Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне затрымалі сем чалавек за фота і відэа расейскай вайсковай тэхнікі


Гомель, расейская вайсковая тэхніка на плятформах на чыгунцы, станцыя «Навабеліцкая»
Гомель, расейская вайсковая тэхніка на плятформах на чыгунцы, станцыя «Навабеліцкая»

Паводле паведамленьня Сьледчага камітэту, у Гомельскай вобласьці ўзбуджана сем крымінальных спраў за перадачу «экстрэмісцкім» тэлеграм-каналам зьвестак аб перамяшчэньні ў Беларусі вайсковай тэхнікі Расейскай Фэдэрацыі.

Супраць тых, хто скідаў фота і відэа ў тэлеграм-каналы «Беларускі Гаюн», Nexta, «Беларусь головного мозга», распачатыя крымінальныя справы паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу — садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, па якім затрыманым пагражае да шасьці гадоў зьняволеньня.

Праваабаронцы «Вясны» расказалі, што вядома пра затрыманых і пра крымінальныя справы супраць іх.

Паводле інфармацыі «Вясны», дыджытал-мастак Віктар Кулінка быў затрыманы 30 сакавіка. На праўладных тэлеграм-каналах зьявілася «пакаяннае відэа», дзе ён расказвае, што сфатаграфаваў калёну вайсковай тэхнікі расейскіх войскаў, якая накіроўвалася ў бок Гомля. Паводле яго слоў, фота ён перадаў у тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн».

Сьцьвярджаецца, што Кулінка даслаў фота калёны вайсковай тэхнікі ў бот тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн», які 16 сакавіка быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваньнем. Паводле папярэдняй інфармацыі, Віктару інкрымінуецца арт. 361-4 і арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні) за рэгістрацыю ў «Пляне Перамога», якую сілавікі знайшлі ў тэлефоне.

У Сьледчым камітэце паведамілі, што абвінавачаньне ў садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці прад’яўленае 28-гадовай маці непаўналетняга дзіцяці з Мазыра. Паводле вэрсіі абвінавачаньня, яна «зьняла відэа зь перамяшчэньнем верталётаў для ангажаванага дэструктыўнага рэсурсу». Цяпер жанчына ў сьледчым ізалятары Гомля. Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», пад апісаньне падыходзіць Ганна Пышнік (Чымпаеш). Яе затрымалі за адпраўку відэа ў Nexta.

49-гадовую былую настаўніцу з Хойнікаў Ірыну Абдукерыну затрымалі раніцай 5 красавіка на лецішчы. Падставай для затрыманьня стала нібыта тое, што Абдукерына запісала на відэа перамяшчэньне калёны расейскай вайсковай тэхнікі і пераслала відэа ў тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн». Пра гэта гаворыцца ў «пакаянным відэа» зь ёю. 10 красавіка жанчыне прадʼявілі абвінавачаньне адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні) і 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Цяпер Ірына ў гомельскім СІЗА.

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі 1 красавіка 43-гадовага жыхара Гомля Алега Барадзіна, пра якога цяпер, меркавана, паведамляе СК. Прычына — мужчына зьняў на вакзале абласнога цэнтру відэа з вайсковай тэхнікай і адправіў «экстрэмісцкаму тэлеграм-каналу». «Пакаяннае відэа» зь ім зьявілася на праўладных тэлеграм-каналах. «Зрабіў відэа на вакзале Гомля з выявай вайскоўцаў Расейскай Фэдэрацыі і скінуў гэтае відэа ў чат-бот канала „Беларусь головного мозга“», — кажа на відэа мужчына.

Таксама фігурантам крымінальнай справы паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу стаў непаўналетні вучань прафэсійнага ліцэю. Паведамляецца, што ўраджэнец Мазыра скінуў у «экстрэмісцкі» канал відэа зь перамяшчэньнем вайсковай тэхнікі. Ён узяты пад варту. Прозьвішча і месцазнаходжаньне хлопца пакуль невядомыя.

У паведамленьні Сьледчага камітэту адзначаецца, што ў межах ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу затрыманы 37-гадовы гомельскі таксіст і жыхар Гомля ва ўзросьце 30 гадоў. Іх прозьвішчы і месцазнаходжаньне таксама высьвятляюцца, паведамляе «Вясна».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG