Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцлер Аўстрыі назваў перамовы з Пуціным «прамымі, адкрытымі і жорсткімі».


Уладзімір Пуцін і Карл Нэгамэр. Каляж
Уладзімір Пуцін і Карл Нэгамэр. Каляж

Канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр заявіў, што правёў «прамыя, адкрытыя і жорсткія» перамовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным з нагоды нічым не справакаванага ўварваньня Масквы ва Ўкраіну.

У заяве гаворыцца, што сустрэча 11 красавіка, якая доўжылася крыху больш за гадзіну, не была «візытам сяброўства».

«Я згадаў пра цяжкія ваенныя злачынствы ў Бучы і іншых месцах і падкрэсьліў, што ўсе вінаватыя павінны быць прыцягнуты да адказнасьці», — сказаў канцлер.

У заяве офіса Нэгамэра гаворыцца, што аўстрыйскі канцлер «вельмі ясна сказаў прэзыдэнту Пуціну, што санкцыі будуць дзейнічаць і ўзмацняцца, пакуль ва Ўкраіне будуць надалей гінуць людзі».

Канцлер Аўстрыі таксама папярэдзіў пра «тэрміновую» патрэбу ў гуманітарных калідорах «для дастаўкі вады і ежы ў заблякаваныя гарады і для вывазу жанчын, дзяцей і параненых».

«Цяпер я паведамлю аб размове нашым эўрапейскім партнэрам і абмяркую далейшыя крокі», — адзначыў Нэгамэр.

Перад пачаткам перамоваў прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што ніякіх заяў з расейскага боку пра вынікі сустрэчы ня будзе.

Нэгамэр стаў першым зь лідэраў краін Эўразьвязу, які сустрэўся з Пуціным пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Сустрэча прайшла ў Нова-Агарове Маскоўскай вобласьці ў рэзыдэнцыі Пуціна.

Перамовам з Пуціным папярэднічала сустрэча Нэгамэра з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у Кіеве 9 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG