Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Расеі ў ААН назваў злачынствы ў Бучы «правакацыяй, падрыхтаванай уладамі Ўкраіны». Чаму гэта няпраўда


Целы забітых мірных жыхароў у Бучы
Целы забітых мірных жыхароў у Бучы

Украіна пачала расьсьледаваньне ваенных злачынстваў у Бучы, пасьля таго як яе пакінулі расейскія вайскоўцы. У горадзе было знойдзена мноства цел мірных жыхароў, некалькі дзясяткаў ляжалі проста на вуліцы. Паводле папярэдніх зьвестак, размова ідзе пра больш як 300 загінулых. Ужо два дні супрацоўнікі мясцовай рытуальнай службы зьбіраюць целы забітых. Кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў, камэнтуючы тое, што адбылося ў Бучы, заявіў, што там была зроблена «інсцэніроўка». Сьцьвярджэньні расейскага боку можна зьняпраўдзіць па пунктах.

Жывыя сьведкі

Сяргей Каплічны, начальнік рытуальнай службы ў горадзе Буча, расказаў журналістам, што расейскія войскі да вызваленьня гораду не дазвалялі зьбіраць целы забітых з вуліц. «Яны не дазвалялі. Казалі: „Холадна, няхай яшчэ паляжаць“. Мы ім патлумачылі, што там ляжаць і трое іхных салдат і іх трэба забраць, і яны быццам бы дазволілі... У моргу ляжалі целы, халадзільнікі не працавалі. Там быў жах (пасьля таго, як горад перайшоў пад кантроль расейскіх вайскоўцаў, былі адключаныя падача электраэнэргіі і водазабесьпячэньне (заўв. РС).

З 30 трупаў, сабраных 3 красавіка ў Бучы ў Яблунскім завулку, паводле Каплічнага, былі два салдаты Ўзброеных сіл Украіны — 1995 году нараджэньня і вэтэран, удзельнік баявых дзеяньняў у Данбасе, якога застрэлілі, бо кідаў «кактэйлі Молатава».

Жыхар Бучы, зь якім пагутарыў журналіст украінскай службы Радыё Свабода Леўка Стэк, расказаў, што загінулых на адной з вуліц гораду забіў снайпэр, таму, відаць, іхныя целы не прыбіралі. Па словах гэтага чалавека, снайпэр страляў у кожнага, хто зьяўляўся на вуліцы. Мясцовыя жыхары расказалі журналісту, што часьцей за ўсё страляніну чулі ў апошнія пяць дзён перад вызваленьнем гораду. Яны паказалі магілы загінулых, якіх вымушаныя былі хаваць проста на вуліцы.

На рукавах некаторых забітых у Бучы мірных жыхароў, целы якіх заставаліся да нядаўняга часу на вуліцах гораду, а таксама на іхных зьвязаных руках на фота відаць белыя павязкі.

Журналісты агенцтва Reuters, якія пабывалі ў Бучы адразу пасьля адыходу адтуль расейскіх вайскоўцаў, пагаварылі з жанчынай, якая патлумачыла, чаму на ёй была белая павязка: такія прымушалі насіць расейскія вайскоўцы. Паводле яе, вайскоўцы стралялі ня толькі ў вокны дамоў, але і ў яе: «Пасьля гэтага я вярнулася дадому і не магла гаварыць», — цытуе яе словы аўтар рэпартажу.

Па словах мэра гораду Анатоля Хведарука, целы каля 300 жыхароў Бучы ўжо пахавалі ў брацкай магіле.

Фота са спадарожніка

Пастаянны прадстаўнік Расеі пры ААН Васіль Нябензя на прэс-канфэрэнцыі заявіў, што забойства дзясяткаў мірных жыхароў у Бучы зьяўляецца «чарговай падрыхтаванай правакацыяй, накіраванай на дыскрэдытацыю і дэгуманізацыю расейскіх вайскоўцаў і аказаньне палітычнага ціску на Расею». За «правакацыяй» стаяць улады Кіева і «іх заходнія спонсары», сказаў Нябензя.

Пастаянны прадстаўнік Расеі пры ААН таксама зноў паўтарыў аргумэнты расейскага боку, што відэа і фота целаў забітых на вуліцах Бучы зьявіліся празь некалькі дзён пасьля таго, як расейскія войскі пакінулі гэты раён. На запісах, якія зьявіліся адразу пасьля адыходу расейскіх вайскоўцаў, запэўнівае Расея, целаў загінулых няма. Газэта The New York Times за некалькі гадзін да выступу Нябензі апублікавала спадарожнікавыя здымкі Бучы, дзе відаць, што трупы на вуліцах знаходзіліся яшчэ тады, калі горад кантралявалі расейскія войскі.

Паводле дадзеных The New York Times, відэа і спадарожнікавыя здымкі дазваляюць гаварыць аб тым, што целы забітых зьявіліся на вуліцы больш за тры тыдні таму.

На адным зь відэа, зьнятым сябрам мясцовай адміністрацыі 2 красавіка, відаць мноства трупаў на Яблунскім завулку. Спадарожнікавыя здымкі, зробленыя кампаніяй Maxar Technologies, паказваюць, што сама меней 11 зь іх знаходзіліся на вуліцы з 11 сакавіка.

Фота кампаніі Maxar. На ім бачна масавае пахаваньне, якое зьявілася ў Бучы ў сярэдзіне сакавіка
Фота кампаніі Maxar. На ім бачна масавае пахаваньне, якое зьявілася ў Бучы ў сярэдзіне сакавіка

Аб зьяўленьні масавага пахаваньня ў цэнтры Бучы стала вядома задоўга да таго, як горад пакінулі расейскія вайскоўцы. 12 сакавіка дырэктар Ірпенскага гарадзкога цэнтру першай мэдыка-санітарнай дапамогі Андрэй Ляўкоўскі паведаміў пра гэта і апублікаваў відэа першых пахаваньняў.

Цьверджаньні пра «фальшывыя трупы»

Пасьля вываду расейцаў на кадрах, зьнятых з машыны, калі яна праяжджала па горадзе, былі відаць трупы па абодва бакі дарогі.

Затым прарасейскія акаўнты ў сацыяльных сетках распаўсюдзілі запаволеную вэрсію відэа, сьцьвярджаючы, што рука аднаго зь целаў рухалася. Амбасада Расеі ў Канадзе разьмясьціла відэа ў Твітары з подпісам «пастановачнае відэа з фальшывымі трупамі ў горадзе Буча пад Кіевам».

Відэа зярністае, дрэннай якасьці, але ўважлівы аналіз паказвае, што тое, што заяўлена як рух рукі, на самай справе зьяўляецца плямай у правым ніжнім куце ветравога шкла аўтамабіля. Яна выглядае як кропля дажджу або плямка бруду, такія ж меткі відаць на лабавым шкле на відэа і раней.

Яшчэ адна расейская прэтэнзія тычыцца іншай часткі зьнятага матэрыялу. Машына праяжджае яшчэ адно цела, якое ляжыць побач з ходнікам з чырвонымі і жоўтымі камянямі і разбуранай карычневай агароджай.

Пакуль яна едзе, у правае люстэрка ненадоўга можна ўбачыць цела. Прарасейскія крыніцы сьцьвярджаюць, што цела «сядзіць». Але запаволеная вэрсія відэа паказвае, што бакавое люстэрка відавочна скажае адлюстраваньне цела, а таксама дамоў на заднім пляне. Той жа эфэкт можна ўбачыць на відэароліках з аналягічнымі бакавымі люстэркамі, разьмешчаных у інтэрнэце.

BBC супаставіла абодва целы зь відэа (апублікаванага 2 красавіка) з фатаграфіямі высокай якасьці, прадстаўленымі Getty Images і AFP 3 красавіка. Гэта тыя ж самыя целы, якія ляжаць некалькі дзён.

Прэтэнзія: целы «не зацьвярдзелыя»

Расейцы кажуць, што яны пакінулі горад 30 сакавіка. Праўда Міністэрства абароны Расеі яшчэ 1 красавіка заяўляла аб тым, што «расейскія марскія пяхотнікі вядуць зачыстку населеных пунктаў у Кіеўскай вобласьці».

Міністэрства замежных спраў Расеі напісала ў Твітары: «Асаблівую заклапочанасьць выклікае тое, што ўсе целы людзей, чые выявы былі апублікаваныя кіеўскім рэжымам, не зацьвярдзелі прынамсі праз чатыры дні».

Празь некалькі гадзін пасьля сьмерці цела праходзяць праз працэс, званы трупным скарчаненьнем, калі цягліцы скарачаюцца і напружваюцца.

ВВС папрасіла судмэдэкспэрта выказаць сваю думку аб тым, ці можна чакаць, што цела будзе «скарчанелым» праз чатыры дні. Адзін з тых, хто працаваў над расьсьледаваньнем ваенных злачынстваў у такіх месцах, як Косава і Руанда, і не пажадаў назваць сваё імя, расказаў Бі-бі-сі, што да чатырох дзён трупнае скарчаненьне «звычайна праходзіць».

Якія «спэцыялісты ў зачыстцы» былі ў Бучы

Як можна меркаваць паводле дадзеных з адкрытых крыніц, у Бучы за час акупацыі знаходзіліся прадстаўнікі некалькіх падразьдзяленьняў расейскай арміі.

Сярод іх у Бучы працяглы час знаходзіліся і пскоўскія дэсантнікі з 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі. Яна вядомая сваім удзелам у першай і другой чачэнскіх войнах, падчас якіх, сярод іншага, рабіла і так званыя «зачысткі» — напрыклад, «зачыстку» Гудэрмесу.

26 сакавіка Ўладзімір Золкін, украінскі журналіст і стваральнік тэлеграм-каналу «Шукай сваіх», апублікаваў відэа размовы з палонным расейскім салдатам з 76-й дывізіі ПДВ Цімафеем Бабовым. Бабоў, у прыватнасьці, расказаў, як яго з таварышамі 24 лютага закінулі на тэрыторыю Ўкраіны і адправілі на «зачыстку Гастомеля або Бучы». Там, па словах Бабова, яму даручылі ўзломваць ломам кватэры ў жылым шматпавярховым доме і адводзіць людзей, якія знаходзіліся ўнутры, у падвал. Ягоныя словы пацьвярджаюць і фота з узламанымі кватэрамі, якія апублікавалі брытанскія журналісты.

Пабывалі ў Бучы і вядомыя сваім удзелам у вайне 2014 году ў Данбасе «бурацкія танкісты». Так, яфрэйтар Павел Лук’янаў, мэханік-кіроўца 5-й асобнай гвардзейскай Тацынскай танкавай брыгады ва Ўлан-Удэ, загінуў у Бучы 13 сакавіка, як вынікае са сьпісу загінулых вайскоўцаў з Бураціі і Іркуцкай вобласьці на сайце «Люди Байкала». Пра тое, што людзей у Бучы расстрэльвалі людзі «з бурацкім акцэнтам», расказаў тэлеканалу Belsat і адзін зь непасрэдных сьведак такіх забойстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG