Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 15 красавіка: 10 гадоў за спробу падпаліць лецішча старшыні Вярхоўнага суду; тры гады за камэнтары ў «справе Зельцара»


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Затрыманьне ў Менску, лістапад 2020 г.
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Затрыманьне ў Менску, лістапад 2020 г.

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю. Не спыняецца ціск і на палітвязьняў.

Рэжысэра асудзілі на год калёніі за публікацыю «ЎКантакце» дзяржаўнага сьцяга на фоне свастыкі

У судзе Салігорскага раёну 28 сакавіка на адзін год зьняволеньня асудзілі 46-гадовага рэжысэра Дзьмітрыя Панцялейку. Пра гэта 15 красавіка стала вядома праваабаронцам «Вясны».

Яго абвінавацілі па арт. 370 Крымінальнага кодэксу (зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў) за тое, што зьмясьціў «УКантакце» малюнак дзяржаўнага сьцяга на фоне свастыкі. Дзяржаўнае абвінавачваньне запатрабавала для Панцялейкі кары пазбаўленьнем волі на 1 год у папраўчай калёніі агульнага рэжыму. Менавіта такое пакараньне і прызначыла судзьдзя Алеся Серадзенка.

Таксама ў Дзьмітрыя сканфіскавалі ноўтбук Asus як «сродак зьдзяйсьненьня злачынства».

Бас-гітарысту гурту TerraKod далі тры гады за камэнтары ў «справе Зельцара»

Тры гады калёніі агульнага рэжыму і 100 базавых адзінак (3200 рублёў) штрафу прысудзілі бас-гітарысту гурту TerraKod Віктару Катоўскаму, які праходзіў у «справе Зельцара».

Віктара Катоўскага затрымалі ў Берасьці 29 верасьня 2021 году ў крымінальнай справе за камэнтары ў інтэрнэце пасьля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і яе гаспадара, IT-спэцыяліста Андрэя Зельцара. Катоўскі прызнаны палітзьняволеным.

Прадпрымальніка зь Вялейкі арыштавалі на 15 дзён

Жыхара Вялейкі Аляксея Пасынкава затрымалі 13 красавіка. У той дзень ён быў на працы ў Менску. Яму патэлефанавалі зь міліцыі і сказалі, каб прыехаў у Цэнтральнае РУУС Менску, бо нібыта яго машына дрэнна прыпаркаваная і таму яе эвакуавалі. Вядома, што на машыне была налепка «Пагоня». Аляксей паехаў у міліцыю, але адтуль яго адвезьлі ў ІЧУ на Акрэсьціна.

15 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёну яго асудзілі па арт. 24.3 КаАП за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі» на 15 дзён адміністрацыйнага арышту, паведамляе «Вясна назірае».

Затрымалі бацьку гарадзенца, якога раней асудзілі на 1,5 года калёніі за камэнтар у чаце выпускнікоў

Праваабаронцам стала вядома, што раніцай 14 красавіка затрымалі і павезьлі на допыт бацьку гарадзенца Андрэя Сьцепаненкі — на вынясеньне прысуду сыну ён ня трапіў. Папярэдне яму інкрымінуюць арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), паведамляе @nebovkletku.

Андрэя Сьцепаненку ўчора асудзілі на паўтара года калёніі за абразу Лукашэнкі (паводле ч.1 арт. 368 КК).

Згодна з матэрыяламі справы і паказаньнямі самога Андрэя, ён напісаў у чаце выпускнікоў ліцэю на 10 чалавек: «...Я не хачу ў Польшчу. Я беларус і хачу жыць у Беларусі без Лукашэнкі. У Беларусі, у якой закон вышэй, важней за якогасьці там вусатага...» Гэта палічылі абразай Лукашэнкі.

Менчука асудзілі на 10 гадоў за спробу падпалу лецішча старшыні Вярхоўнага суду

У Менскім абласным судзе напрыканцы сакавіка па ч.1 арт. 14 і ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэксу (спроба акту тэрарызму, зьдзейсьненая групай асобаў па папярэдняй змове) асудзілі ў закрытым рэжыме 39-гадовага менчука Аляксандра Зайцава.

Яго затрымалі 22 жніўня 2021 году каля лецішча старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы за спробу падпалу. Дзеяньні кваліфікавалі як акт тэрарызму. Судзьдзя Сяргей Епіхаў пакараў Аляксандра Зайцава 10 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Затрымалі беларуску, якая адкрыла друкарскі цэнтар у Вільні і прыехала ў Беларусь на ўгодкі сьмерці маці

Каля тыдня таму затрымалі Алесю Буневіч, якая жыла ў Вільні, а ў Беларусь прыехала на гадавіну сьмерці маці.

Паводле папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, Алесю Буневіч абвінавачваюць у «зьдзяйсьненьні акту тэрарызму групай асобаў па папярэдняй змове» (ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэксу Беларусі) — ёй пагражае ад 8 да 20 гадоў зьняволеньня.

Папярэдне вядома, што Буневіч затрымалі пры спробе перасекчы мяжу Беларусі з адной з краін Эўразьвязу. Магчыма, крымінальная справа тычыцца так званых «актаў тэрарызму» на беларускай чыгунцы.

У Менску за ўдзел у пратэстах затрымалі Вольгу Рытус

Стала вядома, што жанчыну затрымалі 12 красавіка паводле арт. 342 КК — за ўдзел у пасьлявыбарчых пратэстах у 2020 годзе. Дома ў Вольгі застаўся 12-гадовы сын, цяпер яна на Акрэсьціна.

Старэйшы сын жанчыны вучыцца ў Польшчы. Паведамляецца, што супрацоўнікі ГУБАЗіК падчас ператрусу расказвалі родным, што там хлопец ужывае наркотыкі, а пасьля вяртаньня ў Беларусь яго таксама затрымаюць, піша «Вясна».

Выставілі абвінавачаньне музыку з Маладэчна

30-гадоваму музыку Аляксандру Казакевічу выставілі абвінавачаньне па арт. 369 Крымінальнага кодэксу (абраза прадстаўніка ўлады), паведамляе «Вясна». Мужчыну зьмясьцілі пад варту, яго пераводзяць у жодзінскую турму. Яго затрымалі 12 красавіка пасьля ператрусу.

Раней Аляксандар граў у гурце «Канфлікт».

МУС паведамляе аб затрыманьні аўтараў графіці ў падтрымку Ўкраіны

Затрыманымі аказаліся двое жыхароў Гомля ва ўзросьце 20 і 23 гадоў. Маладыя людзі арыштаваныя. Акрамя артыкула 341 КК РБ («Апаганеньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці») ім інкрымінуюць артыкул 342 КК РБ за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў жніўні 2020 году, піша «Флагшток».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG