Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыйскі канцлер пасьля сустрэчы зь Зяленскім прыехаў да Пуціна. У Вене патлумачылі навошта


Канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр
Канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр

Канцлер Карл Нэгамэр мае намер паведаміць прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну «праўду» пра вайну ва Ўкраіне ў часе сустрэчы ў Маскве 11 красавіка, заявіў міністар замежных спраў Аўстрыі Аляксандар Шаленбэрг.

Канцлер Карл Нэгамэр стаў першым зь лідэраў краін Эўразьвязу, які сустрэнецца з Пуціным пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр і Ўладзімір Пуцін праводзяць перамовы ў Нова-Агарове Маскоўскай вобласьці. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў, перадае ТАСС. Там знаходзіцца рэзыдэнцыя Пуціна.

Перамовам з Пуціным папярэднічала сустрэча з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у Кіеве 9 красавіка.

Выступаючы напярэдадні саміту Эўразьвязу ў Люксэмбургу 11 красавіка, міністар Шаленбэрг заявіў журналістам, што «важна сустрэцца сам-насам і сказаць яму (Пуціну. — РС), якая рэальнасьць: гэты прэзыдэнт дэ-факта маральна прайграў вайну».

«Гэта павінна быць у яго інтарэсах (кіраўніка Расеі), каб нехта сказаў яму праўду. Я думаю, што гэта важна, і мы павінны гэта зрабіць, калі хочам выратаваць людзкія жыцьці. Прычына сустрэчы ў тым, што мы ня хочам губляць ніводнай магчымасьці, мы павінны выкарыстоўваць любы шанец, каб пакласьці канец гуманітарнай пякельнай сытуацыі ва Ўкраіне... кожны голас, які дапаможа Пуціну ўбачыць рэальнасьць за сьцяной Крамля — гэта ня страчаны голас», — падкрэсьліў Шаленбэрг.

Аўстрыя — нэўтральная краіна, якая не ўваходзіць у NATO, не пастаўляе Ўкраіне зброю. Візыт канцлера ўзгоднены зь лідэрамі Эўразьвязу.

Раней прэм’ер-міністар Ізраілю і прэзыдэнт Турэччыны спрабавалі выступіць пасярэднікамі ў расейска-ўкраінскіх перамовах. Пакуль не паведамляецца, зь якімі канкрэтнымі прапановамі аўстрыйскі канцлер едзе на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG