупляюцца на паўгода наперад


Аптэка. Ілюстрацыйнае фота
Аптэка. Ілюстрацыйнае фота

Беларусы скардзяцца на дэфіцыт у аптэках імпартных лекаў і рост цэнаў на іх. Дзяржаўныя чыноўнікі сьцьвярджаюць, што ў аптэках у наяўнасьці заўсёды ёсьць айчынныя аналягі, а краіна стараецца максымальна адыходзіць ад імпартазалежнасьці. І прапануюць «купляць беларускае».

«На ўсё жыцьцё ж не напасесься»

Аляксею яшчэ ў 2005 годзе выдалілі шчытападобную залозу. З таго часу яму кожны дзень неабходна прымаць гарманальныя сродкі.

«Паколькі мне выдалілі жыцьцёва неабходны орган, цяпер да канца жыцьця давядзецца прымаць гарманальныя прэпараты. Доктар яшчэ тады гэта патлумачыў, што, маўляў, „ёсьць замяняльнікі гармону рознай вытворчасьці, але калі ты хочаш жыць доўга, купляй нямецкі прэпарат L-Tyroxin вытворчасьці кампаніі Berlin Chemie“.

Так што я 17 гадоў запар штодня прымаю гэты гармон. А калі прынялі санкцыі заходніх краінаў супраць Беларусі і Расеі, у аптэках пачаліся перабоі з прэпаратам. Давялося паезьдзіць па рэгіёнах, тэлефанаваць у аптэкі, каб мне пакінулі. У аптэках кажуць: „А дзе вы раней былі, ня ведаеце, што адбываецца?“ Але ж на ўсё жыцьцё не запасесься, тым больш у лекаў ёсьць тэрмін прыдатнасьці», — апавядае мужчына.

Пакуль Аляксею ўдавалася знаходзіць нямецкі L-Tyroxin, накруціўшы нямала кілямэтраў па Беларусі. На пытаньне, ці падаражэў прэпарат, ён ня здолеў адказаць.

«Паколькі мне гэтыя лекі неабходныя, я на цэны не зьвяртаю ўвагі. Думаю, гэта яшчэ старыя запасы. Але перабоі адчувальныя. У сталіцы няма, езьдзіў у райцэнтры. Мабыць, давядзецца шукаць людзей, якія езьдзяць за мяжу. Бо для мяне гэта пытаньне жыцьця і сьмерці».

Дыябэтык Тацяна неабходнымі ёй інсулінамі замежнай вытворчасьці запаслася раней.

«Я закупілася з запасам у канцы лютага. Тады давялося пабегаць па аптэках і пахвалявацца і наконт інсулінаў, і наконт маміных лекаў для гіпэртонікаў. Закупіла на паўтара года — па тэрмінах прыдатнасьці», — расказала яна.

«Зьнік эўтырокс, няма інфармацыі, калі зьявіцца»

Аб праблемах з прэпаратамі для шчытападобнай залозы «Эўтырокс» і «Леватыраксін» паведамілі Свабодзе і жыхары Гомля. У аптэках няма гэтых лекаў як нямецкай, так і беларускай вытворчасьці. Гэта таксама замяняльнікі гармону, жыцьцёва неабходны для людзей з паталёгіяй шчытападобнай залозы, іх прымаць трэба штодзень.

«У аптэцы ў цэнтры гораду мне сёньня даволі па-хамску адказалі, што эўтыроксу і аналягаў няма. Калі будуць, невядома, і інфармацыі таксама няма. Параілі ісьці ў суседнюю аптэку, але які сэнс? І там прэпарату не было, як і інфармацыі, калі зьявіцца», — расказала жыхарка Гомля.

Другая жыхарка Гомля, якая штодзень прымае эўтырокс, падзялілася з намі, што купіла лекі на паўгода наперад, бо «адчувала, што нічога добрага нас не чакае і лекі зьнікнуць».

Гомельская вобласьць найбольш пацярпеля ад аварыі на ЧАЭС. Па зьвестках на 2016 год, на ўліку з паталёгіяй шчытападобнай залозы стаялі больш за 63,5 тысячы жыхароў Гомельскай вобласьці.

«Калі самі ня знойдзеце прэпарат, давядзецца мяняць схему лячэньня»

Сьвятлана пакутавала ад раку, перанесла апэрацыю, пасьля якой ёй прызначылі хіміятэрапію. На пачатку восені 2021 году жанчыне зрабілі бясплатна тры сэансы хіміятэрапіі ў Менскім гарадзкім анкалягічным дыспансэры, расказала сяброўка Сьвятланы Ганна. Потым сказалі, што бясплатны прэпарат даксарубіцын больш не паступае. Параілі тэрмінова шукаць у Расеі ці якой іншай суседняй краіне і купляць за свае грошы, бо перапынак паміж сэансамі рабіць непажадана.

«Калі ня знойдзеце, давядзецца мяняць схему лячэньня. Натуральна, я падняла ўсіх знаёмых у Маскве. Зь цяжкасьцю сябры мне знайшлі лекі недзе на ўскраіне Масквы, перадалі праз кур’ерскую службу дастаўкі ў Менск, што каштуе нятанна.

Перад чарговым сэансам хіміятэрапіі сытуацыя паўтарылася: лекаў у Беларусі няма. Зноў мы шукалі ў Расеі. Знайшлі ўжо ў далёкім Падмаскоўі. Трэці раз прэпарат не знайшлі і ў Расеі.

Сьвятлане памянялі схему лячэньня. На жаль, хіміятэрапія не дапамагла. Два тыдні таму Сьвятлану пахавалі», — кажа сяброўка нябожчыцы.

Цэны на імпартныя прэпараты растуць

Што да сваіх лекаў, якія пастаянна прымае сама Ганна ад гіпэртаніі, яны істотна падаражэлі. Раней прэпарат прэстарыюм францускай вытворчасьці жанчына купляла ў Вільні ці замаўляла знаёмым, якія езьдзілі за мяжу.

«Да прыкладу, у Вільні ўпакоўка прэстарыюму каштавала 4,5 эўра. У Менску такая ж — 10-12 эўра ў эквіваленце. Дарэчы, калі на пасаду міністра здароўя прыйшоў Уладзімер Каранік, ён у першыя ж дні працы паабяцаў разабрацца з цэнамі на лекі — чаму ў Беларусі даражэйшыя за суседнія краіны. Так і не разабраўся. Ніхто цэны так і не „адкруціў“ назад.

Цяпер усе лекі даводзіцца купляць тут. Той жа прэстарыюм ад ціску каштуе 35–38 рублёў (цэны розныя ў розных аптэчных сетках). Прэпарат трыпліксам вытворчасьці Ірляндыі яшчэ месяц таму каштаваў каля 60 рублёў, цяпер — 71 рубель. Цэпралекс месяц таму каштаваў каля 70 рублёў, сёньня ад 81 да 85 рублёў», — расказвае пра зьмену цэнаў Ганна.

Беларускія чыноўнікі раяць «купляць беларускае»

Беларускія чыноўнікі ад мэдыцыны сьцьвярджаюць, што дэфіцыту лекавых сродкаў у краіне няма. Маўляў, калі бракуе імпартных прэпаратаў, заўсёды ёсьць беларускія аналягі.

У нядзелю ў «Галоўным эфіры» Беларускай тэлевізіі выйшаў сюжэт «Беларусь стараецца адыходзіць ад імпартазалежнасьці».

«Прамога санкцыйнага ціску на пастаўкі лекавых прэпаратаў і мэдабсталяваньня няма, гэта апрыёры нявыгадна буйным замежным кампаніям, якія трымаюцца за беларускі рынак», — тлумачаць у Міністэрстве аховы здароўя. Зьнікненьне аднаго пастаўшчыка хутка замяняюць канкурэнты, гэты ж прынцып працуе і ў тэрапіі ў шпіталях», — запэўнівае намесьнік міністра здароўя Дзьмітры Чараднічэнка.

Ён расказаў, што ў Беларусі цяпер працуе чатыры дзясяткі фармацэўтычных прадпрыемстваў. Раней штогод беларускія прадпрыемствы выраблялі 50–60 новых прэпаратаў у год. А 2021 год быў рэкордным — выпусьцілі 105 новых найменьняў беларускіх лекаў. «У асартымэнце ў аптэках краіны 50% беларускіх прэпаратаў, у шпіталях — 70%», — такія лічбы прывёў намесьнік міністра здароўя Дзьмітры Чараднічэнка.

Аднак, як сьцьвярджаюць і самі пацыенты, і работнікі аптэк, людзі ўсё адно аддаюць перавагу імпартным лекам. Хаця імпартныя, як правіла, каштуюць у некалькі разоў даражэй за беларускія аналягі.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG