Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек, які чытаў беларускую літаратуру пра вайну, ніколі ня скажа «Можам паўтарыць», — Андрэй Хадановіч


Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч разважае, як беларуская ваенная літаратура паўплывала на генэтычны код нацыі; заяўляе, што аглушальная параза Расеі ў гэтай вайне можа стаць для яе адзіным шанцам, і раіць, як адказваць на папрокі ўкраінцаў у адрас беларусаў.

Сьцісла:

  • Быкаў, Адамовіч, Брыль ды іншыя паказвалі вайну як нешта максымальна супрацьлеглае чалавечай прыродзе.
  • Беларусы ня маюць у сабе імпэрскай сьвядомасьці, жаданьня «звышзадачы», «гістарычнай місіі».
  • Нават нянавісьць, якую мы можам прыняць і апраўдаць, узьнікае толькі зь любові.
  • Вайна для мяне — гэта шок і ўдар. Абсалютна ня пішацца, нават нармальна дыхаць немагчыма.
  • Што б ні казалі ўкраінцы беларусам — галоўнае, каб яны перамаглі.

— Мы чыталі нашу вялікую беларускую ваенную літаратуру — Быкава, Адамовіча, Брыля, — але ня думалі, што вайна можа стаць рэальнасьцю для нашага пакаленьня. Ці стане цяперашняя ўкраінска-расейская вайна важнай тэмай для беларускіх творцаў? Ці яна застанецца «ўбаку», бо (прынамсі, пакуль) вайна не адбываецца на беларускай тэрыторыі?

— Варта сказаць нашым клясыкам шчыры «дзякуй» за тое, як яны пісалі пра вайну. На фоне таго, як гэта рабілася ў іншых культурах, дзе паказвалі вайну велічна, эпічна, з гераізмам, дзе героі зьдзяйсьняюць подзьвігі, Быкаў, Адамовіч, Брыль ды іншыя паказваюць вайну як нешта максымальна супрацьлеглае чалавечай прыродзе. Як катастрофу, нешта алягічнае. Прайшоўшы праз гэты пласт беларускай літаратуры, чалавек ніколі ня скажа «Можам паўтарыць», ён скажа: «Ніколі зноў».

Калі гаварыць, ці засталіся мы ўбаку, то варта ўспомніць, што чужых войнаў не бывае. Клясык ангельскай літаратуры Джон Дон, цытаваны Хэмінгуэем, казаў, што мы ня востраў, а частка кантынэнту. І таму «Не пытайся, па кім звоніць звон, ён звоніць заўсёды па табе».

І ў сваіх сацыяльных сетках маю, відаць, кожнага трэцяга ці кожнага чацьвёртага сябра — украінца. І мы ўжывую бачым здымкі вайны, гэта ўсё вельмі блізка. Шмат беларусаў пасьля 2020 году зьехалі ва Ўкраіну, і некаторыя зь іх ужо сёньня ваююць за Ўкраіну, супраць акупантаў.

І,нарэшце, мы ня можам цалкам гаварыць, што вайна не адбываецца на нашай тэрыторыі, бо менавіта зь беларускай зямлі акупанты наносяць па Ўкраіне ракетныя ўдары. Гэтая вайна паказала тое, на што даўно было варта зьвярнуць увагу — што беларусы самі фактычна апынуліся пад акупацыяй. Рэжым у Беларусі гадамі ваяваў з уласным народам, цяпер паказаў сваю несамастойнасьць і марыянэткавасьць.

—Тое, што беларусы чыталі беларускіх клясыкаў пра вайну, хаця б у школе, ці гэта і стала адной з прычынаў беларускага нежаданьня ваяваць? Тыя самыя славутыя ўжо 3 працэнты, якія за вайну. Нават у ябацек, нават у прыхільнікаў Расеі няма прыхільнасьці да вайны. Гэта такі беларускі генэтычны код? Ці яго сфармавала гісторыя, ці можа і наша культура тут далучылася да гэтага? Няўжо панаваньне расейскага тэлевізара ня выбіла гэты код зь беларусаў?

— Я думаю, што ў чымсьці самым галоўным беларусы радыкальна адрозьніваюцца ад расейцаў. Пры ўсёй прысутнасьці расейскіх СМІ, пры сеяньні імі нянавісьці беларусы ня маюць у сабе імпэрскай сьвядомасьці, пастаноўкі «звышзадачы», «гістарычнай місіі». Беларусы не глядзяць на суседзяў зьверху, паблажліва, не навязваюць камусьці сваю адзіна магчымую рацыю.

Беларусы (можа, прафэсійныя гісторыкі мяне паправяць, але наўрад ці) ні на кога не нападалі, але самі станавіліся ахвярамі на скрыжаваньняў эўрапейскіх дарогаў. Беларусы ня маюць у сабе ніякай маніі велічы. Найлепшыя, самыя гераічныя паўставалі і гінулі ў гэтых паўстаньнях. Гэта ўсё зрабіла нас больш спакойнымі, больш інтравэртнымі — натуральна, гэта можа быць як са знакам плюс, так і са знакам мінус.

Беларуса цяжэй раскруціць на нейкі пагром, агрэсію. Але калі зусім прыперці да сьценкі, то ён можа стаць адчайным. У Васіля Быкава ў позьняй творчасьці ёсьць прыпавесьць «Насарогі ідуць». Маленькая племя, якое трапляе пад прыгнёт суседняга племяні. Героі спрабуюць чымсьці адкупіцца. Правадыр аддае сястру, потым каханую жонку. І толькі калі героі разумеюць, што ніхто не ўратуе ад зьнішчэньня, яны паўстаюць і нечакана перамагаюць больш магутнага ворага. Вось я ня ведаю, што можа нас прыціснуць да сьценкі, каб мы паводзіліся так, як цяпер украінцы.

— Пасьля 2020 году беларусаў усе любілі як нацыю, якая прадэманстравала сваё імкненьне да свабоды, хаця і не дабілася яе. Але расейская вайна, якая вядзецца і з тэрыторыі Беларусі, на жаль, імгненна перабіла гэты імідж (як памятаем, запамінаецца апошняе). І цяпер нам даводзіцца цяжка і напружана даказваць, што беларусы — гэта не рэжым, што мы ўвогуле пад акупацыяй, што мы на 97 працэнтаў супраць вайны і гэтак далей. Ці ўдасца гэта даказаць? Што тут могуць зрабіць людзі мастацтва? Ці вам удаецца даказваць гэта ў кантактах з вашымі ўкраінскімі сябрамі?

— З рознымі людзьмі вельмі па-рознаму. Мне цалкам зразумелыя крыўды і абразы, якімі кідаюцца ўкраінцы. Мы маем заданьне на доўгі час — расхлёбваць гэтую кашу. Пакуль ва ўкраінцаў больш важныя справы, чым слухаць нашыя апраўданьні альбо контрапапрокі.

Што б ні казалі цяпер украінцы беларусам, галоўнае, каб яны перамаглі. У мірны час нам будзе пра што дыскутаваць. Цяпер нашая задача — тлумачыць, што беларусы як нацыя маюць вельмі ўскоснае дачыненьне да рэжыму Лукашэнкі. Аднак гэта не здымае з нас адказнасьці, у сэнсе неабходнасьці зрабіць усё, што ў нашых сілах, каб дапамагаць украінцам. Шмат хто зь беларусаў змагаецца ва Ўкраіне, мы бачым на тэрыторыі Беларусі «рэйкавую вайну», тысячы беларусаў удзельнічаюць у валянтэрскім руху ў Польшчы ды іншых краінах. Такія справы дапамагаюць украінцам зразумець, хто ёсьць сябрам, а хто ворагам.

— Існуе банальная фраза, што падчас вайны музы маўчаць. Але выглядае, што якраз цяпер маўчаць нельга, і творчыя людзі прамаўляюць вельмі гучна. Што могуць зрабіць людзі культуры (нават поп-культуры), каб спыніць вайну? Ці слухае іх хто-небудзь у сучасным сьвеце?

— Вядома, літаратура і культура ў наш час ня мае той цэнтральнай ролі валадароў думак. Шмат у каго ад нечаканасьці і шоку заняло дыханьне, яны анямелі, ня могуць прыйсьці ў сябе. Але многія не маўчаць — паэты, перакладчыкі. Яны шчыра перадаюць самыя важныя цяпер думкі і эмоцыі. Час пакажа, што з гэтага застанецца ў гісторыі. Але гэта не маўчаньне. Гэта шматгалосы хор.

І многія аўтары пішуць у Беларусі, нягледзячы на тое, што частка з нас застаецца ва ўнутранай акупацыі. Паэты, нават тыя, хто насуперак усяму засталіся ў Беларусі, знаходзяць патрэбныя словы і ствараюць новыя сэнсы.

— Сёньня шмат кажуць, што трэба адварочвацца ня толькі ад расейскай дзяржавы і палітыкі, але і ад расейскай культуры. «Расейская культура разносіць яд дзяржаўнасьці», — гаворыць, напрыклад, расейскі публіцыст Аляксандар Няўзораў, які зьбірае мільённую аўдыторыю. Дзеячы культуры, асабліва на Захадзе, так рэзка не выказваюцца, яны часьцей гавораць пра тое, што трэба аддзяляць культуру ад палітыкі. Але, можа, і культура нясе частку сваёй віны?

— Натуральна, што гэта пачалося ня сёньня і не пры Пуціну. У Другой сусьветнай вайне прайграў нацызм, але сярод пераможцаў апынуўся і сталінізм, які гэтую перамогу выкарыстаў на сваю карысьць. Немцы і японцы са сваёй паразы зрабілі ўрокі, пакаяліся перад іншымі. А Расеі на дзяржаўным узроўні ніхто так і не пакаяўся за злачынствы сталінізму, за масавыя рэпрэсіі.

Расейская культура, асабліва на ўзроўні масавай культуры, паказвае вайну як штосьці урачыстае і прывабнае, тое, што «можна паўтарыць», прыніжае іншыя нацыі, яна прызвычайвае чалавека да таго, што вайна магчымая. Але разам з тым, сапраўдныя расейскія творцы выступаюць супраць вайны — але ім не пазайздросьціш, бо яны ў безумоўнай меншасьціі. Але ў цэлым тое, што адбываецца з расейскай культурай, — гэта катастрофа.

Калі працягваць гістарычныя аналёгіі, адзіны шанец для Расеі — аглушальная параза ў гэтай вайне. Так мо яе грамадзяне задумаюцца, што пайшло ня так, і зробяць для сябе горкія высновы.

Зусім добра — і для іх саміх, і для суседзяў — ім было б жыць у шэрагу маленькіх дзяржаваў на месцы пераможанай імпэрыі. Лепшых гарантыяў бясьпекі ані для Ўкраіны, ані для нашай Беларусі, ані для ўсяго сьвету ня будзе.

— Падчас вайны што важней — любоў альбо нянавісьць? Калі агрэсар робіць злачынствы супраць чалавечнасьці, зьнішчае мірныя гарады — ці трэба стрымліваць свае пачуцьці? Ці любоў зноў перамагае сьмерць?

— Безумоўна, галоўнае — гэта любоў, яна дае сэнс усяму, а ўсе астатняе — толькі вытворнае ад яе. Нават нянавісьць, якую мы можам прыняць і апраўдаць, узьнікае толькі з любові — калі нехта зьнішчае тое, што нам дарагое.

Інакш, нянавісьць безь любові — гэта той Мордар, які мы назіраем на Ўсходзе ад нас. І тут я працытую ўкраінскага аўтара Сяргея Жадана, якога я люблю і паважаю і якога нядаўна вылучылі на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры, які кожны дзень піша з няскоранага Харкава. Ён напісаў: «Мова зьнікае, калі на ёй не гаворыцца пра любоў».

— А вам пішацца падчас вайны? Вайна прыбівае, хочацца схавацца і не дзяліцца сваімі пачуцьцямі? Ці наадварот, хочацца іх зафіксаваць, бо яны ўнікальныя і наўрад ці потым паўторацца?

— Для мяне гэта шок і ўдар, абсалютна ня пішацца, нават нармальна дыхаць немагчыма. Але я яшчэ і перакладчык і цяпер даволі актыўна пераствараю, перакладаю на беларускую мову творы ўкраінскіх аўтараў. Стараюся рабіць гэта штодня. І я тут не самотны, шэраг маіх калегаў, паэтаў і перакладчыкаў, робіць тое самае. Чытачам Свабоды магу параіць інтэрнэт-часопіс сучаснай паэзіі «Таўбін», дзе рэгулярна зьяўляюцца новыя пераклады сучасных украінскіх аўтараў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG