Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блінкен: «Эра, якой азнаменаваўся пэрыяд пасьля заканчэньня халоднай вайны, завяршылася»


Энтані Блінкен
Энтані Блінкен

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен падвёў рысу пад пэрыядам пацяпленьня ў міжнародных адносінах, які наступіў пасьля падзеньня Бэрлінскага муру і развалу Савецкага Саюзу, заявіўшы, што гэтая эра «завяршылася».

«Мы зноў знаходзім сябе ў віхуры гісторыі», — сказаў Блінкен на ўрачыстай цырымоніі ўстаноўкі ў сьценах Дзярждэпартамэнту ЗША бюста 61-га кіраўніка гэтага ведамства Джэймса Бэйкера, які быў шэфам амэрыканскай дыпляматыі ў 1989–1992 гадах.

Бэйкер, які падтрымліваў цесныя асабістыя адносіны з Эдуардам Шэварнадзэ, міністрам замежных спраў СССР перабудовачнага пэрыяду, лічыцца архітэктарам многіх пагадненьняў аб кантролі над узбраеньнямі, якія былі заключаны ў той пэрыяд.

Аднак, як адзначыў Блінкен, гэтая эпоха супрацоўніцтва зараз адышла ў мінулае. «Больш напорысты Кітай кідае выклік заснаванаму на правілах сусьветнаму парадку, які на працягу доўгага часу зьяўляецца асновай бясьпекі і працьвітаньня амэрыканцаў і народаў усяго сьвету. Эра, якой азнаменаваўся пэрыяд пасьля заканчэньня халоднай вайны, завяршылася».

Блінкен зьвярнуў увагу на падзеі вакол Украіны.

«Расея ажыцьцявіла ўварваньне ў суседнюю краіну, — сказаў Блінкен, кажучы аб цяперашнім этапе міжнародных адносін. — Яна вярнулася да амаль таталітарных рэпрэсій унутры краіны. Яна нават пагражае выкарыстоўваць ядзерную зброю».

Са свайго боку 91-гадовы Бэйкер выказаў думку, што «вятры вайны моцна дзьмуць ва Ўкраіне, чые грамадзяне прыкладаюць гераічныя намаганьні, каб захаваць сваю незалежнасьць».

Паводле яго вэрсіі, Захад сваімі дзеяньнямі ў дачыненьні да Расеі і Ўкраіны спрабуе дабіцца таго, каб «гвалт не пашыраўся», каб не ўзьнікла яшчэ вастрэйшая міжнародная сытуацыя. На яго думку, «Злучаныя Штаты зьяўляюцца цяпер і застануцца на нейкі час у будучыні сілай, якая забясьпечвае міжнародны мір і стабільнасьць».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG