Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ракетны напад на вакзал Краматорску, дзясяткі забітых, якія ехалі ў эвакуацыю. 44-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны


Пасьля ракетнага нападу на вакзал Краматорску, 8 красавіка 2022 г.
Пасьля ракетнага нападу на вакзал Краматорску, 8 красавіка 2022 г.

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 4 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • У Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцях украінскае войска выйшла на межы зь Беларусьсю, расейцы адступілі.
  • Украінская армія вядзе баі за вызваленьне Херсоншчыны.
  • Прэм’ер-міністар Украіны: расейскія войскі пакінулі Кіеўскую, Чарнігаўскую і Сумскую вобласьці.
  • Эўразьвяз узгадніў пяты пакет санкцый супраць Расеі.
  • Генасамблея ААН прыпыніла ўдзел Расеі ў Радзе правоў чалавека.
  • Сэнат ЗША пазбавіў Расею і Беларусь статусу найбольшага спрыяньня ў гандлі і ўхваліў забарону на імпарт расейскіх энэрганосьбітаў.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.


Што адбываецца 8 красавіка

У чыгуначны вакзал Краматорску трапілі ракеты, ёсьць пацярпелыя

Пра гэта паведаміў старшыня праўленьня АТ «Укрзалізниця» Аляксандар Камышын. Загінулі ня менш за 39 грамадзян і звыш 100 атрымалі раненьні.

7 красавіка расейскія войскі нанесьлі авіяўдар па мосьце каля станцыі «Барвінкава», гэта адзіны кантраляваны Ўкраінай выезд па чыгунцы са Славянску, Краматорску і Лімана.

Урзуля фон дэр Ляен і Жузэп Бурэль едуць у Кіеў, каб сустрэцца з Уладзімірам Зяленскім

Старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен і вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль прыбудуць 8 красавіка ў Кіеў для сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Яны едуць цягніком — у ноч на пятніцу выехалі з польскага прымежнага гораду Пшэмысьль, паведамляе Deutsche Welle.

Ляен і Бурэль стануць самымі высокапастаўленымі заходнімі чыноўнікамі, якія наведаюць Украіну з пачатку вайны.

Брытанская выведка: расейскія войскі цалкам выведзеныя з поўначы Ўкраіны на тэрыторыю Беларусі і Расеі

Частка гэтых падразьдзяленьняў будзе перакінутая на ўсход Украіны для ўдзелу ў баях на Данбасе, і многія зь іх будуць мець патрэбу ў папаўненьні перад новым разьмяшчэньнем, паведамляе 8 красавіка Мінабароны Вялікай Брытаніі са спасылкай на вайсковую выведку. «Любая масавая перадысьлякацыя з поўначы зойме ня менш за тыдзень», — адзначаецца ў заяве.

Мінабароны Вялікай Брытаніі таксама паведаміла, што абстрэлы гарадоў на ўсходзе і поўдні Ўкраіны працягваюцца, а расейскія войскі рушылі далей на поўдзень ад гораду Ізюма, які застаецца пад іх кантролем.

8 красавіка ва Ўкраіне будуць працаваць 10 гуманітарных калідораў для эвакуацыі мірных жыхароў

Пра гэта паведаміла віцэ-прэм’ерка Ірына Верашчук. Калідоры будуць працаваць у Данецкай, Луганскай і Запароскай абласьцях і дазволяць эвакуавацца з Марыюпалю, Севераданецку, Лісічанску, Папаснай, Рубежнага, вёскі Горнае, Энэргадару, Мелітопалю, Такмаку і Бярдзянску.

Наступствы вайны ў Кіеве: пашкоджаныя 208 жылых дамоў, дзясяткі адміністрацыйных будынкаў

Ад пачатку вайны ва Ўкраіне ў сталіцы пашкоджана 208 жылых дамоў. Акрамя гэтага, пад удар у Кіеве трапілі 46 школ, 29 дзіцячых садкоў і 1 дзіцячы дом, 13 адміністрацыйных будынкаў, 2 спартыўныя аб’екты, 5 абʼектаў сацыяльнай сфэры, 17 — аховы здароўя, 10 — культурнай сфэры і 48 абʼектаў транспартнай інфраструктуры, паведаміла 8 красавіка Кіеўская гарадзкая дзяржаўная адміністрацыя.

Дыпляматы вяртаюцца ў Кіеў

7 красавіка амбасадар Літвы Вальдэмарас Сарапінас вярнуўся ва ўкраінскую сталіцу. Упершыню ў Кіеве будуць працаваць шэсьць літоўскіх дыпляматаў і супрацоўнікаў.

Таксама ўвечары 7 красавіка працу ў амбасадзе ў Кіеве аднавілі латвійскія дыпляматы. Амбасадар далучыцца да іх пасьля кансультацый у Рызе, паведаміў міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

У найбліжэйшыя дні амбасадар Эстоніі таксама плянуе вярнуцца ва ўкраінскую сталіцу, паведамляе Цэнтар стратэгічных камунікацый і інфармацыйнай бясьпекі Ўкраіны.

Раней у Кіеве аднавілі працу амбасады Турэччыны і Славеніі.

Расейскія войскі пакінулі Кіеўскую, Чарнігаўскую і Сумскую вобласьці

Прэм'ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль падчас сёньняшняга брыфінгу заявіў, што расейскія войскі пакінулі тры вобласьці: Кіеўскую, Чарнігаўскую і Сумскую.

«Мы можам з упэўненасьцю сказаць, што чарговы этап нашай вызвольнай вайны завяршыўся перамогай Украіны. Пляны ворага зламаныя. Расейскія тэрарыстычныя войскі выбітыя з Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласьцей. Але вайна далёкая ад свайго завяршэньня. Вораг не пакідае спробаў захапіць нашы землі на ўсходзе і на поўдні, працягвае наносіць ракетныя ўдары па ўсёй краіне», — сказаў Шмыгаль.

Тое, што ў Сумскай вобласьці больш няма расейскіх войскаў, пацьвердзілі і ў абласной адміністрацыі.

7 красавіка расейскія войскі атакавалі на Данецкім і Луганскім напрамках

7 красавіка ўкраінскія вайскоўцы з Аб’яднаных сіл пасьпяхова адбілі 7 атак расейскіх акупантаў на Данецкім і Луганскім напрамках і нанесьлі ворагу страты, паведамляе прэс-штаб ведамства.

За суткі абʼяднаныя сілы зьнішчылі 4 варожыя танкі, 10 адзінак бранятэхнікі і 11 адзінак тэхнікі, 2 артылерыйскія сыстэмы праціўніка. Сілы СПА зьбілі ў небе Данбасу 1 варожы самалёт і 4 варожыя бесьпілётнікі, сьцьвярджае прэс-служба. Акрамя таго, расейскія войскі правялі 6 удараў у раёне апэратыўна-тактычнай групы «Ўсход». У выніку баёў украінскія абаронцы зьнішчылі да 90 акупантаў і іхную баявую тэхніку.

Ва Ўкраіне ад расейскай агрэсіі з 24 лютага пацярпелі 464 дзіцяці

Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны паведаміў, што ад пачатку расейскай агрэсіі загінулі 167 дзяцей і яшчэ 297 атрымалі раненьні.

У Бучы вызначылі асобы 163 мясцовых жыхароў, забітых расейскімі акупантамі

На гэты час па горадзе сабралі каля 320 целаў забітых жыхароў Бучы, паведаміў мэр гораду Анатоль Федарук. Ужо вызначылі асобы 163 мясцовых жыхароў.

«Мы ведаем іхныя прозьвішчы, імёны, імёны па бацьку, дзе яны пражывалі, хто яны былі — або бацькам, або сынам, або жонкай у той ці іншай сям’і», — расказаў мэр.

Паводле яго, у Бучы штодзень працягваюць знаходзіць новыя целы загінулых у розных кутках гораду — на агародах, у паркавых зонах, на тэрыторыях дзіцячых пляцовак.

Праз гуманітарныя калідоры эвакуавалі 4676 чалавек

Як паведаміла віцэ-прэм'ерка Ўкраіны Ірына Верашчук, за 7 красавіка эвакуавалі 4676 чалавек:

  • з Марыюпалю і Бярдзянску ўласным транспартам і аўтобусамі ў Запарожжа выехалі 3256 чалавек (зь іх 1205 з Марыюпалю і 2050 жыхароў гарадоў Запароскай вобласьці: Палогаў, Васільеўкі, Бярдзянску і Мелітопалю).
  • з гарадоў Лісічанск, Севераданецк, Рубежнае і Крамянная Луганскай вобласьці эвакуавалі 1420 чалавек.

Офіс генпракурора Ўкраіны арыштаваў 17 800 чыгуначных вагонаў зь Беларусі і Расеі

Арышт накладзены ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце наўмыснага ўхіленьня ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах (частка 3 артыкула 212 КК Украіны), паведамляецца на сайце ведамства. Па вэрсіі сьледзтва, на тэрыторыі Ўкраіны знаходзяцца вагоны, якія выкарыстоўваліся пры зьдзяйсьненьні злачынства ў сфэры гаспадарчай дзейнасьці і арыштаваныя судом як прылады злачынства.

«Вырашаецца пытаньне аб канфіскацыі арыштаваных вагонаў у даход дзяржавы. Дасудовае сьледзтва ідзе і ажыцьцяўляецца Бюро эканамічнай бясьпекі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Абстрэлы ў Днепрапятроўскай вобласьці і блякаваньне эвакуацыі з Данбасу

7 красавіка на тэрыторыі Днепрапятроўскай вобласьці войскі Расеі нанесьлі ўдары па Сінельнікаўскім і Крывіцкім раёнах. Паводле словаў старшыні абласной рады Мікалая Лукашука, 4 чалавекі загінулі, 7 пацярпелі, двое грамадзян прапалі бязь вестак. Усе загінулыя — людзі, якіх эвакуавалі на лодках праз раку з акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласьці.

Таксама расейская армія абстраляла чыгунку ў раёне станцыі Барвінкава ў Харкаўскай вобласьці. Гэта адзіны падкантрольны Ўкраіне чыгуначны выхад са Славянску, Краматорску і Лімана. Праз авіяўдар на станцыі затрымаліся амаль 500 эвакуаваных з Луганскай вобласьці.

Мэр Бучы: 90% загінулых жыхароў гораду былі застрэленыя

90% жыхароў, якія загінулі ў Бучы за час вайны, былі застрэленыя, сьцьвярджае мэр Бучы Анатоль Федарук у інтэрвію DW. Паводле яго, да 6 красавіка знойдзена 320 целаў загінулых мірных жыхароў. «Практычна 90 адсоткаў — гэта кулявыя паразы, а не аскепкавыя».

Хведарук сказаў, што колькасьць знойдзеных целаў расьце з кожным днём, бо «іх знаходзяць у прыватных сядзібах, парках, сквэрах, дзе была магчымасьць, калі не было абстрэлаў, прыкопваць целы».

Генпракурор Украіны: у Барадзянцы ўжо знайшлі 26 загінулых, ёсьць зьвесткі аб згвалтаваньнях і катаваньнях

Пад заваламі двух жылых дамоў у Барадзянцы знайшлі ўжо 26 загінулых, піша Расейская служба ВВС са спасылкай на паведамленьне генпракурора Ўкраіны Ірыны Венядзіктавай у эфіры «Нацыянальнага тэлемаратону».

Таксама, паводле Венядзіктавай, пракуроры выявілі факты сэксуальных злачынстваў і катаваньняў мірных жыхароў у пасёлку.

Як сьцьвярджае Венядзіктава, прычына, па якой пасёлак аказаўся цалкам зьнішчаны, у тым, што 26–27 лютага нехта закідаў «кактэйлямі Молатава» першыя танкі расейцаў, якія заходзілі ў Барадзянку. У адказ расейскія вайскоўцы выклікалі авіяцыю, якая разбамбіла населены пункт.

Абстрэлы ў Рубежным, загарэліся два жылыя дамы

Два жылыя дамы загарэліся ў горадзе Рубежнае (Луганская вобласьць) пасьля абстрэлу расейскімі войскамі 7 красавіка, яшчэ пад адным заваліла людзей. Пра гэта паведаміў кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Паводле яго, ратавальнікі апэратыўна вызвалілі людзей з-пад завалу. Усе жыхары жывыя. Таксама раніцай 7 красавіка быў абстраляны горад Крамянная, загінуў адзін чалавек.

Абстрэлы на Харкаўшчыне

7 красавіка ў выніку артылерыйскіх абстрэлаў Харкава і раёну загінула жанчына, яшчэ 14 чалавек атрымалі раненьні, паведаміў кіраўнік Харкаўскай вобласьці Алег Сінягубаў.

У Львове пачалі ставіць першы кантэйнэрны гарадок для вымушаных перасяленцаў

Па словах мэра гораду Андрэя Садовага, гарадок будзе складацца з 70 жылых кантэйнэраў, у іх змогуць жыць больш за 350 чалавек. Усяго плянуецца стварыць некалькі такіх месцаў.

Прэс-сакратар Пуціна прызнаў «значныя» страты расейскіх войскаў падчас вайны ва Ўкраіне

«Мы панесьлі значныя страты войскаў, гэта вялізная трагедыя для нас», — сказаў Дзьмітрый Пяскоў у інтэрвію Sky News.

Уцекачы ад вайны

Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала ўкраінцаў, якіх прымусова вывезьлі ў Расею, зьвяртацца ў амбасады Ўкраіны ў іншых краінах сьвету. Кантакты амбасадаў разьмешчаныя ў тэлеграм-канале МЗС Украіны.

«У сувязі з масавым прымусовым вывазам расейскімі вайскоўцамі грамадзян Украіны на тэрыторыю Расеі рэкамэндуем суайчыньнікам, якія сталі ахвярамі такіх незаконных дзеяньняў расейскага рэжыму і хочуць вярнуцца ва Ўкраіну, паведаміць зьвесткі пра сябе ў найбліжэйшую амбасаду Ўкраіны ў суседніх дзяржавах або дзяржавах магчымага транзытнага праезду», — паведамілі ў МЗС Украіны.

Колькасьць уцекачоў з Украіны, паводле абноўленых зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, ад пачатку расейскай агрэсіі склала 4 019 287 чалавек.

Найбольш прыняла Польшча — 2 336 799 чалавек, 608 936 паехалі ў Румынію, 387 151 — у Малдову, 364 804 — у Вугоршчыну, 350 632 — у Расею, 281 172 — у Славаччыну. На 7-м месцы ў сьпісе Беларусь, у яе пасьля пачатку разьвязанай расейцамі вайны прыехалі 10 902 украінцы.

У той жа час украінскія СМІ паведамляюць, што пад Кіевам утварыліся аўтамабільныя заторы, тысячы людзей вяртаюцца ў горад пасьля таго, як Кіеўская вобласьць аказалася цалкам вызваленая ад расейскай акупацыі.

Што адбываецца ў Расеі

Intel пакідае Расею

Найбуйнейшы вытворца мікрапрацэсараў у сьвеце, карпарацыя Intel заявіла, што неадкладна спыняе ўсе бізнэс-апэрацыі ў Расеі. У Расеі ў Intel 1,2 тысячы супрацоўнікаў.

«Intel працягвае разам з сусьветнай супольнасьцю асуджаць вайну Расеі супраць Украіны і заклікае да найхутчэйшага аднаўленьня міру. Мы неадкладна прыпынілі ўсе дзелавыя апэрацыі ў Расеі. Гэта наступны крок за нашым папярэднім рашэньнем прыпыніць усе пастаўкі кліентам у Расеі і Беларусі», — гаворыцца ў заяве.

Пуцін падпісаў указ аб вясновым прызыве ў войска

Прызыў пройдзе з 1 красавіка па 15 траўня, на тэрміновую службу маюць намер прызваць 134 500 чалавек ад 18 да 27 гадоў. Гэта на 7 тысяч больш, чым у леташні восеньскі прызыў. Ад пачатку вайны з Украінай расейскія ўлады і асабіста Пуцін адмаўлялі, што ў ёй удзельнічаюць салдаты тэрміновай службы. Але потым Мінабароны Расеі прызнала «некалькі фактаў» прысутнасьці вайскоўцаў тэрміновай службы ў частках расейскіх узброеных сіл ва Ўкраіне. У Крамлі абяцалі разабрацца.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

JYSK прыпыняе працу ў Беларусі

Дацкая кампанія JYSK (тавары для дому) прыпыняе працу крамаў і сайта ў Беларусі з 18 красавіка. У Беларусі ёсьць 10 крамаў JYSK.

Раней дацкі рытэйлер сышоў з расейскага рынку.

Кіеў: Агрэсар перакідае верталёты і самалёты зь беларускіх аэрадромаў назад у Расею

Паводле зводкі ўкраінскага Генштабу за 5 красавіка, калёны ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі рухаюцца празь Беларусь у напрамку вакзалаў Гомель, Ельск і Мазыр для пагрузкі ў цягнікі. Значная частка самалётаў і верталётаў ВПС Расеі перадысьлякавалася з аэрадромаў Беларусі ў Расею.

Як рэагуе сьвет

ЗША адправілі Ўкраіне партыю ўдарных дронаў Switchblade і дадуць больш комплексаў Javelin

ЗША дадуць Украіне дадатковую вайсковую дапамогу (супрацьтанкавыя сыстэмы Javelin) на 100 млн даляраў. Пра гэта паведаміў дзяржсакратар Энтані Блінкен. З 24 лютага ЗША далі Ўкраіне ваенную дапамогу на суму 1,7 млрд даляраў.

Таксама ЗША ўжо адправілі Ўкраіне партыю з 100 ударных дронаў Switchblade, паведаміў прэс-сакратар Пэнтагона Джон Кірбі.

Эўразьвяз узгадніў пяты пакет санкцый супраць Расеі

Пакет уключае ў сябе поўнае эмбарга на імпарт расейскага вугалю. Таксама ў рамках новых абмежаваньняў Эўразьвяз уводзіць забарону на экспарт у Расею ўзбраеньняў. Гандлёвым суднам пад расейскім сьцягам забараняецца ўваходзіць у парты Эўразьвязу, а грузавому транспарту — уяжджаць у ЭЗ.

Эўразьвяз выдзеліць яшчэ 500 млн эўра на вайсковае абсталяваньне для Ўкраіны

Пра гэта паведаміў 7 красавіка кіраўнік Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль.

Генэральная асамблея ААН прыпыніла ўдзел Расеі ў Радзе правоў чалавека

Рэзалюцыю прынялі большасьцю галасоў: «за» прагаласавалі 93 краіны, «супраць» — 24, а яшчэ 58 краін устрымаліся.

Сэнат ЗША пазбавіў Расею і Беларусь статусу найбольшага спрыяньня ў гандлі і ўхваліў забарону на імпарт расейскіх энэрганосьбітаў

Рашэньне Сэнату ЗША на практыцы дазваляе ўвесьці вышэйшыя тарыфы на імпарт зь дзьвюх гэтых краін.

Латвія забараніла грамадзянам Расеі і Беларусі атрымліваць від на жыхарства за інвэстыцыі. Эстонія будзе даваць ВНЖ толькі як выключэньне

Парлямэнт Латвіі 7 красавіка забараніў расейскім і беларускім грамадзянам атрымліваць від на жыхарства за інвэстыцыі ў эканоміку краіны. Папраўкі да закону «Аб іміграцыі» прынятыя аднагалосна.

Эстонія сьледам за Латвіяй перастала выдаваць новыя віды на жыхарства грамадзянам Расеі і Беларусі. Падаўжэньне ранейшага віду на жыхарства магчымае, таксама ва ўказе прапісаныя выключэньні для атрыманьня дакумэнтаў.

Малдова забараніла «георгіеўскую стужку» і сымболіку зь літарамі Z і V

Дэманстрацыя сьцягоў, літар, стужак і іншай атрыбутыкі пацягне за сабою штраф у памеры да 9000 леяў (450 эўра) для фізычных і да 18 000 леяў для юрыдычных асобаў.

Макрон: «Пасьля забойстваў у Бучы патрэбныя новыя санкцыі»

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў 4 красавіка, што пасьля атрыманьня дакладных сьведчаньняў адказнасьці расейскіх войскаў за забойства мірных жыхароў ва ўкраінскім горадзе Бучы патрэбна дадатковае ўзмацненьне санкцый супраць Расеі.

«Тое, што адбылося ў Бучы, патрабуе новага раўнду санкцый і вельмі выразных захадаў», — сказаў Макрон радыё France Inter, паведамляе Reuters.

Новыя санкцыі павінны быць накіраваныя супраць вугальнай і нафтаздабыўной галінаў расейскай эканомікі, сказаў Макрон.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG