Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Львове адкрыўся Беларускі інфармацыйны цэнтар


У Львове пачаў працаваць Беларускі інфармацыйны цэнтар. Яго мэта — інфармаваць украінцаў пра сытуацыю ў Беларусі. Гэтае грамадзкае аб’яднаньне створана беларусамі, якія былі вымушаныя пакінуць радзіму празь перасьлед рэжыму Лукашэнкі.

Расказвае карэспандэнтка ўкраінскай службы Радыё Свабода Галіна Церашчук.

Аліна Рудзіна жыве ў Львове больш за год. Празь перасьлед і вялікую колькасьць арыштаваных актывістаў і журналістаў яна была вымушаная пакінуць Беларусь. Калі пачалася вайна ва Украіне, Аліна Рубіна вырашыла застацца тут.

«На жаль, цяпер Беларусь стала краінай-агрэсарам. Мы хочам сказаць украінцам, што ёсьць Беларусь, якая змагаецца за сваю свабоду. Я засталася ва Ўкраіне. Частка беларусаў зьехала, частка пераехала з Кіева ў Львоў.

Я бачу сваю працу ў тым, каб расказваць украінцам, што адбываецца ў Беларусі, чым беларусы могуць быць карыснымі ўкраінцам. Так атрымалася, што ўкраінцы мала ведаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Наша краіна захопленая гэтак жа, як і акупаваная частка Ўкраіны», — сказала кіраўніца Беларускага інфармацыйнага цэнтра ва Ўкраіне Аліна Рудзіна.

Прэзэнтацыя цэнтру ў Львове
Прэзэнтацыя цэнтру ў Львове

Беларусы, якія вымушаныя былі пакінуць радзіму, стварылі інфармацыйны цэнтар і гарачую лінію. Яны не хочуць, каб украінцы зь нянавісьцю ставіліся да ўсіх беларусаў. Бо беларусы, якія жывуць ва Украіне, валянтэры, дапамагаюць уцекачам, эвакуююць дзяцей зь небясьпечных рэгіёнаў.

«Мы знаходзім грошы, каб дапамагчы ўкраінцам, нягледзячы на тое, што нашы карткі заблякаваныя. СБУ ўдзяляе нам пільную ўвагу, але мы з разуменьнем ставімся. У Беларусі ёсьць людзі, якія ваююць з акупантам, ваююць у інфармацыйным полі, паказваюць на рух расейскай тэхнікі і салдат. У Беларусі працягваюцца «рэйкавыя войны», калі людзі зьнішчаюць чыгуначныя шляхі, каб не дапусьціць руху расейскай тэхнікі. На сёньняшні дзень за вядзеньне «рэйкавых войнаў» арыштавана больш за 50 беларусаў, кажа Аліна Рудзіна.

У беларусаў іншая псыхалёгія?

Група беларускіх сілавікоў, якая далучылася да апазыцыі на фоне пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе, разладзіла працу некалькіх адгалінаваньняў Беларускай чыгункі. Праз гэта Расея забараніла перамяшчэньне расейскіх вайсковых эшалёнаў у Беларусі ў начны час. Многія беларускія кіроўцы адмаўляюцца працаваць.

Беларусы, якія жывуць ва Украіне, якія зьяўляюцца палітычнымі ўцекачамі, тлумачаць, што за 27 гадоў Аляксандар Лукашэнка выбудаваў сыстэму, зь якой грамадзянам цяжка змагацца.

«Часта ўкраінцы не разумеюць, чаму беларусы не такія актыўныя, не выходзяць на Майдан, як яны. Гэта важна разумець. Украіна не адразу выйшла на Майдан у 2014 годзе. Быў Майдан у 2003–2004 гадах. Трэба разумець, што Беларусь у параўнаньні з Украінай знаходзіцца дзесьці ў пратэставым вымярэньні на этапе 2003 году. А ў беларусаў іншая псыхалёгія. Гэта законапаслухмяныя людзі, яны робяць тое, што ім загадваюць. Я ня ведаю, калі мы дарасьцем да ўкраінскага Майдану 2014 году», — сказаў Сяргей Бульба, заснавальнік «Белага легіёну», кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Беларусь 2.0. Працуем разам».

У Львове беларусы адзначылі Дзень беларускай вайсковай славы, 8 верасьня 2021
У Львове беларусы адзначылі Дзень беларускай вайсковай славы, 8 верасьня 2021

Сяргей Бульба разумее цяперашняе стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў. Бо Лукашэнка аддаў тэрыторыю Беларусі для расейскай агрэсіі супраць Украіны. Акрамя таго, прэзыдэнт Расеі патрабуе ад беларускай арміі ўдзелу ва ўварваньні ва Ўкраіну.

Па словах Сяргея Бульбы, сёньня многія былыя сілавікі Беларусі спрабуюць пакінуць краіну разам зь семʼямі, каб не быць мабілізаванымі і не ваяваць супраць Украіны.

Больш за тысячу беларусаў, якія былі вымушаныя бегчы ў Польшчу ад перасьледу рэжыму Лукашэнкі, гатовыя ваяваць ва Ўзброеных сілах Украіны супраць Расеі.

«У Варшаве беларусы чакаюць і гатовыя ехаць ва Ўкраіну. Як толькі ўкраінскія ўлады дазволяць, людзі прыйдуць. Мы просім, каб Украіна зрабіла для нас на заканадаўчым узроўні, каб беларусы адразу падпісвалі кантракты і служылі ва Ўзброеных сілах. У цяперашні час Украіна не сьпяшаецца дазваляць беларусам ваяваць. Мы спадзяемся, што гэты працэс будзе запушчаны і тысячы людзей прыедуць служыць ва Ўкраіну. Мы разумеем, што будучыня Беларусі вырашаецца ва Ўкраіне. Беларусы разумеюць, што гэта таксама наша вайна з Расеяй», — сказаў Сяргей Бульба.

Беларускі батальён імя Кастуся Каліноўскага ўвайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, а вайскоўцы прынялі прысягу 25 сакавіка.

Зараз Беларускі крызісны цэнтар у Львове працуе з украінскімі ўцекачамі, шукаючы і перавозячы гуманітарную дапамогу. Беларуская дыяспара дапамагае ўкраінскім уцекачам у Польшчы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG