Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У акупаванай Херсонскай вобласьці расейцы выкрадаюць і катуюць украінскіх актывістаў, — праваабаронцы


Мітынг пратэсту ў акупаваным расейскім войскам Херсоне, 1 сакавіка 2022 г.
Мітынг пратэсту ў акупаваным расейскім войскам Херсоне, 1 сакавіка 2022 г.

Прадстаўнікі ўладаў Херсонскай вобласьці і праваабаронцы заяўляюць, што расейскія вайскоўцы пачалі масава выкрадаць у рэгіёне ўкраінскіх актывістаў.

«Пастаянна працягваюцца зьнікненьні людзей. У першую чаргу гэта нашы сілавікі, супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны, паліцыі, пракуратуры, гэта і колішнія вайскоўцы, тэрабарона і актывісты, якія былі, так бы мовіць, зафіксаваныя ў часе іхнага ўдзелу ў акцыях пратэсту, — сказаў першы намесьнік старшыні Херсонскай абласной рады Юры Сабалеўскі ў інтэрвію праекту Радыё Свабода «Новини Приазов’я»

Намесьнік дырэктара Цэнтру блізкаўсходніх дасьледаваньняў Сяргей Данілаў паведаміў са спасылкай на некалькі крыніц, што ў Херсоне пачаў дзейнічаць аналяг данецкай «Ізаляцыі» (былы завод, у якім дзейнічала культурная прастора, а пасьля захопу прарасейскімі сэпаратыстамі там стварылі турму з найбольш жорсткім стаўленьнем да вязьняў. — РС).

«Амаль месяц мы чулі пра затрыманьні ў Херсонскай вобласьці, пра псыхалягічны ціск і зьбіцьцё. Гэта маглі быць актывісты, выпадковыя грамадзяне, якія выказалі сваю нязгоду, якіх хапалі, напрыклад, каля мітынгаў або выкрадалі з дому. Аднак за апошні тыдзень зьявіліся паведамленьні пра жорсткія катаваньні, пра людзей, якія пасьля катаваньняў сталі інвалідамі, пра інсульты. У прыватнасьці, такая інфармацыя была ў мэра Алешак пра ўдзельнікаў самаабароны гораду, якіх практычна ўсіх затрымалі, і там шмат закатаваных. Людзі — у рэанімацыі або ўжо з інсультамі ці інваліднасьцю», — сказаў Сяргей Данілаў.

Дэпутат Херсонскай абласной рады Сяргей Хлань паведаміў, што расейскія вайскоўцы правяраюць на блёкпастах ня толькі пашпарты грамадзян, але і наяўнасьць іх прозьвішчаў у сьпісах праўкраінскіх актывістаў, вайскоўцаў, журналістаў і валянтэраў.

«Калі чалавек знаходзіцца ў сьпісах, яго адразу затрымліваюць на блёкпасту і вязуць да сябе (дзе яны ўтрымліваюць людзей) — гэта ў пастарунках або ў былым СІЗА — у Херсоне. З гэтымі сьпісамі яны пачалі працаваць і ў самім горадзе», — паведаміў дэпутат Сяргей Хлань.

Вядома, што ў палон такім чынам трапіў журналіст з Кахоўкі Алег Батурын (правёў у расейскім палоне больш за тыдзень), больш за два тыдні ў палоне знаходзіўся мэр Берыслава Херсонскай вобласьці Аляксандар Шапавалаў. Цяпер у палоне застаецца сакратар гарадзкой рады Новай Кахоўкі Дзьмітры Васільеў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG